Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Пашыральны блок. Расiйскi географ К. Касмачоў (Іркуцк) у спецыяльнай рабоце вызначае шэраг прычын паніжэння якасці прасторавай iнфармацыi



Расiйскi географ К. Касмачоў (Іркуцк) у спецыяльнай рабоце вызначае шэраг прычын паніжэння якасці прасторавай iнфармацыi. У іх лiку: разгляд у якасці раўназначных тых паняццяў, якiя такiмi не з’яўляюцца; перанос паняццяў, што ўжываюцца ў дачыненнi да тэрытарыяльных сiстэм буйнога рангу, на мясцовыя сістэмы; выкарыстанне іншараённых паняццяў, якія сфарміраваліся ў адной частцы краіны і без пэўных удакладненняў ужываюцца ў другой; ужыванне неагульнапрынятых скарачэнняў.

Удакладненне, сістэматызацыя геаграфічнай тэрміналогіі садзейнiчае павышэнню якасці перадпраектных навуковых абгрунтаванняў, распрацовак і рашэнняў, што прымаюцца на іх падставе.

Геаграфiчная экспертыза ўключае праверку не толькі якасці прасторавай інфармацыі. Узрастае актуальнасць ажыццяўлення экспертызы праектаў: распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў, будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, транспартных магiстраляў i інш. Геаграфічная экспертыза служыць не толькі падагульненнем галіновых экспертыз (напрыклад гiдралагiчнай, глебавай), але і заклікана адказаць на пытанні: які магчымы ўплыў ажыццяўлення праекта на сацыяльныя бакі жыцця – узровень занятасці насельнiцтва, развіццё сацыяльнай сферы.

Камерцыйная геаграфiя. "Рэабiлiтацыя" камерцыйнай геаграфіі, аднаўленне цікавасці да даследаванняў такога накірунку абумоўлены тымі палітычнымі і эканамічнымі зменамi, што адбываюцца ў апош-нія гады ў постсацыялістычных краінах, пераходам іх да рынкавых адносін. Рынкавая эканоміка дыктуе неабходнасць вывучэння таварных рэсурсаў, умоў iх фарміравання, попыту на розныя тавары і паслугi ў тэрытарыяльным плане. Кола названых пытанняў складае прадмет даследаванняў камерцыйнай геаграфіі.

У краiнах, дзе эканоміка дзесяцігоддзямі развіваецца па рынкаваму шляху, па аб’ектыўных эканамічных законах, камерцыйная геаграфія паспяхова развівалася. Непатрэбным і забытым такі напрамак даследаванняў быў у краінах з эканомікай, заснаванай на камандна-адмінiстрацыйных метадах кіравання і цэнтралiзаваным планаванні. У гэтых краінах камерцыйную геаграфiю можна адносіць да новых напрамкаў развіцця СЭГ.

Трэба адзначыць, што ў 20-х гадах на Беларусі былі надрукаваны асобныя працы, якія па змесце можна аднесці да камерцыйнай геаграфіі. У 1920 г. Алесем Бурбісам напісана работа пад назвай "Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфiі Беларусі" (надрукавана ў часопісе "Народное хозяйство Белоруссии". 1922, № 4). У гэтай рабоце апрача характарыстыкі гаспадарчага комплексу Беларусі аналізуецца яе гандлёвы баланс, гандлёва-эканамічныя сувязі з іншымі рэгiёнамi. Прыведзены канкрэтны статыстычны матэрыял па кожнай беларускай губерні аб вывазе ў Расію і Польшчу, увозе з Расіі і Польшчы: колькі чаго вывозілася і якім вiдам транспарту – па чыгунках, водным транспартам; грузаабарот асобных прыстаняў на рэках і інш. Праца А. Бурбіса, такім чынам, – першае даследаванне ў галіне камерцыйнай геаграфіі Беларусі.

Сённяшнія задачы камерцыйнай геаграфіі вызначаюцца неабходнасцю пераходу да рынкавых адносін, развiццём камерцыйнай дзейнасці. Да іх лiку адносяцца:

1. Вывучэнне прыродна-рэсурснага і працоўнага патэнцыялу тэрыторыі, яе ролi ў арганізацыі камерцыйнай дзейнасці, уплыву транспарту і сувязі на камерцыйную дзейнасць.

