Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Перыяд апісальных ці практычных (утылітарных) класіфікацый



Яшчэ ў пачатку сваёй гісторыі чалавек звярнуў увагу на вялікую разнастайнасць расліннага свету. У працэсе гаспадарчай дзейнасці ён імкнуўся пазнаць і адрозніць расліны карысныя (харчовыя, лекавыя і інш.), а таксама шкодныя, асабліва ядавітыя. Вельмі рана чалавек стаў выкарыстоўваць зерне многіх хлебных злакаў (пшаніца, проса, ячмень), якія знойдзены пры археалагічных раскопках і адносяцца да 6 – 5 тысячагоддзяў да н. э.

Вырошчванне харчовых раслін і знаёмства з лекавымі травамі адлюстраваны ў іерогліфах і малюнках на грабніцах егіпецкіх фараонаў (3000 гадоў да н. э.). Малюнкі на старажытнаегіпецкіх помніках адлюстроўваюць у першую чаргу ядомыя, прадзільныя, лекавыя расліны.

Апісанні раслін упершыню з’яўляюцца ў старажытнакітайскіх творах пад назвай Шу-Кінг (каля 2200 гадоў да н. э.). Тут дадзены звесткі аб хлебных раслінах, лімонных дрэвах, тутавым дрэве; упамінаюцца таксама гарох, бабы, бавоўнік, каноплі.

Аб выкарыстанні старажытнымі народамі такіх раслін, як хлебныя злакі, проса, цыбуля, часнок, вядома ад грэчаскага гісторыка Герадота (484 – 425 гг. да н. э.). Кукурузу, бульбу, тытунь вырошчвалі старажытныя народы Мексікі і Перу.

Старажытнагрэчаскае прыродазнаўства знайшло сваё адлюстраванне ў працах Арыстоцеля (384 – 322 гг. да н. э.). Для свайго часу ён быў буйнейшым натуралістам. Важна адзначыць, што Арыстоцель інтуіцыйна прызнаваў роднасць усяго жывога. Расліны ён разглядаў як частку прыроды.

Самай першай вядомай нам класіфікацыяй раслін была класіфікацыя Тэафраста. Тэафраст (371 – 287 гг. да н. э.) – вучоны і філосаф старажытнай Грэцыі. Яго сапраўднае імя Тыртамос, Тыртам. Імя Тэафраст – цудоўны
аратар – даў свайму вучню Арыстоцель.

У аснову сваёй класіфікацыі Тэафраст паклаў экалагічны прынцып, вылучаючы класіфікацыйныя групы на аснове жыццёвых формаў раслін. Тэафраст падзяляе ўсе расліны на дрэвы, хмызнякі, паўхмызнякі і травы, адрознівае наземную флору, выдзяляючы ў ёй расліны лістападныя і вечназялёныя, і флору водную з раслінамі прэснаводнымі і марскімі. Тэафраст увязваў веды аб раслінах з пытаннямі іх практычнага выкарыстання, паклаўшы пачатак утылітарнаму напрамку ў класіфікацыі.

Сістэма Тэафраста была першай спробай экалагічнага падыходу да класіфікацыі. ён з’яўляецца стваральнікам першай штучнай класіфікацыі раслін. Уплыў класіфікацыі Тэафраста прасочваецца амаль да нашага стагоддзя.

У далейшым утылітарны напрамак доўгі час быў пануючым пры вывучэнні раслін і іх класіфікацыі (Пліній Старэйшы – 23 – 79 гг н.э., Дыяскарыд – І ст. н.э.).

Пэўны ўклад у развіццё батанікі ў cярэднія вякі (V – XVI ст.) зрабілі арабскія выдатныя вучоныя і лекары Разес – Махамед бен Захарыя (850 – 923 гг.); Авіцэна – Абу Алі Ібн Сіна (980 – 1037 гг.); Аль-Біруні (973 – 1048 гг.); Ібн-Эль Байтара (1197 – 1248 гг.), а таксама магістр ордэна дамініканцаў, нямецкі філосаф Альберт Вялікі – Альберт фон Больштэдт (1193 –1280 гг.).

Эпоха Адраджэння (XІV – XVI ст. н.э.) адзначалася цікавасцю да антычнай культуры, прац старажытных аўтараў, імкненнем да вывучэння мясцовай прыроды асобных краін. Рэзка пашырылі ўяўленні пра багацце і разнастайнасць расліннага царства вялікія геаграфічныя адкрыцці (Марка-Пола, Магелана), першыя батанічныя сады ў XIV ст. (Італія), новы спосаб кнігадрукавання (XV cт.), прымяненне гербарызацыі раслін (пачатак XVI ст.), тэхніка гравіроўкі адлюстравання знешняга выгляду раслін. Усё гэта спрыяла з’яўленню так званых траўнікаў – кніг з апісаннем і адлюстраваннем раслін. З’яўляюцца першыя траўнікі Брунфельса (1530 – 1536 гг.), Бока (1539 г.), Фукса (1543 г.), Геснера (1544 г.), Данонеўса (1554 г.), Маціолі (1562 г.), Лабеліўса (1576 г.), Табернемантануса (1588 г.). Гэтую эпоху называюць эпохай бацькоў батанікі, ці апісальным перыядам у гісторыі сістэматыкі раслін. На мяжы XVI-XVII ст. з’яўляюцца выдатныя працы Клюзіуса (1525 – 1609 гг.) і швейцарскага батаніка К. Баўгіна (1560 – 1624 гг.), які віды раслін размеркаваў па прыкметах падабенства на 12 класаў.

