Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

В) княствы-дзяржавы на Панямонні 1 страница



Разам з Полацкім і Тураўскім княствамі ў XII ст. актыўную ролю пачалі адыгрываць Гарадзенскае і Навагарадскае княствы.

Гарадзенскае княства, верагодна, зарадзілася у XI ст. Пад 1116 г. летапісы апавядаюць, што князь гарадзенскі Усевалад Давыдавіч узяў шлюб з дачкой Уладзіміра Манамаха Агафіяй. Тэты шлюб — сведчанне значнай ролі Гарадзенскага княства у палітычных адносінах Усходняй Еўропы. Княства да сярэдзіны XIII ст. праводзіла яўную пракіеўскую палітыку. Князь Усевалад у 1128 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк, пасля разам з кіеўскімі князямі у 1132 г. — на Літву. Яго сыны Барыс і Глеб у 1144 г. разам з кіеўлянамі ідуць на Галіцка-Валынскае княства, удзельнічаюць у барацьбе за Кіеў на баку Ізяслава Мсціславіча у 1150 і 1151 гг. Потым гарадзенскія князі у 1174 г. падтрымліваюць Андрэя Багалюбскага. Неаднойчы гарадзенскія дружыны разам з іншымі хадзілі паходамі на полаўцаў. Так, у 1183 г. Мсціслаў Усеваладавіч гарадзенскі разам з Яраславам Юр’евічам пінскім і Глебам Юр’евічам дубровенскім, іншымі князямі на чале са Святаславам Усеваладавічам кіеўскім разбілі палавецкага хана Канчака на р.Эрэлі. Пад тым жа годам летапіс паведамляе, што у Гародні быў пажар і згарэла ад маланкі каменная царква. Археолагам вядомы яшчэ дзве царквы гэтага часу ў Гародні, што сведчыць аб значнасці горада ў Беларускім Панямонні. Пачынаючы з 40-х гг. XIII ст. Гарадзенскае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.

Другім буйным беларускім княствам у Верхнім Панямонні было Навагарадскае княства. У 1235 г. упершыню прыгадваецца наваградскі князь Ізяслаў, а у 1252 г. тут адбываецца каранацыя князя Міндоўга. У наступным годзе у летапісе прыгадваецца “зямля Новагародская”, што сведчыць пра існаванне самастойнага княства. Гэта княства мела выгаднае геапалітычнае становішча і таму стала цэнтрам, вакол якога з цягам часу аб’ядноўваліся многія беларускія землі.

Характар эканамічнага жыцця беларускіх зямель ранне-сярэднявечнага часу ў асноўным вызначала сельская гаспадарка. Асноўныя прылады апрацоўкі глебы — шмат- і двухзубыя сохі. Такімі сохамі можна было толькі ўзрыхляць зямлю. Сохі з прыстасаваннем для адкідвання скібаў увайшлі ва ўжытак у больш позні час, прыблізна ў XIV—XV стст. Сеялі ўручную, баранавалі драўлянай бараной. Пры рабоце на агародах ужывалася матыка з жалезнай акоўкай, так званым "рыльцам", і драўляная лапатка з жалезнай рабочай часткай.

Найбольш распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі проса, жыта і пшаніца, а таксама авёс, ячмень. Збожжа жалі жалезнымі сярпамі. Зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі, ачышчалі пры дапамозе драўляных лапат і захоўвалі у свірнах. Зерне размолвалі на ручных каменных жорнах, а крупы абдзіралі ў драўляных ступах. Як сельскае, так і гарадское насельніцтва старажытнай Беларусі займалася агародніцтвам. Акрамя бабовых шырока былі распаўсюджаны агуркі, капуста, морква, рэпа і цыбуля. Трэба адзначыць, што бабы, знойдзеныя у пластах ХІ—XII стст. у Менску, з’яўляюцца самай ранняй знаходкай гэтай культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Старажытная Беларусь добра ведала садоўніцтва: развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў і інш.

Важнай галіной сельскай гаспадаркі старажытнабеларускіх паселішчаў з’яўлялася жывёлагадоўля. Яе развіццё мела вялікае значэнне для пашырэння на Беларусі папаравай сістэмы земляробства, пры якой у лясных раёнах глебы патрабавалі сістэматычнага ўгнойвання.

3 развіццём земляробства паляванне, рыбалоўства, борт-ніцтва страчвалі ранейшае значэнне і ўсё больш набывалі характар падсобных заняткаў. Нездарма у курганах IX—XII стст. слядоў палявання амаль не сустракаецца.

