Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Артыкул 46. Выключаны



ГЛАВА 10
КАДРАВАЕ І ФІНАНСАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

Артыкул 47. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры

1. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях у адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, сродкаў фізічных і юрыдычных асоб.

3. Парадак падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў культуры, прысваення ім кваліфікацыйных катэгорый вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 48. Атэстацыя работнікаў культуры

1. Работнікі культуры, акрамя дзеячаў культуры і мастацтва, падлягаюць атэстацыі не радзей чым адзін раз у пяць гадоў, калі заканадаўчымі актамі не ўстаноўлены іншы тэрмін.

2. Парадак правядзення атэстацыі работнікаў культуры, а таксама кола асоб, якія не падлягаюць атэстацыі, вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 49. Фінансаванне культурнай дзейнасці

1. Асновай дзяржаўных гарантый захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры з’яўляецца фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

2. Выключаны.

3. Фінансаванне дзейнасці дзяржаўных устаноў культуры, дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры, дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, – культурных мерапрыемстваў і культурных праектаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

4. Выключаны.

5. Дадатковымі крыніцамі фінансавання дзейнасці ўстаноў культуры з’яўляюцца:

5.1. даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ажыццяўленне такой дзейнасці прадугледжана статутам установы культуры і заканадаўствам;

5.2. крэдыты банкаў;

5.3. добраахвотныя ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб;

5.4. іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўчымі актамі.

6. Юрыдычныя і фізічныя асобы маюць права ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам ствараць фонды для фінансавання культурнай дзейнасці.

ГЛАВА 11
МІЖНАРОДНАЕ КУЛЬТУРНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Артыкул 50. Задачы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

Задачамі суб’ектаў культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца:

узбагачэнне культурнага жыцця беларускага народа, далучэнне грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да каштоўнасцей сусветнай культуры;

азнаямленне сусветнай грамадскасці з культурай Беларусі;

інтэграцыя беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і сусветную інфармацыйную прастору.

Артыкул 51. Прынцыпы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

Суб’екты культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага культурнага супрацоўніцтва кіруюцца наступнымі прынцыпамі:

прызнанне і павага годнасці, каштоўнасці і неабходнасці захавання кожнай культуры, роўнасць культур, роўная вартасць нацыянальных культур для сусветнай культуры, разгляд усіх культур у іх разнастайнасці ў якасці складанай часткі агульнага набытку чалавецтва;

служэнне культуры справе міру, развіццю мірных і дружалюбных адносін паміж дзяржавамі;

узаемавыгаднасць (узаемная карысць) культурнага супрацоўніцтва;

абавязковасць абароны культурных каштоўнасцей у мірны і ваенны час.

Артыкул 52. Напрамкі і прававыя асновы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

1. Напрамкамі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца:

1.1. міжнародны культурны абмен;

1.2. культурныя сувязі з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой;

1.3. захаванне і ахова культурных каштоўнасцей;

1.4. сумесная дзейнасць па стварэнню і выкарыстанню культурных каштоўнасцей;

1.5. навукова-даследчая дзейнасць у галіне культуры;

1.6. арганізацыя і (або) правядзенне культурных мерапрыемстваў.

2. Прававымі асновамі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, рашэнні міжнародных арганізацый, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.





Дата публикования: 2015-02-03; Прочитано: 811 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...