Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Палітыка генацыда



3 першых дзён акупацыі на Беларусі праводзілася палітыка генацыду - планамернае знішчэнне цэлых груп насельніцтва па тых ці іншых матывах: з-за прыналежнасці да савецкіх актывістаў, камуністаў, яўрэяў і г.д. Для рэалізацыі гэтага плана гітлераўцы выкарыстоўвалі цэлую сістэму мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя аперацыі, лагеры смерці і інш. Карнікі знішчалі грамадзянскае насельніцтва і ваеннапалонных. Агнём, шыбеніцамі, турмамі фашысты імкнуліся ў корані задушыць барацьбу, знішчыць усе патрыятычныя сілы. Палітыка генацыду спалучалася з тактыкай «выпаленай зямлі».

У межах рэспублікі было арганізавана 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў, з якіх мала хто вярнуўся жывым. Вязняў трымалі пад адкрытым небам, марылі голадам, заражалі інфекцыйнымі хваробамі, катавалі. У Мінску і яго ваколіцах было размешчана 5 такіх лагераў, адзін з якіх – Малы Трасцянец – па колькасці знішчаных людзей стаяў на трэцім месцы пасля Асвенціма і Майданака. Канцэнтрацыйны лагер быў створаны восенню 1941 года. Назва «Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей:

урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў;

уласна лагер —побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска па Магілёўскай шашы;

урочышча Шашкоўка — месца масавага спалення людзей.

Усяго ў Трасцянцы фашысты замучылі, расстралялі, спалілі звыш 206 500 грамадзян.

Расстрэльвалі каля зараней падрыхтаваных доўгіх равоў, трупы закопвалі і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам. Напярэдадні наступлення савецкіх войск гітлераўцы практыкавалі стварэнне на пярэднім краі сваёй абароны спецыяльных лагераў смерці, у якіх размяшчалі інфекцыйных хворых з мэтай масавага распаўсюджвання цяжкіх захворванняў сярод насельніцтва і часцей Чырвонай Арміі.

На тэрыторыі Беларусі было больш за 100 гета, у якія гітлераўцы сагналі сотні тысяч яўрэяў, як жыхароў рэспублікі, так і яўрэяў з Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Францыі, Галандыі, Венгрыі, Германіі і іншых краін. Тэрыторыя гета была агароджана высокай сеткай калючага дроту і ахоўвалася. Сюды фашысты сагналі каля 10 тысяч чалавек яўрэйскай нацыянальнасці. Акупанты здзекваліся над зняволенымі, рабавалі іх, мучылі, калолі штыкамі, кідалі жывымі ў агонь. Асуджаных на смерць прымушалі спяваць песні, танцаваць, а потым расстрэльвалі. У гета было скучана, брудна, голадна. Пагромы ішлі адзін за другім. Да жніўня 1941 года засталося каля 85 тысяч чалавек, а да лета 1942 г. фашысты знішчылі практычна ўсіх. Уражваюць цынізм і абыякавасць, з якімі фашысты вялі падлік загубленых імі людзей. 31 ліпеня 1942 г. генеральны камісар Кубэ дакладваў рэйхскамісару «Остланда» Лёзе: «За апошнія дзесяць тыдняў у Беларусі ліквідавана каля 55 тысяч яўрэяў. У Мінскай вобласці яўрэі поўнасцю знішчаны». Так было па ўсёй Беларусі. 21–23 кастрычніка 1943 г. было здзейснена адно з самых крывавых злачынстваў фашызму – масавае знішчэнне яўрэяў у мінскім гета і ў Трасцянецкім лагеры смерці, дзе загінула амаль што 100 тыс. яўрэяў.

Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Паступова працэс знішчэння сваіх ахвяр гітлераўцы механізавалі: атручвалі людзей выхлапнымі газамі ў спецыяльна прыстасаваных для гэтага аўтамабілях – “gaswagen” (душагубках). Перад пасадкай у фургон, людзям загадвалі здаць усе каштоўныя рэчы і вопратку. Пасля гэтага дзверы зачыняліся, і сістэма падачы газу перамыкалася на выпуск. Для таго, каб не выклікаць заўчасна страху ў ахвяр, у фургоне мелася лямпачка, якая ўключалася, калі дзверы зачыняліся. Пасля гэтага кіроўца ўключаў рухавік на нейтральнай перадачы прыкладна на 10 хвілін. Пасля таго, як рух у фургоне спыняўся, трупы адвозілі да месца крэмацыі/пахавання і выгружалі. Жорсткай расправе падлягалі ваеннаслужачыя, да якіх гітлераўцы адносілі практычна ўсіх мужчын ва ўзросце 16–55 гадоў, што знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад раёнаў ваенных дзеянняў.

Нечуваныя зверствы чынілі акупанты над партызанамі і мірным насельніцтвам. Пад выглядам барацьбы з партызанамі яны правялі больш за 140 карных экспедыцый, у ходзе якіх цэлыя раёны Беларусі ператвараліся ў зоны пустыні. 22 сакавіка 1943 г. былі спалены 149 жыхароў, у тым ліку 76 дзяцей, в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці. За гады акупацыі ў Беларусі разам з жыхарамі спалена 628 вёсак, 186 з якіх так і не адноўлены пасля вайны.

