Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Літаратура. 1.Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 ад 17 ліпеня 2008 года “Аб асобных пытаннях агульнай адукацыі сярэдняй адукацыі”



1.Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 15 ад 17 ліпеня 2008 года “Аб асобных пытаннях агульнай адукацыі сярэдняй адукацыі”.

2. Канцэпцыя рэфармавання літаратурнай адукацыі / пад навук. рэд. М.А. Лазарука і В.У. Івашына. – Мінск: НІА, 1996.

3.2. Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”

На аснове Канцэпцыі літаратурнай адукацыі і з улікам дасягненняў метадычнай навукі і педагагічнага вопыту ў постсавецкі перыяд у 2009 г. была распрацавана і зацверджана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь “Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”, якая “мае на мэце даць уяўленне аб прынцыпах пабудовы зместу літаратурнай адукацыі, складзе і структуры вучэбнага прадмета, акрэсліць мэты навучання, паказаць, асаблівасці прад’яўлення зместу літаратурнай адукацыі на ўзроўнях агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі” [1, с. 82].

Ва ўводзінах да Канцэпцыі даецца агульная характарыстыка беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета сацыяльна-гуманітарнага цыкла – паказана яе спецыфіка, сувязь з іншымі гуманітарнымі дысцыплінамі, вызначаны функцыі літаратуры ў навучальным працэсе. Літаратура прадстаўлена як крыніца чалавеказнаўства і грамадазнаўства, як найважнейшы сродак выхавання і развіцця моўнай культуры вучняў. Акрэслены агульныя мэты і задачы навучання беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйных установах.

Канцэпцыя вылучае ключавыя прынцыпы пабудовы зместу літаратурнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Прынцып арыентацыі на засваенне набыткаў нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі прадугледжвае, што асноўным кампанентам зместу літаратурнай адукацыі з’яўляюцца высокамастацкія творы нацыянальнай класікі і лепшыя творы сучасных пісьменнікаў, якія вывучаюцца ў кантэксце класічных твораў літаратуры народаў свету.

Прынцып фундаментальнасці скіроўвае складальнікаў вучэбных праграм, аўтараў падручнікаў і настаўнікаў на грунтоўнае авалоданне вучнямі сістэмай ведаў па літаратуры, асноўнымі уменнямі і навыкамі і на фарміраванне ў школьнікаў чытацкай і камунікатыўнай культуры.

Практычная накіраванасць – наступны прынцып пабудовы курса беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйных установах. Ён патрабуе ўвядзення ў школьную праграму тых твораў, якая найбольш адпавядаюць інтарэсам як канкрэтнага вучня, так і грамадства ў цэлым, ўздымаюць актуальныя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, спрыяюць развіццю вуснага і пісьмовага маўлення вучняў.

З улікам таго, што беларуская літаратура з’яўляецца адной з асноўных вучэбных дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыкла, у канцэпцыі прадмета вылучаны прынцып гуманітарызацыі і гуманізацыі навучання, які арыентуе настаўніка і вучня на ўспрыманне “цэласнай карціны свету і чалавека ў ім”.

Прынцып завершанасці літаратурнай адукацыі забяспечвае фарміраванне ў вучняў цэласнага ўяўлення пра беларускую літаратуру: ідэйна-мастацкае багацце, тэматычную і родава-жанравую разнастайнасць твораў, этапы гістарычнага развіцця, асноўныя звесткі па тэорыі.

У адпаведнасці з прынцыпам рэгіяналізацыі літаратурнай адукацыі прадугледжваецца выкарыстанне мясцовага матэрыялу на ўроках літаратуры, а таксама актывізацыя літаратурнага краязнаўства на факультатыўных і пазакласных занятках.

У “Канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” вызначаны асноўныя прынцыпы і крытэрыі адбору ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі, сярод якіх найважнейшым з’яўляецца прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей ўспрымання вучнямі мастацкага тэксту. Названы прынцып патрабуе пры адборы і аналізе літаратурных тэкстаў улічваць узрост вучняў, іх інтэлектуальныя магчымасці і здольнасць навучэнцаў засвойваць вучэбны матэрыял.

Беларуская літаратура з’яўляецца эфектыўным сродкам маральнага, эстэтычнага і патрыятычнага выхавання дзяцей школьнага ўзросту. У сувязі з гэтым канцэпцыя прадугледжвае пры адборы твораў мастацкай літаратуры для вывучэння ў агульнаадукацыйных установах кіравацца прынцыпам адпаведнасці задачам выхавання і развіцця асобы вучня.

Прынцып эстэтычнага падыходу да аналізу і ацэнкі мастацкага твора азначае, што пры вывучэнні літаратурнага твора настаўнік павінен зыходзіць з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, разумення асноўных эстэтычных катэгорый і тэрмінаў, мець на ўвазе, што спасціжэнне мастацкай літаратуры спрыяе фарміраванню эстэтычнага густу, выклікае эмацыянальныя перажыванні і пачуццё асалоды.

