Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Уступнае тлумачэнне. Лясная экасістэма (біягеацэноз) з’яўляецца комплексам біяцэнозу і экатопа, якія ўзаемазвязаны



Лясная экасістэма (біягеацэноз) з’яўляецца комплексам біяцэнозу і экатопа, якія ўзаемазвязаны. Змяненні лясной экасістэмы з цягам часу могуць быць прадстаўлены ў шматлікіх мадэлях (змяненні на працягу дня, на працягу года, доўгатэрміновыя кліматычныя змены (пастаяннага клімату проста не існуе, а таму не можа быць і пастаяннай экасістэмы).

Трэба ўлічваць, што расліны і жывёлы, якія ўтвараюць біёту экасістэмы, ніколі не бываюць аднымі і тымі ж больш чым на дадзены момант. У выніку мутацый, натуральнага адбору, распаўсюджвання новых папуляцый, якія вызначаюцца суадносінамі генаў, арганізмы, якія ўтвараюць біёту лясной экасістэмы, знаходзяцца пастаянна ў стане змяненняў.

У роўнай меры значныя змяненні экасістэмы ў прасторы.

Такім чынам, змяненне характарызуе экасістэму пастаянна, устойлівасць толькі адносная.

Пад экалагічнай устойлівасцю лясных экасістэм прынята разумець здольнасць экасістэмы дастаткова доўгі час супрацьстаяць экстрэмальным фактарам без вымірання або дэградацыі асобных кампанентаў экасістэмы. У некаторых выпадках пры вызначэнні ўстойлівасці экасістэмы разглядаецца толькі мера змянення асобных уласцівасцяў пры ўздзеянні на яе. Тут паняцце «ўстойлівасць» практычна эквівалентна паняццю «стабільнасць». У той жа час «стабільнасць» – гэта тэндэнцыя сістэмы заставацца прыблізна ва ўмовах раўнавагі або звяртацца ў гэтыя ўмовы пасля ўздзеяння экстрэмальных фактараў.

За меру ўстойлівасці экасістэмы часта прымаецца яе фітацэнатычная, структурна-функцыянальная і генетычная разнастайнасць. Гэта абумоўлена высокай ступенню карэляцыі паміж разнастайнасцю і ўстойлівасцю экасістэмы.

Найбольш устойлівыя згуртаванні, якія максімальна адпавядаюць экалагічнаму комплексу і характарызуюцца складаным відавым саставам і структурай. Найменш устойлівыя – монакультуры і фітацэнозы са спрошчанай структурай, якія пераважна ствараліся ў практыцы лясной гаспадаркі. Апошнія, як правіла, у большай ступені схільныя да хвароб і пашкоджанняў шкоднікамі і не здольныя да самааднаўлення. Шматлікасць відаў забяспечвае бесперапыннасць функцыянавання лясных экасістэм на фоне паступовых або рэзкіх змяненняў асяроддзя – аж да экстрэмальных, стрэсавых сітуацый, якія ўзнікаюць пры антрапагенных уздзеяннях. Розныя віды па-рознаму прыстасаваны да змяненняў навакольнага асяроддзя. Таму шырокі набор відаў можа рэагаваць на разнастайныя змяненні знешняга асяроддзя больш паспяхова, чым згуртаванне, якое складаецца з малой колькасці відаў, і, значыць, першае больш устойлівае.

Пры захаванні генетычнай разнастайнасці папуляцый дрэвавых раслін празмернае захапленне стварэннем патомства толькі адных, хоць бы і лепшых, генатыпаў можа мець адмоўныя вынікі для лясной гаспадаркі. Вырошчванне клонавых і прышчэпачных культур непазбежна вядзе да збяднення генафонду папуляцыі. У той жа час толькі захаванне ў як мага больш поўным аб’ёме ўсяго генафонду, забеспячэнне прыроднага абмену генамі з’яўляецца біялагічнай асновай устойлівасці лясной экасістэмы. У папуляцыях з поўным аб’ёмам генафонду існуе мабілізацыйны рэзерв унутрывідавой спадчыннай зменлівасці, які мае вялікае прыстасавальнае значэнне пры змяненні ўмоў вонкавага асяроддзя.

