Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Организация и проведение занятий по изучению тракторов и сельскохозяйственных машин в старших классах



Задачи, содержание и организация учебного процесса по изучению тракторов и сельскохозяйственных машин. Учебно-материальная база. Особенности методики проведения занятий.

Працоўная падрыхтоўка сельскiх старшакласнiкаў праводзiцца па канкрэтных профiлях (прафесiях) аграпрамысловага накiрунку як непасрэдна ў школах, так і ў мiжшкольных ВВК. Пераважнымi профiлямi ў навучаннi з’яўляюцца тэхнiчныя, механiзатарскiя: трактарыст-машынiст, механiзатар-жывёлавод (з уменнем выконваць работу электрыка), слесар па рамонту трактароў, аўтамабіляў і сельгасмашын (слесар-рамонтнік), вадзiцель аўтамабiля, швачка-матарыстка. Больш рэдкiя профiлi — кiнамеханiк, майстар-агароднiнавод, кулiнар, клубны работнiк, выхавацель дзiцячага садка, сакратар-машынiстка і iнш.

Як і ў гарадскіх ВВК, тэарэтычныя заняткi праводзяцца ў форме двухгадзiннага ўрока з яго асноўнымi этапамi: арганізацыйная частка, паўтарэнне пройдзенага матэрыялу, выкладанне новай тэмы, паглыбленне і асэнсаванне вывучаемага матэрыялу, засваенне і сiстэматызацыя новых ведаў, падвядзенне вынiкаў.

На тэарэтычных уроках старшакласнiкi вучацца планаваць сваю дзейнасць, што неўзабаве мае адбыцца, арганiзоўваць сваю працу ў камбiнаце, развiваць тэхнічнае мысленне. Яны авалодваюць графiчнымi, вымяральнымi, вылiчальнымi і iншымi аперацыямi, што звязаны з профілем навучання.

Практычныя заняткi маюць чатырохгадзінную працягласць, праводзяцца яны ў кабiнетах (цэхах) мантажна-дэмантажных работ, майстэрнях па рамонту трактара (аўтамабiля), на станцыях дыягнастычнага абслугоўвання тэхнiкi, у швейных, сталярных, слясарных майстэрнях, на жывёлаводчых фермах і комплексах. Пад час гэтых заняткаў старшакласнiкi навучаюцца мантажным, зборачным, наладачным, рэгулявальным і iншым тэхналагiчным аперацыям, што звязаны з профiльнай працоўнай падрыхтоўкай. Усе дзеяннi вучняў абапiраюцца на атрыманыя iмi тэарэтычныя веды. Выкладчыкi і майстры вытворчага навучання павiнны арганiзоўваць заняткi так, каб максiмальна пазбягаць манатоннасцi і аднастайнасцi ў рабоце, развiваць і заахвочваць самастойнасць і творчасць вучняў, накіроўваць іх намаганні на пошук рацыянальных шляхоў выканання вучэбна-тэхналагiчных заданняў.

Асноўны профiль навучання сельскага старшакласнiка — трактарны. Тут вывучаюцца дысцыплiны: "Трактары", "Сельскагаспадарчыя машыны і тэхналогiя трактарных работ", «Асновы агратэхнiкi палявых культур». Выкладчыкi і майстры вытворчага навучання не толькi навучаюць школьнiкаў зместу гэтых дысцыплiн, вучаць кiраваць трактарам і кампанаваць трактарныя агрэгаты, але і шырока выкарыстоўваюць разнастайныя формы і метады "увядзення" вучняў у сферу дзейнасцi людзей гэтай прафесіі. Сярод iх:

- азнаямленне вучняў з умовамi працы трактарыста і аплаты яе, магчымасцямi і перспектывамi прафесiянальнага росту;

- фармiраванне, падтрымка і актывiзацыя пазнавальнага iнтарэсу школьнiкаў да прафесіі трактарыста-машынiста;

- паглыбленае азнаямленне з асноўным профiлем навучання;

- сiстэматычная арыентацыя на сумежныя прафесіі ў адпаведнасцi з логiкай матэрыялу, што вывучаецца;

- пастаноўка вучняў перад неабходнасцю рашэння задач, што звязаны з аналiзам і выбарам працоўнай дзейнасцi па прафесіі трактарыста-машынiста.