2. Вывучэнне таварных рэсурсаў: іх фарміравання, размеркавання па тэрыторыі.

3. Вывучэнне геаграфічных аспектаў унутранага гандлю.

4. Вывучэнне знешнеэканамiчных сувязяў краiны, іх уплыву на сацыяльна-эканамічнае развіццё.

5. Распрацоўка тэарэтычных пытанняў і методыкі даследаванняў у галіне камерцыйнай геаграфіі[7].

Можна меркаваць, што ўкараненнем рынкавых адносін ва ўсе сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця фарміруюцца аб’ектыўныя перадумовы для пашырэння даследаванняў у галіне камерцыйнай геаграфіі.

Практычная накiраванасць даследаванняў. Сутнасць і задачы геаграфічных даследаванняў на працягу гісторыі, з моманту іх зара-джэння і да сённяшняга часу, iстотна мянялiся. Латвійскі географ
З. Дзеніс прапануе вылучыць тры галоўныя стадыі, што прайшлi ў сваiм развіцці эканоміка-геаграфічныя даследаваннi i ў цэлым геаграфічная навука.

Найбольш працяглай з’яўляецца апісальная стадыя. На працягу некалькiх тысячагоддзяў неймаверна цяжкая праца першапраходцаў пашырала геаграфiчны кругагляд чалавецтва, каб даць адказы на простыя пытанні: дзе што знаходзiцца. Ажыццяўляўся збор дадзеных шляхам прамых назіранняў – наведванняў, экспедыцый (перыяд iн-вентарызацыі), а затым праведзена сістэматызацыя сабраных звестак. Сутнасць першай, апiсальнай, стадыi знайшла адлюстраванне ў самой назве навукi – геаграфiя.

Пачынаючы з сярэдзіны мінулага стагоддзя, апісальная стадыя паступова стала перарастаць у другую – стадыю інтэрпрэтацыі. Найбольшае развiццё гэтая стадыя атрымала ў другой палове XX ст. У ёй таксама можна вылучыць два перыяды: перыяд тлумачэння i перыяд прагназавання. Тлумачэнне сабраных і сістэматызаваных звестак, абагульненне, выяўленне заканамернасцяў у развiццi і размяшчэннi эканоміка-геаграфічных аб’ектаў сталі адной з галоўных задач даследаванняў СЭГ. Яшчэ больш складанай справай з’яўляецца прагназаванне. У СЭГ даводзіцца рабіць прагноз развіцця з’яў i працэсаў разнаякасных, што адносяцца да розных сфер – грамадства, тэхніка, прырода.

У прыродазнаўчых навуках, як правіла, ад стадыi апiсання пераходзяць да эксперымента. У сацыяльна-эканамiчнай геаграфiі эксперымент практычна выключаны. Эксперыментальны метад даследаванняў даводзiцца замяняць вывучэннем аналагаў (аналагічных аб’ек-таў, працэсаў) у тэрытарыяльным і часавым вымярэнні, мадэляваннем.

Эканомiка-геаграфiчны прагноз азначае пераход даследаванняў у канструктыўную стадыю. Сутнасць яе заключаецца ў распрацоўцы навукова абгрунтаваных прапаноў практыкам, гаспадарнікам па ўдасканаленні размяшчэння вытворчых сiл. Задача заключаецца ў вызначэнні аптымальных варыянтаў тэрытарыяльнай арганізацыі грамадства ў канкрэтных прыродных, гiстарычных, сацыяльна-экана-мічных умовах і рацыянальных шляхоў іх дасягнення.

Эканоміка-геаграфічны прагноз – гэта навукова абгрунтаванае ўяўленне аб будучынi тэрытарыяльных сацыяльна-эканамічных сiстэм рознага ўзроўню. Прагназаванне грунтуецца на даследаваннi заканамернасцяў функцыянавання тэрытарыяльных сiстэм, глыбокiм аналізе тэндэнцый іх развiцця. Вельмi важна прадбачыць і правільна ацаніць, як будзе складвацца ўзаемадзеянне прыроды, насельніцтва і гаспадаркi ў межах пэўнай тэрыторыі пры рэалізацыі прапануемых праектаў, праграм гаспадарчага развіцця.

Такiм чынам, узмацненне практычнай накіраванасці, канструктыўнасцi даследаванняў – важная тэндэнцыя развіцця СЭГ.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 324 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...