Рост прадукцыйных сіл у земляробстве суправаджаўся развіццём хатніх промыслаў і выдзяленнем рамяства. Многія сельскія рамеснікі, якія добра асвоілі адно якое-небудзь рамяство, выходзілі з сельскай абшчыны і сяліліся у такіх мясцінах, дзе быў большы попыт на іх вырабы. Так узнікалі гарады, у якіх канцэнтравалася рамеснае і гандлёвае насельніцтва, якое у той ці іншай ступені было адарвана ад земляробства і забяспечвала сваімі вырабамі ужо не асобную абшчыну, а больш шырокую тэрыторыю.

3 IX па XIV ст. пісьмовыя крыніцы называюць больш за 50 пасяленняў гарадскога тыпу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але археалагічныя матэрыялы сведчаць, што болыпасць з гэтых населеных пунктаў з’явілася задоўга да таго, як пра іх паведамілі летапісы.

Працэс узнікнення старажытных гарадоў складаны і разнастайны, аднак у аснове большасці беларускіх гарадоў былі княжацкія і феадальныя замкі. Так былі заснаваны Заслаўе (988), Браслаў (1065), Друцк (1078), Гародня (1127) і інш. 3 пачаткам феадальнай раздробленасці з’яўляюцца гарады-крэпасці паасобных княстваў. Такой крэпасцю быў Менскі замак — важнейшы фарпост Полацкай зямлі на яе паўднёвых рубяжах, пабудаваны у другой палове XI ст. у сутоцы Нямігі і Свіслачы (упершыню Менск упамінаецца у 1067 г.). Да XVI ст. меў ваеннае значэнне.

Гарады з’яўляліся не толькі цэнтрамі рамеснай вытворчасці (ужо у IX—X стст. у іх налічвалася звыш 40 спецыяльнасцяў: кавалі, збройнікі, ювеліры, бондары, ткачы, шаўцы і інш.), але і гандлю, як унутранага, так і знешняга. У XII—XIII стст., відаць, склаўся абмен на ўнутраным рынку у сувязі з аддзяленнем горада ад вёскі, што не магло не выклікаць абмену паміж імі. Але гэты працэс толькі пачынаўся, таму што, паводле летапісаў, значная частка гарадскіх жыхароў яшчэ "делала нивы своя", гэта значыць займалася земляробствам.

Развіваўся і знешні гандаль, а таксама гандаль паміж асобнымі землямі і княствамі. Напрыклад, у XII ст. у Ноўгарад сістэматычна прыязджалі полацкія купцы. Значным гандлёвым цэнтрам быў і старажытны Менск. Шлях па р.Свіслач, Бярэзіна і Днепр звязваў яго з Кіевам. 3 паўночнага захаду блізка да горада падыходзілі прытокі Віліі, якая упадала у Неман. Са шматлікімі гарадамі Менск злучалі сухапутныя дарогі. Невыпадкова тут у час раскопак пластоў XI—XIV стст. былі знойдзены ўпрыга-жэнні з бурштыну, што здабываўся на берагах Балтыкі, прасліцы з ружовага шыферу, вытворчасць якіх была сканцэнтравана у ваколіцах Оўруча на Валыні, а таксама розныя вырабы кіеўскіх майстроў: флаконы і кубкі, шкля-ныя бранзалеты, пярсцёнкі, абломкі царкоўнага звана, некаторыя прадметы ўзбраення і інш.

Купцы з беларускіх зямель падтрымлівалі шырокія гандлёвыя сувязі не толькі з суседнімі, але і з больш далёкімі краінамі. Праз Русь праходзіў, як вядома, вялікі водны шлях "з вараг у грэкі". Вядомы арабскі географ XI ст. Ібн Хордадбег пісаў: "Русы — купцы, — а яны са славянскіх плямён, прыбываюць з вельмі далёкіх абласцей Склаба (краіны славян) да Румскага мора, а таксама да Хазарскай сталіцы Іціль, да Багдада і тут прадаюць скуры бабра, чорнай лісіцы, а таксама мячы". На Русь прывозіліся дарагія самацветы, прадметы раскошы, перац, лаўровы ліст, фарбы і інш.

3 узнікненнем прыватнай уласнаці на зямлю на тэрыторыі Беларусі ўмацоўвалася і пашыралася феадальнае землеўладанне. Гэты працэс быў звязаны з захопамі пануючым класам абшчыннай зямлі. Сяляне-абшчыннікі (смерды) пазбаўляліся зямлі і ператвараліся ў залежных ад феадала людзей. 3 цягам часу феадальнае землеўладанне стала пануючай формай зямельнай уласнасці на Беларусі. Уласнікамі зямлі з’яўляліся князі, баяры, царква. 3 цягам часу феадальная ўласнасць на зямлю пашыралася: сёламі валодалі як князі, так і баяры і княжацкія дружыннікі, якія перасталі харчавацца "воюя другия страны", а пачалі збіраць "много имения" і абкладваць насельніцтва сваей зямлі цяжкімі "вирами" і "продажами", гэта значыць штрафамі. На працягу XI—XIII стст. на Беларусі развівалася не толькі свецкае, але і царкоўнае землеўладанне.

