Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі



У 2-ой палове ХУІ ст. пасля аб’яднання Літвы з Польшчай на аснове Люблінскай уніі (1569 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы каталіцкага Рыма Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. Спачатку афіцыйна выкарыстоўваліся і польская, і беларуская мовы, але з цягам часу паступова ў якасці дзяржаўнай уводзіцца польская мова. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб забароне беларускай мовы ў дзяржаўных і судовых установах. У канцы ХУІІ ст. беларуская літаратурна-пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад. Па сутнасці, працягвае развівацца толькі народная гутарковая мова (дыялекты), якая сустракаецца ў шматлікіх помніках фальклору (казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, вершаваныя творы, жарты і г. д.), а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для характарыстыкі беларускіх персанажаў. Менавіта з гэтага часу ў галовы тутэйшага насельніцтва ўбівалася негатыўнае, зневажальнае стаўленне да ўсяго беларускага, у першую чаргу да беларускай мовы, якую сталі называць «мовай хамскай, мужыцкай, паганскай». Польская мова лічылася мовай вышэйшага гатунку, панскай, шляхетнай. На вялікі жаль, многія прадстаўнікі беларускай шляхты за пэўныя прывілеі выракаліся не толькі роднай мовы, але і свайго беларускага паходжання, больш таго – сваёй веры!

У канцы ХУІІІ ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1840 г. царскі ўрад (Мікалай І) забараняе ўжываць саму назву «Беларусь» (існавала назва «Северо - Западный край»). Афіцыйная перапіска і мастацкая літаратура на беларускай мове былі забаронены. У літаратурнай беларускай мове гэтага часу амаль не было грамадска-палітычнай і навуковай тэрміналогіі, не было строгай сістэмы граматычных, лексічных і арфаэпічных нормаў (гэтым тлумачыцца адсутнасць у беларускай літаратуры такога напрамку, як класіцызм, дзе творы павінны пісацца на добра апрацаванай мове, высокім стылем).

Сваёй роднай мовай беларускі народ карыстаўся толькі ў бытавой сферы. Польскія і рускія вучоныя не прызнавалі беларускую мову самастойнай, разглядалі яе як польскі або рускі дыялект; вялі спрэчкі наконт таго, кім з’яўляюцца тутэйшыя жыхары: рускімі ці палякамі.

У 1867 г. царскі ўрад забараніў друкаванне кніг на беларускай мове. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года. За ўсё ХІХ ст., па падліках даследчыкаў, выйшла не больш за 75 кніг. Пасля паўстання 1863 г. на працягу 30 гадоў на Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. А тыя, што выходзілі ў свет, друкаваліся за межамі Расійскай імперыі. Сярод нешматлікіх твораў, якія з’явіліся ў ХІХ ст., найбольш значнымі лічацца ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе»(аўтарства прыпісваецца В. Равінскаму) і «Энеіда навыварат».





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 1321 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...