Такім чынам, ХVI ст. адзначаецца ў гісторыі сістэматыкі раслін слыннымі прозвішчамі выдатных навукоўцаў – «бацькоў батанікі». Іх працы спрыялі развіццю батанікі, вывучэнню флоры асобных краін.

Аднак далейшае развіццё сістэматыкі раслін стрымлівалася адсутнасцю агульных узгодненых правіл апісання раслін.

Перыяд штучных сістэм раслін. Перыяд з канца ХVI да другой паловы ХVIII стагоддзяў характарызуецца з’яўленнем шэрагу штучных марфалагічных сістэм, інакш сістэм, якія будаваліся на аснове параўнання якойсці адной ці некалькіх прыкмет.

Так, у канцы ХVI ст. з’яўляецца работа італьянскага батаніка, анатама, мінералага А. Цэзальпіна (1519 – 1603 гг.) У аснову класіфікацыі Цэзальпіна былі пакладзены прынцыпы будовы органаў размнажэння. Раслінны свет быў падзелены на два аддзелы: 1) дрэвы і хмызнякі, 2) паўхмызнякі і травы. Далей яны драбіліся на 15 класаў на аснове будовы пладоў і ліку гнёздаў і насення ў іх, а затым выдзяляліся групы меншага аб'ёму з улікам будовы кветкі. Асобнае месца ў сістэме Цэзальпіна займаў 15-ы клас, куды былі аднесены мхі, папараці, хвашчы і грыбы. Сістэма Цэзальпіна, недасканалая з сучаснага пункту гледжання, была важным этапам у развіцці сістэматыкі раслін.

У класіфікацыйнай сістэме англійскі батанік Д. Рэй (1623 – 1705 гг.) выдзяляе аддзелы раслін па ліку семядоляў у зародку насення і падраздзяляе іх на аднасемядольныя і двухсемядольныя. У сваёй сістэме ён прымае да ўвагі, акрамя насення і пладоў, форму кветкі.

Сучаснік Рэя французскі батанік Ж. Турнефор (1656 – 1708 гг.) стварыў сваю сістэму раслін, заснаваную на форме венчыка кветкі. Турнефор падраздзяляе расліны на беспялёсткавыя і шматпялёсткавыя. Ён, як і Рэй, падраздзяляе кветкі на простыя і складаныя, на правільныя і няправільныя; захаваў старое дзяленне на дрэвы, хмызнякі і травы.

Па форме кветкі Турнефор раздзяліў кветкавыя расліны спачатку на 14, а затым на 18 класаў.

Ролю рэфарматара батанікі выканаў вялікі шведскі вучоны К. Ліней
(1707 – 1778 гг.). Ён быў з ліку тых батанікаў, якія ў XVIII ст. ацанілі вучэнне Камерарыўса аб полу ў раслін. Ліней паклаў гэтае вучэнне ў аснову сваёй знакамітай палавой сістэмы ў раслін, выкладзенай ім у кнігах “Сістэма Прыроды” (1735 г.), “Асновы батанікі” (1736 г.), “Віды раслін” (1753 г.) і інш. Сістэма Лінея таксама была штучнай, але тым не менш яна выгадна адрознівалася ад сістэм Рэя, Тарнефора і іншых яго папярэднікаў. К. Ліней выбраў у якасці асноўнай сістэматычнай прыкметы орган размнажэння, а не плод, як гэта зрабіў Цэзальпіна, а кветку, але не форму кветкі, як Турнефор, а будову андрацэя.

Сістэма Лінея ўключае 24 класы раслін. У 23 класах прадстаўлены расліны з кветкамі, якія адрозніваюцца паміж сабой колькасцю тычынак, іх узаемным размяшчэннем, аднолькавай ці рознай даўжынёй, размеркаваннем палоў, а таксама расліны, у якіх тычынкі зрасліся са слупком песціка. У 24 клас Лінней уключыў “бяскветкавыя” расліны, г.зн. такія, у якіх няма кветак.

Вялікая заслуга К. Лінея перад батанікай у тым, што ён упершыню ўвёў бінарную наменклатуру раслін: від расліны назваў двума словамі – родавым і відавым. Напрыклад: від вярба белая – Salix (родавая назва), alba (відавы эпітэт).

Сістэмай К. Лінея заканчваецца перыяд штучных сістэм у гісторыі сістэматыкі раслін.





Дата публикования: 2015-02-17; Прочитано: 278 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...