Сяляне-абшчыннікі траплялі у феадальную залежнасць рознымі шляхамі. Значная частка сялян бяднела ад уплаты цяжкіх княжацкіх данін, ад частых войнаў, у час якіх іх гаспадарка рабілася аб’ектам рабаўніцтва. Збяднялі сялян таксама судовыя штрафы і "кормы", якія яны павін-ны былі даваць прадстаўнікам вялікакняжацкай улады на месцах. Абрабаваныя сяляне-абшчыннікі, трапляючы у кабалу, трацілі свабоду і зямлю. У некаторых выпадках сяляне-абшчыннікі, ратуючыся ад штодзённага гвалту і ўціску з боку многіх феадалаў, самі вымушаны былі аддаваць сябе пад уладу аднаго з іх.

Сялянскі надзел і гаспадарка, якая на ім вялася, былі крыніцай для атрымання феадаламі і феадальнай дзяржавай прыбавачнага прадукту. На карысць дзяржавы сяляне плацілі перш за ўсё даніну — розныя футры (сабаліныя, гарнастаевыя, пясцовыя, куніцавыя, бабровыя), а таксама мёд, воск і іншыя прадукты лясной гаспадаркі. Даніна збіралася з насельніцтва шляхам перыядычнага аб’езду князем і яго дружынай падуладных яму зямель. Памеры даніны не былі вызначаны, што вяло да злоўжыванняў. Нечарговы ваяж Ігара да драўлян скончыўся для яго трагічна. У 945 г. яго забілі паўстаўшыя драўляне. У 984 г. радзімічы адмовіліся плаціць даніну кіеўскаму князю, але былі разбіты на р.Пяшчана каля Прапойска (сучасны Слаўгарад) ваяводам вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом, пасля чаго зноў былі вымушаны плаціць даніну.

Далейшае развіццё феадальных адносін павялічвала сацыяльную процілегласць паміж нізамі і пануючым класам, абвастрала супярэчнасці ўнутры тагачаснага грамадства. "Руская праўда", напрыклад, у старажытнай сваей частцы вызначала штраф (віру) за забойства "огнищанина" і "княжа тивуна" у 80 грыўнаў, а за забойства смерда, радовіча і халопа — 5 грыўнаў. Штрафы за забойства феадала былі, такім чынам, у 16 разоў большыя, чым за забойства простата селяніна.


10. З’яўленне хрысціянства і культура 9-13 ст.

Хрысціянства ўзнікла ў І ст. у Палесціне як рэлігія прыгнечаных, аднак у ІV ст. яна стала афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Рымскай імперыі. Падзел імперыі на Усходнюю і Заходнюю адэкватна адбіўся на хрысціянстве. Усходняя - праваслаўная - царква падпарадкавалася візантыйскаму імператару.

Заходняя каталіцкая царква пасля падзення Рыма ў 476 г. лічыла сваім галоўным кіраўніком Папу Рымскага. З цягам часам нарасталі не толькі палітычныя, але і дагматычныя, абрадавыя супярэчнасці.

Маладыя феадальныя дзяржавы Заходняй Еўропы прынялі каталіцызм. Візантыйская царква таксама спрабавала ўплываць на Еўропу. Візантыйскія манахі Кірыл і Мефодзій былі накіраваны ў ІХ ст. у Вялікамараўскую дзяржаву (Славакію), прапаведавалі там, стварылі славянскі алфавіт, напісалі на славацка-балгарскім дыялекце богаслужэбныя кнігі.

У канцы X ст. арыентацыя ўплывовых сацыяльных груп Полацкага княства на візантыйскае хрысціянства, якая ўжо даўно давала аб сабе знаць, узмацнілася і завяршылася прыняццем гэтай рэлігіі ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай, хоць да яе ўсеагульнага панавання на Беларусі прайшло яшчэ шмат дзесяцігоддзяў.

Пачатак масавага распаўсюджвання хрысціянства на беларускіх землях цесна звязана з палітыкай вялікага кіеўскага князя Уладзіміра, які імкнуўся зрабіць яго дзяржаўнай і народнай рэлігіяй на Русі. Ён ахрысціў у 988 г. кіяўлян, "крести же и всю землю Русскую от конца и до конца и идолы сокруши". Стаўку ў правядзенні агульнадзяржаўнай палітыкі хрысціянізацыі ў Полацкай зямлі ён рабіў на прызначанага тут князем Ізяслава, сына ад Рагнеды; у Тураўскай зямлі - на пасаджанага на трон прыёмнага сына Святаполка.