Для экасістэмы характэрны кампенсацыйныя механізмы, якія дазваляюць дапаўняць адмоўны ўплыў аднаго змянення асобнага кампанента, жывога або нежывога, станоўчым змяненнем другога, і наадварот, паказваючы тым самым інтэгравальны эфект сістэмы. Гэты стан мае назву гамеастазу або раўнавагі экасістэм. Здольнасць да гамеастазу ўяўляе сабой найбольш істотную якасць экасістэмы як структурнай адзінкі, якая цесна аб’ядноўвае жывую і нежывую прыроду ў канкрэтным пункце геаграфічнай прасторы. Асноўныя ўласцівасці экасістэмы, якія вызначаюць яе здольнасць да гамеастазу, спецыфічныя для кожнай тыповай экасістэмы і могуць быць выяўлены толькі пры глыбокім даследаванні. Тым не менш маюцца і нейкія агульныя для ўсіх экасістэм прынцыпы, а можа быць, і характэрныя для іх законы, якія можна было б назваць экалагічнымі (Б. Команэр, 1974).

1. Прынцып усеагульнай сувязі кампанентаў экасістэмы.

2. Прынцып адпаведнасці кампанентаў (зразумела, адноснай).

3. Прынцып адноснай цярплівасці экасістэмы да парушэнняў да пэўнай мяжы. Гэта – прынцып пругкасці экасістэмы.

4. Прынцып кансерватыўнасці экасістэмы, па якім ўсякае істотнае па маштабах новаўвядзенне ў гамеастатычны механізм шкоднае для яго, надоўга, калі не назаўсёды, парушае яго зладжаную работу.

5. Прынцып экалагічнага балансу. Ён прадугледжвае, што калі на ўваходзе ў экасістэму паступіла нейкая колькасць рэчыва, энергіі ці інфармацыі, то на выхадзе варта чакаць аддачы адпаведнай колькасці і якасці прадукцыі.

Устойлівасць лясной экасістэмы звязана перш за ўсё з антрапагенным уздзеяннем. Гэта ўздзеянне вызначаецца фактарамі, звязанымі з эксплуатацыяй лясоў і іншай гаспадарчай дзейнасцю (высечкі галоўнага карыстання і догляду, стварэнне лясных культур, прымяненне ўгнаенняў, будаўніцтва дарог, рэкрэацыя, гідралесамеліярацыя і інш.), а таксама выкліканымі развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі (газавыя эмісіі, кіслыя ападкі, забруджаны паверхневы сцёк з сельгасугоддзяў). Гэтыя фактары робяць уплыў на прадукцыйнасць і ўстойлівасць лясных экасістэм як непасрэдна, так і праз змяненне экалагічнага рэжыму радыяцыйнага, харчовага, паветранага і гідратэрмічнага рэжыму. Устойлівасць экасістэмы ў адносінах да антрапагеннага ўздзеяння неабходна разумець перш за ўсё як унутраную ўласцівасць цэласнай сістэмы, здольнай шляхам самаарганізацыі настройвацца ў адносінах да флуктуацый навакольнага асяроддзя такім чынам, што яго функцыянальная структура не парушаецца, інакш кажучы, якасныя і колькасныя перабудовы ў структуры сістэмы з’яўляюцца абарачальнымі.

Аналізуючы розныя выказванні адносна паняцця «ўстойлівасць экасістэмы», можна вылучыць некаторыя групы патрабаванняў да розных біялагічных сістэм, ад якіх залежыць іх устойлівасць.

Першае – гэта патрабаванне вядомай нязменнасці ў часе цэлага геаграфічнага рэгіёна або ландшафту. Рэгіён можа ўключаць у сябе вялікую колькасць розных біягеацэнозаў, а агульная сістэма рэгіёна складаецца з розных экасістэм, дастаткова слаба звязаных адна з адной. Асноўнымі працэсамі, якія вызначаюць дынаміку рэгіёна, з’яўляюцца не змяненні колькасці асобных відаў, якія яго насяляюць, а хутчэй глабальныя біягеахімічныя цыклы.