Асноўным прынцыпам літаратуразнаўчага аналізу з’яўляецца прынцып адзінства зместу і формы, часткі і цэлага, які, паводле канцэпцыі, павінен стаць ключавым пры разглядзе мастацкага твора на ўроку літаратуры.

Неабходнасць рэалізацыі прынцыпу гістарычнага падыходу ў асэнсаванні твораў і з’яў літаратуры і мастацтва выклікана самой пабудовай курса беларускай літаратуры ІХ – ХІ класаў у гісторыка-літаратурнай паслядоўнасці (ад старажытнасці да сучаснасці). На гэтым этапе вывучэння літаратуры ў агульнаадукацыйных установах ўзнікае неабходнасць у ідэалагічным і мастацкім асэнсаванні гістарычнага шляху літаратуры і ўвогуле культурнага развіцця нацыі. Вывучэнне беларускай літаратуры звязваецца з агульнай характарыстыкай гістарычнай эпохі, творчага шляху пісьменнікаў, іх укладу ў літаратуру адпаведнага часу.

Неабходнымі ў выкладанні беларускай літаратуры з’яўляецца прынцып міжпрадметных сувязяў, які забяспечвае сістэмнае вывучэнне вучэбнага прадмета. Адзначаны прынцып рэалізуецца праз параўнальна-тыпалагічны падыход да літаратурных з’яў і выяўленне асацыятыўнай сувязі паміж беларускай і рускай літаратурамі. Ён дапамагае сфарміраваць у вучняў разуменне адметнасці роднага мастацтва слова ў сусветным літаратурным працэсе. Прынцып міжпрадметных сувязяў прадугледжвае таксама актывізацыю сувязяў беларускай літаратуры з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла (“Беларуская мова”, “Замежная мова”. “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”).

Прынцып пастаяннай увагі да мовы ў яе эстэтычнай і камунікатыўнай функцыях спрыяе павышэнню маўленчай і чытацкай культуры вучняў,з’яўляецца вызначальным у іх агульнай культурна-філалагічнай падрыхтоўцы.

Канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” акрэслівае мэты і задачылітаратурнай адукацыі, якія прадугледжваюць выхаванне асобы “з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, чалавека, чуйнага да сацыяльнага поліфанізму жыцця, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здольнай успрыманне прыгожага выкарыстаць для выпрацоўкі стымулу маральнага самаўзвышэння, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця [1, с. 84].

Паводле канцэпцыі, акрэсленая агульная накіраванасць вывучэння літаратуры ў агульнаадукацыйных установах рэалізуецца пры выкананні наступных патрабаванняў:

· шырокае знаёмства з творамі беларускай літаратуры і з класічнымі ўзорамі замежнага славеснага мастацтва;

· начытанасць;

· глыбокае засваенне ідэйна-мастацкага зместу твораў, уведзеных у вучэбную праграму, і уменне аналізаваць тэкст і ацэньваць яго эстэтычную каштоўнасць;

· здольнасць прымяняць на практыцы у працэсе аналізу мастацкага твора засвоеныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці;

· веданне спецыфічных асаблівасцей літаратуры ў супастаўленні з іншымі відамі мастацтва;

· засваенне асноўных эстэтычных катэгорый (прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае, агіднае) і уменне з іх дапамогай ацэньваць творы мастацкай літаратуры;

· веданне асноўных этапаў, ідэйных і мастацкіх напрамкаў у гістарычным развіцці літаратуры;

· здольнасць выяўляць у творах літаратуры чалавеказнаўчы змест і ўменне выказваць уласныя адносіны да адлюстраваных у літаратуры розных грамадскіх з’яў;

· развітасць творчых здольнасцей і ўменняў;

· валоданне мовай, маўленчымі ўменнямі і навыкамі.

Найбольш аб’ёмным і змястоўным у Канцэпцыі з’яўляецца раздзел “Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу літаратурнай адукацыі па ступенях навучання”.

Канцэпцыя вылучае 3 ступені літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах і дае характарыстыку кожнай з іх:

І ступень (І – ІV класы);

ІІ ступень (V– ІХ класы);

ІІІ ступень (Х – ХІ класы).

Як самастойная вучэбная дысцыпліна беларуская літаратура вывучаецца ў агульнаадукацыйных установах з V класа. У залежнасці ад ступені літаратурнай адукацыі вызначаецца яе змест.

Творы мастацкай літаратуры, якія вывучаюцца на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, у V – VІ класах згрупаваны па тэматычным прынцыпе і па родава-жанравым – у VІІ – VІІІ класах. Для кожнага з названых класаў у праграму ўключаны 3 спісы твораў.

У першы спіс уваходзяць творы для чытання і вывучэння, гэта абавязковы мінімум твораў, якія падлягаюць падрабязнаму вывучэнню з захаваннем усіх яго этапаў.