Ізяслаў, згодна з летапіснай характарыстыкай, шанаваў царкву, чытаў Святое пісанне. Старажытнейшым хрысціянскім цэнтрам Беларусі лічыцца Заслаўе (старажытная назва Ізяслаўль), якое ў 80-я гг. X ст. стала княжацкай рэзідэнцыяй. Высланая ў Ізяслаўль разам з сынам пасля няўдалага замаху на Уладзіміра, Рагнеда прыняла манаства пад імем Анастасіі і заснавала тут манастыр. Яна стала першай згаданай летапісамі манашкай ва ўсходнеславянскім свеце.

Дзеля належнага царкоўнага ўладкавання тэрыторыі сваёй дзяржавы, Уладзімір стварыў у буйных гарадах і княствах епархіі - царкоўныя акругі з епіскапамі на чале. У 992 г. была заснавана Полацкая епархія, якая распаўсюджвала сваю духоўную ўладу на ўсходнюю і цэнтральную Беларусь. Першым полацкім епіскапам, вядомым нам, быў кіева-пячорскі манах Міна, пасвечаны ў гэты сан у 1105 г. У 1005 г. утворана Тураўская епархія. Першым епіскапам быў пастаўлены Фама. Яго ўлада распаўсюджвалася на вялікую тэрыторыю Заходняй Беларусі. Епіскапскія кафедры былі духоўнымі цэнтрамі, з якіх распаўсюджвалася і ўмацоўвалася праваслаўная вера і развівалася царкоўна-рэлігійнае жыццё, утвараліся хрысціянскія абшчыны, будаваліся храмы, адчыняліся манастыры і школы.

Хрысціянізацыя Тураўскай зямлі пачынаецца пры Святаполку (988-1015 гг. - князь тураўскі, 1015-1019 гг. - вялікі кіеўскі князь), больш вядомым як "Святаполк Акаянны". Нязгодны з рэлігійнай палітыкай Уладзіміра, вымушаны лічыцца з настроямі сваёй дружыны і тураўскай знаці, якія насцярожана ўспрымалі любыя пачынанні Кіева, Святаполк стаў патураць заходняму адгалінаванню хрысціянства. Нагадаем, што ў тыя часы хрысціянства яшчэ фармальна заставалася адзіным. Ён ажаніўся на каталічцы, наблізіў да сябе калабжэгскага епіскапа Рэйнберна - вядомага барацьбіта з язычніцтвам на тэрыторыі Польшчы - і аддаў перавагу каталіцтву, збіраўся ўвесці менавіта гэту веру ў сваім княстве. Зразумела, чаму тагачасныя і пазнейшыя праваслаўныя аўтары былі прасякнуты нянавісцю да Святаполка, які патураў іншай ад праваслаўя веры.

Працэс пашырэння новай веры быў няўмольным. У сярэдзіне ХІ ст. знакамітым князем Усяславам у Полацку быў узведзены Сафійскі сабор (завершаны да 1066 г.), які стаў дзяржаўным храмам княства і нацыянальнай святыняй для усіх наступных пакаленняў беларусаў. Гэта першы з вядомых храмаў і першае мураванае збудаванне на Беларусі. У ХІІ ст. у Полацку і яго ваколіцах узнікаюць манастыры. Вялікія заслугі ў распаўсюджванні хрысціянства, пісьменнасці і культуры ў Полацкай зямлі належаць Ефрасінні Полацкай, якая за сваю асветніцкую дзейнасць пазней была прылічана праваслаўнай царквой да ліку святых і да нашага часу ўшаноўваецца як нябесная заступніца Беларусі.

Прыняцце хрысціянства з'явілася адной з найважнейшых падзей пачатковай гісторыі Беларусі. На працягу стагоддзяў праваслаўная царква аказвала моцны ўплыў на ўсе бакі жыцця нашых продкаў, на іх культуру, мараль, быт. Хрысціянства прынесла на Беларусь зусім новы светапогляд, спрыяла развіццю феадальных адносін, узмацненню княжацкай улады, умацаванню дзяржаўнай самастойнасці Полацкай зямлі. У супрацьборстве розных укладаў царква прымала бок гістарычна найбольш перспектыўнага, дапамагала яму канчаткова аформіцца і ўмацавацца.

Прыняцце новай веры прывяло да ўстанаўлення больш цесных міжнародных сувязяў з хрысціянскімі дзяржавамі. Мясцовыя князі атрымалі магчымасць уступаць у дынастычныя шлюбы з прынцэсамі з імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх дамоў Еўропы. Прыняцце Беларуссю ўсходняга хрысціянства прадвызначыла збліжэнне яе з Візантыяй і краінамі гэтай жа рэлігійнай арыентацыі.