У вучэбным працэсе мэтазгодна шырока і даступна для вучняў выкарыстоўваць прафесiяграму трактарыста-машынiста, бо ў многiх школьнiкаў часам складваецца спрошчанае ўяўленне аб рабоце, перспектывах прафесiянальнага росту, сiстэме аплаты, якасцях асобы людзей гэтай прафесіі.

Прыкладны накiрунак прафесiянальна-тэхналагiчнага навучання і выхавання вучняў (паводле выкарыстання прафесiяграмы) можа быць наступным.

1. Пры вывучэннi тэмы "Уводзiны" матэрыялам для гутаркi служаць звесткi пра ролю трактара і трактарыста ў аграпрамысловым комплексе. Трактар — асноўная машына сельскагаспадарчай вытворчасцi. Ён значна аблегчыў працу рабочых аграпрама, вызвалiў чалавека ад малавытваральных і працаёмкiх працэсаў, таму трактарыст-машыніст — галоўная фiгура на сяле. Прыцягальнасць гэтай прафесіі ў пастаянных зносiнах з сучаснай машыннай тэхнiкай, прыродай, магчымасцю "перасесцi" на другую "тэхнiку", бо прынцыпы будовы і работы трактара маюць шмат агульнага з аўтамабiлем, цягачом, самаходным камбайнам, дарожнымi машынамi.

2. У тэме "Класіфікацыя і агульная будова трактароў" мэтазгодна даць вучням кароткiя звесткi з гiсторыi сельскагаспадарчага машынабудавання. Першы ў свеце гусенiчны трактар быў створаны рускiм механiкам Ф.А.Блiновым у 1879 годзе, а першы колавы — яго вучнем Я.В.Мамiным у 1910 годзе. Серыйная вытворчасць трактароў пачалася ў былым Савецкiм Саюзе з 1923 года на Ленiнградскiм заводзе "Чырвоны пуцiлавец" па амерыканскай лiцэнзii. Яны называлiся "Фардзон-Пуцiлавец". Цяпер гэты завод выпускае трактары-гiганты К-700 i К-701, якiя развiваюць цягу на круку да 6 тон, што можа замянiць запрэжку коней даўжынёй у 500 м.

У 1930-1933 гг. сыйшлi з канвеера трактары ў Сталiнградзе, Харкаве, Чалябiнску, а ў 1944-1945 гг. былi пушчаны Алтайскi, Уладзiмiрскi, Мiнскi трактарныя заводы.

Першы ў свеце прамысловы выпуск плугоў быў наладжаны ў 1763 годзе англiйскiм майстрам Джэймсам Смолетам. Першую сеялку сканструяваў англiйскi механiк Джэкаб Кук у 1782 годзе, а ў 1845 годзе нямецкi селянiн-вынаходнiк Рудольф Сакк стварыў дыскавую сеялку. Ён жа з 1870 года пачаў выпускаць плугi ўласнай канструкцыi ў майстэрнi паблiзу Лейпцыга, якая з цягам часу стала буйнейшым заводам.

Выпуск новай сучаснай аграпрамысловай тэхнiкi (у тым лiку мотаблокаў і добра вядомых ва ўсiм свеце трактароў "Беларусь"), да якой мае дачыненне і наша краiна, узрастанне культуры і ўскладненне тэхналогіі земляробства павышаюць патрабаваннi да ведаў і майстэрства трактарыста — прафесіі сапраўды масавай, полiтэхнiчнай, паважаемай на сяле.

3. Перад пачаткам навучання кiраванню трактарам (язда з iнструктарам) варта пазнаёміць вучняў з патрабаваннямi да прафесіі трактарыста-машынiста. Людзi гэтай прафесіі павiнны мець добрую наглядна-аглядную, а таксама зрокавую, слыхавую і рухальную памяць. На асаблiвасць рухальных навыкаў трактарыста накладвае адбiтак разнастайнае размяшчэнне сельскагаспадарчых прылад: ззаду, збоку, спераду трактара, што абцяжарвае сачэнне за iх работай, ускладняе зваротную сувязь і кiраванне ўсiм агрэгатам (ад лацiнскага "агрэгатус"— далучэнне). Важным для трактарыста з’яўляецца прафесiйны слых, якi ўключае ў сябе здольнасць успрымаць мiнiмальныя гукавыя ваганнi, адрознiваць блiзкiя па тоне і гучнасцi гукi.

