Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Тэрытарыяльна-вытворчыя комплексы і тэрытарыяльныя сацыяльна-эканамічныя сістэмы



Паняцце тэрытарыяльна-вытворчага комплексу (ТВК) у савецкай эканамічнай геаграфіі. Тэрытарыяльна-вытворчы комплекс – адзiн з вiдаў сукупнасцяў геаграфічных аб’ектаў у межах пэўнай тэрыторыі. Гэта тэрытарыяльная сукупнасць узаемазвязаных прадпрыемстваў і галiн сферы матэрыяльнай вытворчасці: прамысловых, сельскагаспадарчых, транспартных. У савецкай эканамічнай геаграфіі з самага пачатку станаўлення вучэння аб тэрытарыяльна-вытворчых комплексах (ТВК) разглядаліся як рацыянальная форма размяшчэння вытворчых сiл.

ТВК – не простая сукупнасць вытворчасцяў, а такое iх спалучэнне, якое забяспечвае павелічэнне эканамічнай эфектыўнасці за кошт рацыянальнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў і агульнай інфра-структуры, памяншэння транспартных выдаткаў, устойлівых тэхналагічных і вытворчых узаемасувязяў. У вызначэнні сутнасці ТВК, якое ўпершыню было зроблена вядомым эканомікагеографам М. Каласоўскім (СССР) у 1947 г., падкрэслівалася, што пэўны эканамічны эфект дасягаецца за кошт удалага (планавага) падбору прадпрыемстваў у адпаведнасці з прыроднымі і эканамічнымі ўмовамі раёна, яго транспартным i эканоміка-геаграфічным становішчам.

ТВК разглядаліся як сукупнасці ўзаемаабумоўленых і ўзаемазвя-заных аб’ектаў, якія планава фарміруюцца ў адпаведнасці з распрацаванымі, абгрунтаванымі праектамі. Мэты фарміравання ТВК заключаліся ў поўным і рацыянальным выкарыстанні прыродных, працоўных, матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў.

Прыроднай асновай фарміравання ТВК служаць тэрытарыяльныя спалучэнні прыродных рэсурсаў. Яны ў значнай ступені вызначаюць набор вытворчасцей, тэхналагiчныя сувязі паміж iмi, магутнасць прадпрыемстваў на выкарыстанні рэсурсаў пэўнага віду. Асваенне многіх тэрытарыяльных спалучэнняў прыродных рэсурсаў СССР, асаблiва яго ўсходнiх раёнаў, ажыццяўлялася менавiта ў форме тэрытарыяльна-вытворчых комплексаў. Яшчэ ў 20-я гады ідэя комплекснасці была закладзена ў праект асваення рэсурсаў Ангары, у 30-я гады атрымала практычную рэалiзацыю ў праектах Дняпроўскага камбіната (Днепрагэс і звязаныя з ёю прадпрыемствы), Урала-Кузнецкага камбіната (Магнiтагорскі і Кузнецкі металургiчныя камбінаты на базе ўральскай жалезнай руды і кузнецкага вугалю).

На працягу 70–80-х гадоў ажыццяўлялася фармiраванне складаных па структуры і магутных па аб’ёмах вытворчасці Брацка-Усць-Ілімскага, Саянскага, Паўднёва-Якуцкага ТВК на тэрыторыі Сiбiры і Далёкага Усходу.

Усё сказанае вышэй адносiцца да тэрытарыяльных спалучэнняў вытворчых аб’ектаў у межах канкрэтнай (няхай нават вялікай па плошчы) тэрыторыi. Усё гэта так званыя лакальныя, ці мясцовыя, ТВК.

Больш высокі ранг тэрытарыяльна-вытворчых комплексаў – раённыя. Яны ўяўляюць сабой спалучэнне ўсіх галiн гаспадаркі, усёй вытворчасці ў межах эканамічнага раёна. Раённыя ТВК выступаюць у якасці своеасаблівага каркаса, гаспадарчага напаўнення тэрыторыі. Ядро, аснову раённага ТВК складаюць галіны спецыялiзацыі гаспадаркі. Яны цэментуюць, аб’ядноўваюць у адзiнае цэлае ўсе галіны і вытворчасцi. Функцыянаванне раённага ТВК і забяспечвае гаспадарчую цэласнасць эканамічнага раёна. Можна сказаць, што кожнаму эканамічнаму раёну ўласціва пэўная арганізацыя вытворчасці ў выглядзе раённага ТВК.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 416 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...