Хрысціянства надало магутны імпульс культурнаму развіццю Беларусі. Яно садзейнічала стварэнню многіх выдатных помнікаў архітэктуры і жывапісу, распаўсюджванню пісьменства, развіццю летапісання, бібліятэк, з'яўленню школ, пранікненню на беларускія землі твораў замежных аўтараў, праз якія нашы продкі далучаліся да інтэлектуальнага вопыту хрысціянскай цывілізацыі. Дабратворны ўплыў з боку візантыйскай і заходнееўрапейскай культуры зведаў на сабе цэлы шэраг рамёстваў.

Пасля прыняцця хрысціянства беларускія землі былі з'арыентаваны на засваенне візантыйска-праваслаўных духоўных каштоўнасцяў, якія сталі адной з крыніц развіцця нацыянальнай культуры.

Аднак дзяржаўныя мужы, культурныя дзеячы, што пайшлі ў свой час на збліжэнне з Візантыяй, не маглі прадбачыць аддаленых вынікаў свайго кроку. Візантыя, якая ў Х-ХІ стст. знаходзілася на ўздыме, у далейшым хіліцца да заняпаду. Заходняя Еўропа апярэдзіла яе як у эканамічных, так і ў культурных адносінах і дасягнутай перавагі ўжо не саступала. Між тым праваслаўе па-ранейшаму збліжала Беларусь з адставаўшай Візантыяй.

Праваслаўная царква прыўнесла ў культурна-рэлігійнае жыццё ўсходнеславянскага свету палітыку ізаляцыянізму. Ідэалагічны бар'ер на многія стагоддзі адгарадзіў Беларусь ад Заходняй Еўропы.

Развіццё культуры ў ІХ-ХІІІ стст. ішло ў цеснай сувязі з працэсам фарміравання дзяржаўнасці на Беларусі. Магутны штуршок для з'яўлення культуры новага тыпу і культурнага ўздыму на беларускіх зямлях дало прыняцце хрысціянства. Яна развівалася на аснове культурных традыцый усходнеславянскіх плямёнаў і культуры Візантыі, якая падвяргалася творчай перапрацоўцы. У духоўным жыцці плямёнаў дзіўным чынам спалучаліся і перапляталіся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.

Ускладненне грамадскай і гаспадарчай дзейнасці разам з прыняццем хрысціянства абумовілі развіццё з канца Х ст. пісьменства. Матэрыялам для пісьма служыў пергамент, пакрытыя воскам дошчачкі і бяроста, на якіх стылямі (пісаламі) надрапвалі надпісы. Надпісы рабілі таксама на камянях, цэгле, металічных пячатках, званах, прасліцах, касцяных вырабах і інш. У аснову беларускай азбукі пакладзены алфавіт, створаны ў 60-я гг. ІХ ст. знакамітым балгарскім асветнікам, візантыйскім царкоўнікам Кірылам Салунскім і адаптаваны яго вучнямі пад славянскую фанетыку. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі і першым датаваным надпісам на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.). Імя князя перададзена на ім кірылічнымі літарамі, але ў грэчаскім гучанні - "Ізяславос". Пісьменства ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена таксама надпісамі на так званых "Барысавых" і "Рагвалодавых" камянях (ХІІ ст.), берасцянымі граматамі (ХІІІ - першая палова ХІV ст.), знойдзенымі ў Віцебску і Мсціславе; на крыжы Ефрасінні Полацкай (ХІІ ст.), на цаглінах полацкага Сафійскага сабора (надрапаны імёны яго будаўнікоў). Паступова ў ХІІ ст. пісьмом сталі карыстацца не толькі князі і вышэйшае духавенства, але і простыя гараджане.

Top of Form 8

Bottom of Form 8

У ХІ-ХІІ стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалася перапіска кніг. Яна вялася ў майстэрнях - скрыпторыях, якія ствараліся пры манастырах. Самая старажытная рукапісная кніга - Тураўскае Евангелле (ХІ ст.). Перапіскай кніг займалася асветніца ХІІ ст. Ефрасіння Полацкая. У другой палове ХІІІ - першай палове ХІV стст. на Беларусі з'яўляецца першая ілюстраваная кніга - Лаўрышаўскае Евангелле. Яно ўтрымлівала 19 малюнкаў - мініяцюр. Першымі збіральнікамі кніг былі храмы і манастыры, якія на працягу многіх стагоддзяў з'яўляліся ачагамі асветы і культуры на нашых землях. Самая першая бібліятэка была створана пры Сафійскім саборы ў Полацку.

Да ліку ранніх помнікаў пісьменства адносяцца Полацкі (ХІІ ст.), Тураўскі і Навагародскі (ХІІІ ст.) летапісы, якія, аднак, да нашага часу не захаваліся. Шмат якія падзеі беларускай гісторыі адлюстраваны ў "Аповесці мінулых гадоў", створанай у пачатку ХІІ ст. кіеўскім манахам Нестарам. Гэта помнік агульнаўсходнеславянскага летапісання. Мяркуюць, што звесткі пра некаторыя падзеі на Беларусі ў яго папалі з Полацкага летапісу.