4. У тэме "Асновы кiравання трактарам" мэтазгодна звярнуць увагу вучняў на тую частку прафесiяграмы, дзе размова iдзе пра апiсанне тэхналагiчнага працэсу. Трактарыст павiнен валодаць накiраванай і сканцэнтраванай увагай і ў той жа час размяркоўваць яе памiж правiльнасцю руху трактара, дакладнасцю работы навясных (прычапных) прылад і работай рухавiка. Пад час ажыццяўлення тэхналогii трактарных работ (ворыва, культывацыі, сяўбы і iнш.) можа быць дапушчаны брак: ад нераўнамернай устаноўкi рабочых органаў, неадпаведнасцi гэтых органаў тыпу глебы, няправiльна выбранай скорасцi руху і iнш.

Трактарыст-машынiст пры выкананнi тэхналагiчных работ павiнен улiчваць і выконваць шэраг экалагiчных фактараў і патрабаванняў:

- колькасць агрэгатаў кампанаваць паводле механiчнага складу глебы (глiна, пясок, супесь, суглiнак);

- пазбягаць язды на цяжкiх трактарах па палях, каб не вытоптваць iх;

- не псаваць магутнай тэхнiкай прыдарожныя і полеахоўныя пасадкi;

- прымяняць мінеральныя ўгнаеннi і сродкi аховы раслiн у межах устаноўленых нарматываў, каб не забруджваць навакольнае асяроддзе.

У праграме працоўнай падрыхтоўкi сельскiх старшакласнікаў па трактарнаму профiлю закладзены добрыя магчымасцi прафарыентацыі вучняў на сумежныя прафесіі. Гэтую работу варта праводзіць у цеснай сувязi з выкладаннем у групах аўтамабiльнага профiлю, бо будова трактара і аўтамабiля мае шмат падабенства.

Кароткiя звесткі аб сумежных прафесiях добра ўвязваюцца з рашэннем асноўных дыдактычных задач на тэарэтычных і практычных занятках. Яны выклiкаюць дадатковыя пытанні, ажыўляюць урок, пашыраюць яго прафарыентацыйныя межы і ў цэлым павышаюць выхаваўчы патэнцыял.

У прафесiяграме і працоўнай дзейнасці трактарыста-машынiста даволi яскрава вылучаюцца дзве групы асноўных функцый: аператарскiя (кіравальныя) і тэхналагiчныя (агранамiчныя).

На падставе шматлiкiх анкетаванняў у перадвыпускных і выпускных класах старшакласнiкаў дакладна ўстаноўлена, што большасць вучняў на першае месца вылучаюць уменне кiраваць трактарам (46% перадвыпускнiкоў і 35% — выпускнiкоў). На другiм месцы ў iх уяўленні — тэхнiчны догляд трактара (адпаведна 30% і 35%), на трэцім — гукавы і слыхавы кантроль за работай рухавiка (20% і 31%). Уменню рэгуляваць прычапныя трактарныя агрэгаты (плугі, сеялкі, бароны, культыватары) і сачыць за iх работай вучні адводзяць чацвёртае і пятае месцы, а шостае — дастаецца ведам па асновах агратэхнiкi палявых культур (адпаведна 37% i 41%).

Такая тэндэнцыя займае даволі ўстойлiвае месца сярод сельскiх старшакласнікаў. Iх вабiць звычайна тэхнiчны інтарэс, iмкненне да самастойнасці ў кіраванні трактарам, да догляду яго, рэгулявання рухавіка. Дарэчы, паводле аднаго з варыянтаў падобных кругавых анкет было ўстаноўлена, што значная частка вучняў (30%і23%) ставяць на першае месца грамадска значны матыў: пачынаюць адказваць з пытання "Цi можна, валодаючы гэтай прафесiяй, прынесці прыкметную карысць?" (сцвярджальны адказ даюць адпаведна 98% і 100%). Што ж галоўнае бачаць старшакласнiкi ў прафесіі трактарыста? Гэта, на iх погляд, веданне будовы трактара (26% i 37%), любоў да прафесii (25% і 16%), уменне кiраваць трактарам (17% і 15%).