Палітыка каланізацыі і генацыду ўключала і гвалтоўны вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў Германію. Угон беларускага насельніцтва насіў масавы, планамерны характар і меў пэўныя мэты. На Нюрнбергскім судовым працэсе над нямецкімі ваеннымі злачынцамі быў прадстаўлены гітлераўскі сакрэтны мемарандум ад 12 мая 1944 г., у якім прама адзначалася, што намечаная адпраўка з Беларусі ў Германію 40–50 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў “мае мэту не толькі прадухіліць умацаванне ваеннай сілы ворага, але таксама скараціць яго біялагічны патэнцыял у будучым”. За час акупацыі з Беларусі было вывезена 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнулася ж дамоў пасля перамогі каля 120 тыс. чалавек.

Імкнучыся духоўна заняволіць народ, гітлераўцы разрабавалі ўсе ВНУ, НДІ, АН БССР, Беларускі дзяржаўны гістарычны музей, Дзяржаўную карцінную галерэю, знішчылі тысячы помнікаў старажытнасці, гісторыі, культуры, архітэктуры Беларусі, разбурылі музеі, тэатры, клубы, больш за 7 тыс. школьных будынкаў і г.д.

Ахвярамі нямецка-фашысцкай “палітыкі генацыду і выпаленай зямлі” стала чвэрць насельніцтва Беларусі. Усяго ў рэспубліцы было знішчана больш за 2 млн. 200 тыс. чалавек.

8. Калабарацыяністы – асобы, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі. У заходнееўрапейскіх краінах дзейнасць калабарацыяністаў трактуецца як палітычнае, ідэалагічнае і ваеннае супрацоўніцтва з акупантамі. Да апошняга часу ў нас калабарацыя ацэньвалася як здрада радзіме. Да калабарацыяністаў адносяць супрацоўнікаў інстытутаў мясцовага самакіравання і паліцыі, у іх ліку Беларускай народнай самапомачы (БНС), Беларускага корпуса самааховы (БКС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) і Беларускай краёвай абароны (БКА). Па розных звестках, калабарацыянісцкі рух на Беларусі налічваў каля 100 тыс. чалавек, значная колькасць з якіх была вымушана далучыцца да яго акупантамі і іх памагатымі шляхам прымусу.

Калабарацыя на Беларусі была вынікам пэўных патрэб з боку акупацыйных уладаў – як ваенных, так і цывільных, у стварэнні дадатковых апаратаў кіравання. Гэты дапаможны апарат пачаў стварацца яшчэ летам 1941 г. Вялікія надзей на пераўтварэнне гэтага апарату ў самастойныя нацыянальныя ўрады мелі як польскія нацыянальныя дзеячы, так і нешматлікія беларускія нацыяналісты, якія актыўна пайшлі на супрацоўніцтва з нацыстамі яшчэ да лета 1941 г.

Галоўная мэта- гэта пашырэнне антырускіх настрояў праз падтрымку нацыянальных рухаў на Украіне, Беларусі і ў Прыбалтыцы. Менавіта з гэтай нагоды перыядычна з’яўляліся праекты і ідэі аб стварэнні на акупіраванай тэрыторыі нацыянальных дзяржаў».

Беларуская народная самапомач была створана 22 кастрычніка 1941 г., кіраўніком яе загадам А.Розэнберга быў прызначаны Ермачэнка. Ствараючы БНС, нямецкія акупацыйныя ўлады хацелі паказаць пэўным колам мясцовага насельніцтва, што на Беларусі пачалося будаўніцтва нацыянальнага інстытута самакіравання.Практычна БНС займалася вырашэннем толькі сацыяльных пытанняў: зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання і вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Напачатку такая дзейнасць БНС у пэўнай ступені адпавядала інтарэсам германскіх акупацыйных уладаў. Але паступова Беларуская народная самапомач ператварылася ў палітычны рух і пачала злучацца з органамі адміністрацыі.

Актыўную пазіцыю займалі кіруючыя колы калабарацыі ў справе ажыццяўлення прагерманскай маладзёжнай палітыкі. Актыўную працу сярод моладзі праводзіў Ф.Акінчыц, які стварыў у Берліне Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. Але яго спроба стварыць аддзелы партыі на Беларусі сутыкнулася з цвёрдай забаронай акупантаў на ўсялякую дзейнасць палітычных арганізацый. Таму Акінчыц узяў накірунак на стварэнне маладзёжнай арганізацыі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў частка фарміраванняў БКА апынулася ў Германіі. Калі ў 1945 г. у Германіі кіраўнікі БЦР пачалі ствараць брыгаду СС «Беларусь», у яе ўступіла 1094 чалавекі. Палову з іх склалі былыя вайскоўцы з БКА.

Вынікі: Крах палітыкі беларускіх калабарантаў вынікаў з таго, што акупацыйныя ўлады не ставіліся да яго сур’ёзна. Яны толькі выкарыстоўвалі беларускіх нацыяналістаў у сваіх мэтах, адначасова праводзілі палітыку рабавання і знішчэння мірнага насельніцтва. Ці мог беларускі народ у такіх абставінах падтрымаць калабарантаў? Вядома, што не! Перамогі Чырвонай Арміі на франтах вайны, актыўная дзейнасць беларускіх партызан і падпольшчыкаў, патрыятызм і разважлівасць насельніцтва рэспублікі не дазволілі нямецкім акупантам і мясцовай калабарацыі ажыццявіць у поўнай меры свае мэты на беларускай зямлі.





Дата публикования: 2015-02-20; Прочитано: 1518 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...