Другая група патрабаванняў – захаванне колькасці відаў у дадзеным біялагічным згуртаванні. Згуртаванне лічыцца ўстойлівым, калі колькасць відаў, якія яго складаюць, не змяняецца на працягу дастаткова доўгага часу. Магчыма, іменна гэта экалагічнае азначэнне стаіць бліжэй за іншыя да розных матэматычных азначэнняў устойлівасці.

Трэцяя група патрабаванняў адносіцца хутчэй да асобных папуляцый, чым да згуртаванняў. Лічыцца, што згуртаванне з’яўляецца ўстойлівым, калі колькасць папуляцый, якія яго складаюць, рэзка не змяняецца.

Для лясных экасістэм існуе цэлы шэраг традыцыйных паказнікаў стану ўстойлівасці або дыгрэсіі, які выражаецца праз шчыльнасць размяшчэння дрэў у прасторы, суадносіны прыросту і адпаду, ступень развіцця крон, стан падлеску і наглебавага покрыва і інш. Аднак прыкметныя змяненні гэтых параметраў, як правіла, адбываюцца пасля працяглага якога-небудзь уздзеяння на лясную экасістэму. Гэта зразумела, таму што змяненні марфалагічных і прадукцыйных паказнікаў стаяць у самым канцы ланцуга структурных і функцыянальных змяненняў раслінных арганізмаў. Так, паводле сучасных уяўленняў, існуе наступная паслядоўнасць рэакцыі раслін на пашкоджанні атмасфернымі забруджвальнікамі: біяхімічны ўзровень (фотасінтэз, дыханне), ультраструктурны (дэзарганізацыя клетачных мембран) і клетачны (дэструкцыя ядра, клетачных сценак, мезафілу), пасля чаго развіваюцца бачныя пашкоджанні (хлароз і нікроз лісця).

На ўстойлівасць лясных экасістэм ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння апасродкаваны ўплыў робяць экалагічны рэжым месцазнаходжання, у першую чаргу гідралагічны рэжым тэрыторыі, і водны рэжым глебы. Практычна ўсе віды антрапагеннага ўздзеяння змяняюць узровень вільгацезабяспечанасці раслін і фітацэнозаў як непасрэдна праз змяненне ўзроўневага рэжыму грунтавых вод (асушальная меліярацыя, падтапленне), так і ў сувязі са змяненнем водна-фізічных уласцівасцей глебы (ушчыльненне пры рэкрэацыі) або абязводжваннем асіміляцыйнага апарату пры атмасферным забруджванні. Ва ўмовах забруджанай атмасферы расліны для ажыццяўлення фотасінтэзу больш патрабавальныя да вільгацезабяспечанасці, чым расліны ў кантролі, гэта значыць, на адзінку прадукцыі фотасінтэзу яны расходуюць больш вільгаці.

Біялагічная разнастайнасць лясоў. Устойлівасць лясных згуртаванняў вызначаецца спецыфікай і ўзроўнем іх біяразнастайнасці. У аснове разумення праблем біяразнастайнасці ляжыць тэорыя сістэм, а практычнай рэалізацыі захавання – навукова абгрунтаваная і эфектыўная сетка асоба ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў з поўнай іх інвентарызацыяй і пашпартызацыяй. Тэарэтычнай базай праблемы з’яўляецца канцэпцыя ўзроўняў арганізацыі жыцця. Цэнтральнае месца ў іерархіі ўзроўняў займае згуртаванне – папуляцыя – арганізм – клетка – ген. Вышэйшай фор-май арганізацыі жывога выступае экасістэма (біягеацэноз), дзе раслін-нае згуртаванне выконвае галоўную стабілізавальную функцыю.

У згуртаванні (або лясным насаджэнні) выдзяляюцца тры асноўныя тыпы біяразнастайнасці: відавы, структурны і генетычны. Відавая разнастайнасць характарызуецца трыма кампанентамі: агульнай відавой насычанасцю, колькасцю груп і дамінавальных відаў, якія складаюць фізіянамічнае аблічча насаджэння, або папуляцыі. Структурная разнастайнасць вызначаецца разнастайнасцю згуртаванняў, папуляцый, занальных варыянтаў. Генетычная разнастайнасць выдзяляецца ступенню праяўлення генетычнай зменлівасці вядучых цэнозаўтваральнікаў і дамінавальных відаў, якія ствараюць фізіянамічнае аблічча згуртавання (насаджэння), або папуляцыі.