Адна з галоўных метадычных задач выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па трактарнаму профiлю — фармiраванне ў школьнікаў тэхнолага-экалагiчнага мыслення, падвядзенне iх усiм ходам вучэбна-выхаваўчага працэсу да высновы, што самае галоўнае ў прафесіі механізатара — вырошчваць хлеб. А для гэтага трэба ведаць і трактар (як і ўмець iм кiраваць), і агратэхнiку ў розных экалагiчных умовах, і правiлы кампанавання прычапных агрэгатаў, і шмат iншага.

Пры навучанні старшакласнікаў па профiлю "механізатар-жывёлавод". настаўнiк мае шырокую магчымасць прымяняць т ворчыя задачы тэхналагiчнага зместу.

З дыдактычнага пункту гледжання такiя задачы можна аб’яднаць ў пяць груп: 1.Па замацаванню тэарэтычнага матэрыялу. 2.Па фармiраванню практычных навыкаў непасрэдна на ўроку. 3.Для заняткаў непасрэдна на ферме цi пад час летняй практыкі. 4.Для кантрольных пытанняў і заданняў пры правядзенні пiсьмовых работ. 5.Для развiцця даследчых і аналiтычных здольнасцей вучняў.

Профiльная працоўная падрыхтоўка сельскіх старшакласнiкаў непазбежна звязана з iх эканамiчным выхаваннем (ад грэчаскага "ойканома"— кiраванне гаспадаркай). Паўнацэнную падрыхтоўку школьнiкаў да ўваходжання iх у сферу механiзатарскай дзейнасці, гаспадарання на зямлі немагчыма ажыццявiць без прывiцця iм пэўнай сумы эканамічных ведаў і навыкаў па беражліваму, ашчаднаму выкарыстанню тэхнiкi, рэсурсаў, матэрыялаў, зямельных багаццяў.

Магчымасці эканамічнага выхавання школьнiкаў пры працоўнай падрыхтоўцы ў механiзатарскiх групах аб’ектыўна закладзены ў праграмы ўсiх спецыяльных дысцыплiн. Настаўнiк павiнен рэальна ўлiчыць іх і скарыстаць у вучэбнай рабоце, прафесiянальнай арыентацыі.

У курсе "Трактары" выхаваўчая работа эканамiчнага накiрунку праводзiцца пераважна на ўроках тэарэтычнага навучання. Пры вывучэнні тэмы "Класiфiкацыя і агульная будова трактароў" настаўнiк мае магчымасць даць звесткі пра тэрмiны службы машын, iх асноўных вузлоў і механiзмаў, на канкрэтных прыкладах падкрэслiць эканамічную эфектыўнасць даўгачаснай работы трактара.

У тэме "Сiстэма сілкавання і рэгуліроўка палiўнай помпы рухавіка" звяртаецца ўвага на правiльнасць рэгуліроўкі палiўнай сiстэмы. Менавіта ад яе залежыць знiжэнне страт палiва, яго эканомнае расходванне, што вядзе да павышэння тэрмiну службы рухавiка ў цэлым і галоўнейшых яго вузлоў.

Па тэме "Сiстэма ахаладжэння" размова ў гэтым накiрунку набывае свой працяг. Тэмпературны рэжым рухавiка аказвае ўплыў на расход палiва, на энергетычныя характарыстыкі трактара і, як вынiк, — на яго даўгавечнасць. Парушэнне цеплавога рэжыму работы рухавiка суправаджаецца стратай магутнасці і павелiчэннем расходу палiва. Так, пры знiжэннi тэмпературы ахаладжэння на 20°С ад аптымальнай расход палiва павялiчваецца на 30%, адначасова ўзрастае расход маторнага масла з-за яго выгарання, пры гэтым пагаршаецца яго змазачная якасць.