Літаратура ХІІ-ХІІІ стст. прадстаўлена царкоўна-павучальнымі творамі і жыціямі святых. Выдатныя кніжнікі, высокаадукаваныя людзі і царкоўныя прапаведнікі тых часоў - Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч і Аўрамій Смаленскі.

Top of Form 9

Bottom of Form 9

Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182) - выдатны для свайго часу пісьменнік, красамоўны прамоўца, аўтар шэрагу "слоў", малітваў-споведзяў, аповесцей-прытчаў. Ён паходзіў з заможнай гарадской сям'і, атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі. Добраахвотна стаў манахам. Быў першым вядомым на Русі "стоўпнікам" - зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам. Карыстаўся вялікай павагай тураўцаў, што яны нават прасілі яго стаць епіскапам тураўскім. Сваю епіскапскую пасаду разглядаў як нялёгкі абавязак хрысціяніна і асветніка, бо яго ўзнёсла-паэтычная натура не была схільнай да іерархічнай кар'еры і царкоўнага адміністратарства.

Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасць на Русі, распаўсюджваліся ў спісах ХІІ-ХVII стст., неаднаразова друкаваліся ў ХVI-ХХ стст. Найбольш вядомымі з'яўляюцца "словы" Кірылы, у якіх ён расказвае пра розныя выпадкі з дзейнасці Хрыста, выказваючы да іх свае адносіны. Пяру Кірылы Тураўскага даследчыкі прыпісваюць больш за 60 літаратурных твораў, частка якіх, аднак, толькі гіпатэтычна звязваецца з яго імем - унікальны выпадак, калі захавалася такая багатая спадчына ад пісьменніка ХІІ ст. Пісьменнік па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Творам Кірылы Тураўскага ўласцівы алегарычнасць, іншасказальнасць. Летапісец назваў Кірылу "рускім Златавустам". Памяць Кірылы царква шануе 18 красавіка па старому стылю.

Зоркай першай велічыні ззяе на небасхіле старабеларускай культуры Ефрасіння (свецкае імя Прадслава) Полацкая (каля 1101-1167). Яна паходзіла з дынастыі князёў Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалодавічаў па жаночай. Унучка знакамітага Усяслава Чарадзея, дачка князя Святаслава-Георгія, яна мела сваякоў сярод візантыйскіх імператараў, князёў кіеўскіх, тураўскіх, пераяслаўскіх, смаленскіх і інш. Звестак пра жыццё Ефрасінні мала. Адзінай крыніцай інфармацыі з'яўляецца "Жыціё святой і найпрападобнейшай Еўфрасінні", створанае ў канцы ХІІ ст. Да гэтай крыніцы далучаюцца звесткі з летапісаў гэтага перыяду.

Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да вучэння, цікавілася рукапіснымі кнігамі, да якіх князёўна мела доступ, атрымала добрую для таго часу адукацыю пры двары. У 12-гадовым узросце (узрост, калі, паводле кананічнага права, дзяўчына магла ўступаць у шлюб) яна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пастрыглася ў манашкі. У манастыры яна занялася шматграннай асветніцкай дзейнасцю. Па яе замове вядомы дойлід Іаан пабудаваў мураваны храм святога Спаса, а жывапісцы распісалі яго фрэскамі. Рэшткі фрэсак, якія захаваліся да сённяшняга дня, ўяўляюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У храме размяшчалася келля Ефрасінні. Па просьбе Ефрасінні візантыйскі імператар Мануіл Комнін падарыў ёй абраз Адзігітрыі (Маці Божай) Эфескай, асвечаны канстанцінопальскім патрыярхам Лукою. Цяпер гэты абраз знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў фондах Рускага музея.

Па заказе Ефрасінні ў 1161 г. майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў настольны крыж (даўжыня 51 см) для Спаскай царквы. Ён быў выраблены з кіпарысу, на пярэднім і адваротным баку абкладзены залатымі пласцінамі, з бакоў - срэбнымі. Крыж упрыгожвалі каштоўныя камяні і выявы святых, зробленыя ў тэхніцы перагародчатай эмалі. Каштоўным элементам крыжа з'яўляюцца надпісы на яго бакавых пласцінах з інфармацыяй пра час вырабу крыжа, заказчыка і выканаўцу і з праклёнам таму, хто асмеліцца яго скрасці. У гістарычнай літаратуры ўсталявалася назва - крыж Ефрасінні Полацкай. Ён з'яўляецца шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХII ст. і па тэхніцы выканання і мастацкаму афармленню быў роўным аналагічным лепшым тагачасным візантыйскім узорам. У ХІІІ ст. крыж быў вывезены ў Смаленск, адтуль папаў у Маскву, у 1563 г. вернуты Іванам Грозным у Полацк, у ХІХ ст. дэманстраваўся ў абедзвюх расійскіх сталіцах як рэліквія. З часам крыж Ефрасінні стаў нацыянальнай святыняй беларусаў. Аднак, вывезены ў савецкі час у Магілёў, ён знік адтуль напярэдадні ўварвання ў горад фашыстаў ва ўсходнім ці заходнім накірунку. У канцы ХХ ст. на Беларусі зрабілі копію крыжа.

