Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст



Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусістаў з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ХІХ ст. (ля вытокаў гэтага прагрэсіўнага працэсу стаялі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каліноўскі, У. Сыракомля, Ядвігін Ш., А. Гурыновіч ііншыя прагрэсіўныя пісьменнікі). Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча ( зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з’яўляюцца вершы Я Лучыны. У 1906 г. выдаюцца газеты «Наша Доля», пасля – «Наша Ніва». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы. Нагадаем,што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова. (Аднак сам працэс развіцця сучаснай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе. Па сутнасці, яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларуская мова была неўнармаванай, развівалася ў асноўным у жанры мастацкай літаратуры).

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай, г. зн. на ёй працавалі ўрад і іншыя грамадскія ўстановы. Распачаўся працэс беларусізацыі. Да беларускага пісьмовага слова далучыліся мільёны людзей. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў, сярод іх А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, М. Чарот, А. Дудар.К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва і інш. (Вялікі парадокс 60-70 гадоў у тым, што ў той час, як у нас скарачалася колькасць чытачоў беларускай літаратуры, яна выйшла на сусветную арэну. Гэта быў плён нацыянальна-культурнай палітыкі 20-х гадоў). Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі (у прыватнасці, слоўнікі вайсковай тэрміналогіі, прававой, батанічнай; дыялектныя слоўнікі, перакладныя і інш.). У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай (!), звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі. У 1918г. Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў «Беларускую граматыку для школ», якая дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. У «Граматыцы» ўпершыню былі прыведзены ў сістэму правілы напісання спрадвечна беларускіх слоў і асобна вызначаны нормы напісання слоў іншамоўнага паходжання. «Граматыка» Тарашкевіча на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове. (Дарэчы, беларуская дыяспара і сёння карыстаецца дадзенай арфаграфіяй, якая атрымала неафіцыйную назву «тарашкевіца»).





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 3808 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...