Для рэгіянальнага ўзроўню найбольшае значэнне мае экасістэмная форма арганізацыі жыцця. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што экасістэмы (біягеацэнозы) знаходзяцца ў пастаянным развіцці, утвараюць шэраг экалагічных сукцэсій. Вось таму яны характарызуюцца вялікай разнастайнасцю, што добра праяўляецца ў фармацыях і тыпах расліннасці.

Урадам Рэспублікі Беларусь адобрана «Нацыянальная стратэгія і план дзеянняў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці РБ» [57]. Гэты дакумент прадугледжвае:

· фармаванне палітыкі і ўдасканаленне заканадаўства ў вобласці захавання і ўстойлівага выкарыстання біяразнастайнасці;

· развіццё кіравання і эканамічнага рэгулявання выкарыстання біяразнастайнасці;

· развіццё сістэмы асабліва ахоўных тэрыторый;

· экалагічнае ўдасканаленне навукова-тэхнічнай, тэхналагічнай дзейнасці, аптымізацыя выкарыстання прыродных рэсурсаў у розных сацыяльна-эканамічных сектарах;

· экалагічнаю адукацыю, выхаванне і асветніцкую дзейнасць, падрыхтоўку кадраў.

За меру ўстойлівасці экасістэмы часта прымаецца яе разнастайнасць. Разнастайнасць часта вызначаецца колькасцю відаў на адзінку плошчы – багацце відаў і разнастайнасць размеркавання іх на плошчы. Важным і інфармацыйным паказнікам агульнага відавога багацця служыць колькасць відаў кветкавых раслін, якія на сушы з’яўляюцца асноўнымі стваральнікамі арганічнага рэчыва. У найбольш багатых трапічных лясах кветкавых раслін налічваецца больш за 2000 відаў. У саставе флоры Беларусі каля 700 відаў раслін, якія жывуць у лясных згуртаваннях. Найбольшая колькасць відаў налічваецца ў сасновых і шыракалістых лясах – адпаведна 360 і 347 відаў сасудзістых раслін. Флора яловых лясоў уключае 221 від раслін. Драбналістыя лясы з’яўляюцца, у асноўным вытворнымі ад карэнных тыпаў лесу, і таму флора іх у многім падобна з такой жа флорай папярэдніх карэнных фармацый. Флора чорнаальховых лясоў прадстаўлена 226 відамі раслін, пушыстабярозавых – 121 відам.

Увогуле відавы састаў згуртаванняў у значнай меры залежыць ад разнастайнасці асяроддзя. У такіх біятопах, дзе могуць знайці для сябе ўмовы розныя па экалагічнай патрабавальнасці віды, фармуюцца больш багатыя па флоры і фауне згуртаванні. Так, па колькасці відаў сасудзістых раслін самымі багатымі з’яўляюцца сасняк і дубровы складаныя, а самымі беднымі – саснякі лішайнікавыя.

Разнастайнасць асяроддзя ўтвараецца як абіятычнымі фактарамі, так і самімі жывымі арганізмамі. Кожны від стварае ўмовы для замацавання ў біяцэнозе і іншых відах, якія звязаны з імі трафічнымі і тапічнымі адносінамі. Структура біяразнастайнасці лясоў Беларусі па матэрыялах Стратэгічнага плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі (1997) прадстаўлена ў табл. 51.

СТБ 1708-2006 «Устойлівае лесакіраванне і лесакарыстанне. Асноўныя палажэнні» устанаўлівае асноўныя палажэнні ўстойлівага лесаўпраўлення і лесакарыстання ў Рэспубліцы Беларусь, накіраваныя на забеспячэнне высокай прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясных экасістэм, павышэнне іх біялагічнай разнастайнасці, мінімізацыю або выключэнне адмоўнага ўздзеяння лесагаспадарчай вытворчасці на навакольнае асяроддзе.

Табліца 51





Дата публикования: 2014-11-29; Прочитано: 1005 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...