Заснаваныя Ефрасінняй Полацкай манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве. У іх былі створаны школы. Яна, асветніца, памнажала кніжнасць, стварыла майстэрню па перапісцы кніг.

На схіле жыцця асветніца вырашыла здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю і ў 1167 г. адправілася ў Іерусалім. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла. Была пахавана непадалёку ад Іерусаліма, адкуль рака з яе рэшткамі як каштоўнейшая рэліквія была ў 1187 г. вывезена у Кіева-Пячорскую лаўру.

Дабрачыннасць і самаадданасць у служэнні Бацькаўшчыне і царкве сталі падставай да яе пасмяротнага ўшанавання, якое пачалося ўжо ў канцы ХІІ ст. Да ХVI ст. культ Ефрасінні дастаткова распаўсюдзіўся ў праваслаўным свеце. Яна стала першай жанчынай, кананізаванай рускай праваслаўнай царквой (1547). Яна прызнана святой і каталіцкай царквой. У 1910 г. рака з мошчамі святой была ўрачыста перавезена з Кіева ў Полацк. Зараз святая Ефрасіння Полацкая лічыцца нябеснай заступніцай, апякункай Беларусі. Яе вобраз натхніў многіх пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў на стварэнне літаратурных і жывапісных твораў.

З прыняццем хрысціянства звязаны пачатак мураванага дойлідства на Беларусі, хоць першыя хрысціянскія цэрквы былі драўлянымі. Самым старажытным з'яўляецца Сафійскі сабор у Полацку, які па духу і ўнутраным змесце паўтараў храмы ў Ахрыдзе і Канстанцінопалі. Полацкая Сафія была сястрой і ў пэўнай ступені саперніцай аналагічных храмаў у Кіеве і Ноўгарадзе. Як і там, яна з'яўлялася ўвасабленнем ідэі магутнасці, адзінства і непадуладнасці. Гісторыя захавала імёны першых беларускіх муляроў - Давыд, Таума, Мікула і Капес.

У ХІІ ст. адбываецца росквіт мураванага будаўніцтва. Узнікаюць мясцовыя арцелі муляроў і дойлідаў, якія ствараюць мясцовыя архітэктурныя школы - полацкую і гарадзенскую з самабытнымі архітэктурнымі стылямі. Кожны горад - цэнтр удзельнага княства - імкнецца займець свае мураваныя бажніцы. У ХІІ ст. узводзяцца манументальныя культавыя будынкі ў Віцебску, Гародні, Наваградку, Ваўкавыску, Мінску, Тураве, Пінску. У Гародні ў ХІІ ст. меліся ўжо тры мураваныя царквы, у тым ліку знакамітая Каложа. У Полацку з ваколіцамі іх было каля дзесятка, у Смаленску - сем. Сярод дойлідаў ХІІ ст. вядома імя Іаана, які ўзвёў у Полацку Спаскую царкву Ефрасіннеўскага манастыра.


11. Канцэпцыі ўтварэння ВКЛ. У гістарычнай навуцы здаўна існавалі розныя тэарэтычныя падыходы да праблемы ўтварэння і асаблівасцей фарміравання Вялікага княства Літоўскага, яго этнічнай прыналежнасці. Інтэрпрэтацыя працэсу ўзнікнення ВКЛ у значнай ступені залежала не толькі ад наяўнасці і знаходак новых дакументаў, але і ад палітычных прыхільнасцей навукоўцаў, а больш за ўсё ад геапалітычных рэалій, палітычнай кан'юнктуры ў тыя ці іншыя часы. Можна выдзеліць шэсць асноўных канцэпцый утварэння ВКЛ.

1. Канцэпцыя «літоўскага заваявання» (або «літоўская») у адпаведнасці з якой заходнія землі старажытнай Русі былі захоплены літоўскімі князямі падчас аслаблення Русі міжусобіцамі і мангола-татарскім заваяваннем, Гэта канцэпцыя, як лічыў вядомы беларускі гісторык М. Ермаловіч, узнікла ў XVI ст. у Расіі і абгрунтоўвала неабходнасць «вызвалення спрадвечна рускіх зямель» ад літоўскіх і польскіх заваёўнікаў. Раскрытыкаваная ў 20-я гг. XX ст. падчас «бе-ларусізацыі», гэта канцэпцыя ўсё ж засталася пануючай у савецкія часы. Канцэпцыя «літоўскага заваявання» падтрымлівалася і літоўскімі адраджэнцамі, таму што надавала вагу і гонар літоўскаму адраджэнскаму руху.