Другі спіс складаюць творы, якія прызначаны для чытання і абмеркавання, яны не вывучаюцца падрабязна, а толькі прачытваюцца, самастойна аналізуюцца і пры неабходнасці абмяркоўваюцца на ўроку ў сувязі з аналізам твораў для абавязковага вывучэння.

Трэці спіс змяшчае творы для самастойнага чытання, што можна выкарыстаць ў час індывідуальнай працы з вучнямі і пры падрыхтоўцы да пазакласных мерапрыемстваў.

Другі і трэці спісы па жаданні вучняў або настаўніка могуць папаўняцца іншымі творамі.

У канцэпцыі змешчаны патрабаванні да ведаў і ўменняў вучняў, якія заканчваюць VІІІ клас.

Адметнасць зместу пабудовы зместу навучання літаратуры ў ІХ класе ў тым, што ў аснову яго канструявання пакладзены гісторыка-храналагічны прынцып, які дазваляе вучням атрымаць веды пра развіццё беларускай літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ ст. Гэта пераходны перыяд да заключнага этапу ў літаратурнай адукацыі.

У ІХ класе галоўная ўвага засяроджваецца на значных у мастацкіх адносінах творах розных эпох, якія вывучаюцца ў кантэксце гістарычных умоў і ва ўзаемасувязі з фактамі біяграфіі пісьменніка. Вучні таксама знаёмяцца з асобнымі творамі замежнай класікі, што дае ім магчымасць ўсведамляць агульныя заканамернасці развіцця беларускага і сусветнага прыгожага пісьменства.

У курсе беларускай літаратуры ІХ класа канцэпцыя таксама прадугледжвае тры спісы твораў. Творы першага спіса (для чытання і вывучэння) вывучаюцца тэкстуальна, з выкананнем вусных і пісьмовых заданняў, а ўключаныя ў другі спіс – рэкамендуюцца для самастойнага чытання і абмеркавання ў класе. У трэцім спісе (для пазакласнага чытання) названы творы, прызначаныя для пашырэння кола чытацкіх інтарэсаў вучняў.

У канцэпцыі сфармуляваны дыдактычныя і выхаваўчыя задачы, якія неабходна вырашаць пры вывучэнні беларускай літаратуры ў ІХ класе: далучаць вучняў да багаццяў айчыннай і сусветнай літаратуры; фарміраваць у іх уяўленне пра развіццё літаратуры ў гістарычным часе; развіваць ўяўленне аб багацці зместу і формы мастацкіх твораў, аб адметнасці стылю і творчай манеры пісьменнікаў; развіваць літаратурна-крытычнае мысленне, творчыя зольнасці, камунікатыўную культуру вучняў; фарміраваць маральна-этычныя погляды, развіваць лагічнае мысленне, уменне фармуляваць і аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей. Гэтыя задачы пашыраюцца і ўскладняюцца на заключным этапе літаратурнай адукацыі, у Х – ХІ класах, дзе курс беларускай літаратуры пабудаваны, як і ў ІХ класе, на гісторыка-літаратурнай аснове. Ад вучняў патрабуецца не толькі даваць правільную ацэнку твораў, але і характарызаваць іх у гісторыка-культурным кантэксце, умець суадносіць набыткі беларускай літаратуры з мастацкімі напрамкамі і асноўнымі этапамі развіцця сусветнай літаратуры.

Вялікае значэнне ў Х – ХІ класах надаецца аглядавым і манаграфічным тэмам, якія спрыяюць засваенню вучнямі асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў, фарміраванню ў іх чытацкіх уменняў і навыкаў і забяспечваюць сістэмнасць літаратурнай адукацыі ў цэлым.

У канцэпцыі змешчаны абагульняючыя патрабаванні да ведаў і ўменняў, якія вучні павінны набыць ў выніку ўсяго перыяду вывучэння беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе.

Канцэпцыя прадугледжвае вывучэнне на новым ўзроўні факультатыўных курсаў. Факультатыўныя заняткі па беларускай літаратуры ў V – VІІІ павінны мець за мэту выхаванне ў вучняў эстэтычнага густу, развіццё іх творчых здольнасцей і, галоўнае, абуджэнне ў дзяцей цікавасці да нацыянальнага мастацтва слова. Задача факультатыўных заняткаў у ІХ – ХІ класах – пашырэнне і паглыбленне асноўнага літаратурнага курса. Акрэслены таксама мэты і задачы пазакласнай працы па беларускай літаратуры вызначаны асноўныя яе формы (гурткі, гасцёўні, клубы, літаратурныя і краязнаўчыя музеі).

У заключным раздзеле канцэпцыі вызначаны састаў вучэбна-метадычнага комплексу.





Дата публикования: 2015-04-07; Прочитано: 1004 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...