У гэтым жа накiрунку працягваецца размова пры вывучэнні тэмы "Сiстэма змазкі рухавіка", дзе звяртаецца таксама ўвага на значэнне чысцiнi маслаў, строгую адпаведнасць яе дзеючым стандартам. Выкарыстанне якасных маслаў дазваляе падтрымлiваць магутнасць рухавiка на аптымальным узроўні, эканомiць матэрыяльныя рэсурсы.

Вынік усiм эканамiчным аспектам работы трактарыста-машынiста настаўнiк падводзiць у заключнай тэме "Тэхнiчнае абслугоўванне трактароў", Ён пералiчвае ўсе паказчыкі, паводле якiх робiцца агульны вывад аб эканамiчнай эфектыўнасці машынна-трактарнага парку ўсяго аграпрамысловага прадпрыемства.

Пераканаўчы матэрыял эканамiчнага характару настаўнік мае магчымасць выкарыстаць у працэсе выкладання курса "Асновы агратэхнiкi палявых культур", пачынаючы ад вывучэння глебы, яе ўрадлiвасцi, апрацоўкі і заканчваючы севазваротамі, тэхналогiямi вырошчвання збожжавых, зернебабовых, тэхнiчных культур.

Сiстэма эканамiчнай падрыхтоўкі вучняў трактарнага профiлю забяспечваецца праз:

- навучанне школьнiкаў рабiць эканамiчную ацэнку зямлi;

- азнаямленне з эканамiчнай эфектыўнасцю ворнай плошчы;

- інфармацыю аб эканамiчных вартасцях звёнаў севазваротаў;

- давядзенне да іх ведама сутнасці такіх эканамiчных катэгорый, як сабекошт прадукцыі, рэнтабельнасць вытворчасці, гаспадарчы разлiк, прадукцыйнасць працы і інш.

Найбольш тыповыя прыклады эканамічнага выхавання — рашэнне задач па эканамічнай ацэнцы ворнай Зямлi. Гэта можна зрабiць на прыкладзе сярэднегадовага кошту валавай прадукцыі, атрыманай з 1 га сельгасугоддзяў за 5 гадоў. Дапусцiм, яна была роўная 3 млн. рублёў, а чысты даход з 1 га склаў 1 млн. руб. Сярэднегадавыя вытворчыя фонды на 1 га склалі 2 млн. 900 тыс. руб. Пры аплаце фондаў па нарматыву (8%) у год у памеры 232000 руб. астатак чыстага даходу складзе: 1 млн. - 232 тыс. = 768 тыс. руб. Адсюль ацэнка 1 га ворнай Зямлi ў грашовым выражэнні будзе: 768 тыс. руб: 0,08 = 9,6 тыс. руб.

Настаўнік тлумачыць, што эканамічная эфектыўнасць Зямлi характарызуецца выхадам прадукцыі з адзінкi зямельнай плошчы і памерамі затрат працы і сродкаў у разліку на 100 га. Матэрыялы для разлікаў бяруцца паводле гадавых справаздач гаспадаркі.

Выснова аб эканамiчнай эфектыўнасці Зямлi робіцца паводле такiх паказчыкаў, як:

- сума, на якую атрымана прадукцыя ў супаставімых цэнах;

- сума, на якую атрымана таварная прадукцыя ў цэнах рэалізацыi;

- чысты грашовы прыбытак.

Такое канкрэтнае, прадметнае вывучэнне агратэхнікі вырошчвання палявых культур змушае вучняў па-новаму зірнуць на работу не толъкі трактарыста-машыніста, але і іншых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Міжволі прыходзіць разуменне таго, што галоўнае ў сельскагаспадарчай вытворчасці (тэхналогіі) — гэта як можна больш па колькасці і з найменшымі затратамі атрымаць прадукцыі з адзiнкі плошчы ворнай зямлi, якую апрацоўвае механізатар. Зразумела, што для дасягнення такога ўзроўню работы ён павінен мець высокую кваліфікацыю.

Навучальна-выхаваўчы працэс настаўнік развівае далей, знаёмячы старшакласнікаў з нарміраваннем, улікам і аплатай працы механізатара сельскай гаспадаркі, формамі аплаты (здзельнай, пагадзіннай, прэміяльнай, акордна-прэміяльнай). Так паступова фарміруецца ў кожнага вучня пачуццё грамадзянiна-працаўніка на Зямлi.


Литература





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 666 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...