2. Канцэпцыя «Русі Літоўскай» мела месца ў рускай гістарычнай літаратуры, у прыватнасці ў працах аднаго з буйнейшых расійскіх гісторыкаў XIX ст. С. Салаўёва. Канстатуючы пануючае становішча ў ВКЛ усходнеславянскага элемента (насельніцтва, тэрыторыі, мовы), ён выкарыстоўваў назвы "Русь Літоўская" і "Русь Маскоўская", падкрэсліваючы іх геапалітычнае саперніцтва, і адзначаў перамогу ў гэ-тай барацьбе Русі Маскоўскай.

3.Канцэпцыя «Літоўскарускай дзяржавы» не выключала літоўцаў з працэсу ўтварэння і развіцця ВКЛ, але па сутнасці ігнаравала ўтварэнне ў складзе ВКЛ беларускага этнасу і ролю яго продкаў ва ўтварэнні дзяржавы. Усе ўсходнеславянскія народы, якія мелі дачыненне да ВКЛ, называліся «рускімі». Гэтай канцэпцыі прытрымліваўся расійскі гісто-рык М. Любаўскі. Тэрмін "Літоўска-руская дзяржава" ўжываўся У. Шчэтаіуі.

4. Канцэпцыя «Беларуска літоўскай дзяржавы» абгрунтоўвалася Ў 20-я гг. XX ст. У. Ігнатоўскім. Беларускі ўплыў, на думку прыхільнікаў канцэпцыі, пераважаў па тэрыторыі, насельніцтву, узроўню эканамічнага і культурнага развіцця беларускіх зямель, праяўляўся ў афіцыйным статусе старажытнай беларускай мовы. Літоўскі ўлыў, на думку прыхіль-нікаў каннэпцыі, пераважаў у палітычным жыцці (літоўская княжацкая дынастыя і пераважны ўплыў літоўскіх магнатаў у органах улады), у войску.

5. Канцэпцыя «беларускай дзяржавы» («беларуская») сцвярджае, што з самага пачатку ВКЛ фарміравалася як дзярзкава продкаў беларусаў, якія ў той час называліся ліцвінамі. Гэта канцэпцыя ўзнікла ў 20-х гг. XX ст. Яе прыхільнікамі былі В. Ластоўскі, У. Доўнар-Запольскі. У канды XX ст. канцэпцыю найбольш поўна абгрунтаваў М. Ермаловіч, які на падставе вывучэння дакументаў пісаў, што гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць літоўскага заваявання беларускіх зямель, а наадварот, сведчаць аб заваяванні сучасных літоўскіх зямель Новагародскім княствам. На думку М. Ермаловіча, значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з'яўляецца атаясамліванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая, як даказваў М. Ермаловіч, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паміж Слонімам і Маладзечна і была часткаю тэрыторыі, на якой фарміраваўся беларускі этнас.

6. Канцэпцьія поліэтнічнай, найперш беларуска-літоўс-
кай або літоўска-беларускай, дзяржавы («цэнтрысцкая»)
імкнецца пераадолець крайнасці іншых канцэпцый. Так,
удзельнікі міжнароднага "круглага стала" па тэме «Беларусь
у Вялікім княстве Літоўскім", які адбыўся ў Мінску ў 1992 г.,
адзначылі, што ў першай палове XIII ст. у Верхнім Паня-
монні ўзнікла беларуска-літоўскае гаспадарства з цэнтрам у
Новагародку, якое стала ядром магутнай шматнацыянальнай
еўрапейскай дзяржавы — Вялікага княства Літоўгкага, Рус-
кага, Жамойцкага і іншых зямель (скарочана — Вялікага
княства Літоўскага). У Вялікім Княстве назва «Літва» тады адносілася да тэрыторыі Верхняга і Сярэдняга Панямоння, а пад «Руссю» разумелася Верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна літоўскія землі — Жмудзь — былі канчаткова далучаны да ВКЛ у першай палове XV ст. У яго склад з другой паловы XV ст. да 60-х гг. XVI ст. уваходзіла частка ўкраінскіх зямель (Валынь, Падолле, Кіеўшчына). Усе народы, як адзначалася ў выніковым дакуменце "круглага стала", якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага Княства, а найперш беларускі і літоўскі, з'яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы. Таму было вырашана называць супольнае дзяржаўнае ўтварэнне як беларуска-літоўскае, або, што раўназначна, літоўска-беларуская дзяржава, улічваючы пры гэтым вялікі ўклад, які ўносіў і ўкраінскі народ у яе налітычнае і культурнае развіццё1.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 615 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.012 с)...