Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Практычная этналінгвістычная лексікаграфія. Этналінгвістычныя і лінгвакраіназнаўчыя слоўнікі



У межах практычнай этналінгвістычнай лексікаграфіі неацэнным з’яўляецца ўклад М. І. Талстога. Вынікам яго шматгадовай працы стаў “Полесский этнолингвистичесский сборник” (1998 г.). У ім адлюстраваны побыт жыхароў Беларусі, іх культура, апісаны шмалікія абрады і рытуалы, сабраны моўныя адзінкі, апісанні свят, міфалагічных вераванняў і інш. Увесь моўны матэрыял сістэматызаваны, змястоўна і грунтоўна выкладзены. Праца змяшчае дыялекталагічную, культуралагічную і этнаграфічную інфармацыю.

Асобнае месца ў сучаснай лексікаграфічнай традыцыі займае этналінгвістычны слоўнік “Словянские древности” (1999 г.). Гэта першая ў славістыцы спроба зрабіць этналінгвістычны слоўнік ўсіх славянскіх народаў. Ён падводзіць вынік ў вывучэнні славянскіх моў, фальклору, міфалогіі, этнаграфіі, народнага мастацтва больш за паўтара стагоддзя. У слоўніку змешчаны артыкулы, прысвечаныя народнаму ўяўленню пра светабудову, прыроду, святых ахоўнікаў, даюцца міфалагічныя звесткі пра існаванне ведзьмакоў і разнастайных духаў. Тут падрабязна расказваецца пра народны каляндар, звычаі, абрады і святы славян. Слоўнік “Словянские древности”, не з’яўляючыся ў строгім сэнсе слоўнікам лінгвістычным, дае лінгвісту магчымасць найбольш дакладна выявіць ўсю сукупнасць “канатацый” слова на аснове прадстаўленага аналізу матэрыялаў традыцыйнай народнай духоўнай культуры.

Нацыянальныя каштоўнасці рускай культуры пры дапамозе 69 базавых канцэптаў апісаны акад РАН Ю.С.Сцяпанавым у лексікаграфічным выданні ”Константы. Словарь русской культуры” (2001г.). Набыткі беларускай лінгвістыкі па выяўленні базавых канцэптаў больш сціплыя і грунтуюцца, як правіла, на вылучэнні канцэптаў з беларускіх тэкстаў. З гэтай прычыны для практычнай этналінгвістычнай лексікаграфіі актуальным сёння з’яўляецца стварэнне беларускамоўных канцэптуарыяў і слоўнікаў лінгвакультурных канцэптаў.

Лінгавакраіназнаўчыя слоўнікі прызначаны апісваць нацыянальна-культурную семантыку мовы, перш за ўсё такія яе адзінкі, як словы, фразеалагізмы і моўныя афарызмы. Лексікографы, адбіраючы моўны матэрыял, сутыкаюцца з праблемай яго дакладнага вытлумачэння, якое, безумоўна, немагчыма зрабіць без ведання ўсіх асаблівасцей жыцця народа, яго побыту і культуры. З семантычнай характарыстыкі названых моўных адзінак выбіраюцца тыя кампаненты значэння, якія добра вядомы носьбітам мовы, аднак невядомыя чужаземцам, таму лінгавакраіназнаўчыя слоўнікі прызначаны найперш для жыхароў іншых краін. Лексікаграфічнае апісанне рэгіянальных моўных асаблівасцей не можа весціся без ведання традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры, мясцовых звычаяў, абрадаў і традыцыйнага народнага светабачання. Таму пры складанні такога тыпу слоўнікаў лексікографы і этналінгвісты, як правіла, кіруюцца наступнымі патрабаваннямі:

1. Лінгвакраіназнаўчыя слоўнікі паводле іх прызначэння павінны выконваць адначасова чатыры функцыі: нарматыўную, тлумачальную, лінгвадыдактычную і энцыклапедычную. Кожная з гэтых функцый, у сваю чаргу, рэалізуецца ў лінгвакраіназнаўчых слоўніках не адасоблена, а ў цеснай сувязі з іншымі.

2. У лінгвакраіназнаўчых слоўніках павінны апісвацца моўныя адзінкі, якія належаць толькі літаратурнай мове і якія складаюць яе этнакультурны кампанент.Нацыянальна-культурная семантыка моўных фактаў тэрытарыяльных і сацыяльных дыялектаў павінна апісвацца ў межах лінгвакраіназнаўства. Аднак асобныя намінатыўныя адзінкі такога кшталту могуць быць прадметам лінгвакраіназнаўчага апісання нацыянальна-культурнай семантыкі мовы, але толькі тады, калі яны або шырока функцыянуюць у літаратурнай мове і знаёмыя ўсім яе носьбітам, або ўжываюцца ў вядомых мастацкіх ці публіцыстычных тэкстах.

3. Структура слоўнікавага артыкула ў лінгвакраіназнаўчых слоўніках павінна адпавядаць іх функцыянальнаму прызначэнню. Першаснае значэнне ў лінгвакраіназнаўчай рэпрэзентацыі нацыянальна-культурнай семантыкі мовы пры яе лексікаграфічным апісанні належыць слоўнікаваму артыкулу, у якім павінны быць адлюстраваны нарматыўны аспект функцыянавання намінатыўных адзінак мовы, тлумачэнне іх значэння і асаблівасцей ужывання, стылістычная і экспрэсіўна-эмацыйная характарыстыка, лінгвадыдактычны аспект апісання нацыянальна-культурнай семантыкі мовы на ўсіх яе ўзроўнях, у тым ліку і звесткі пазнавальнага характару.

У 1979г. у Маскве выйшаў лінгвакраіназнаўчы слоўнік “Русские пословицы, поговорки и крылатые выражения” (аўтары Ю.Е. Прохараў, Феліцына В.П.), у якім дадзена апісанне рускамоўных адзінак з нацыянальна-культурнай семантыкай. У слоўніку прадстаўлена каля 450 найбольш ужывальных прыказак, прымавак і крылатых выразаў, тлумачэнне якіх суправаджаецца гістарычным каментарыем, прыводзяцца пэўныя сітуацыі, у якіх можна выкарыстаць тую ці іншую моўную адзінку. Увогуле, гэты слоўнік мае традыцыйную структуру лінгвакраіназнаўчых даведнікаў.

“Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” Івановай С.Ф. і Іванова Я.Я. (1997г.) з’яўляецца першым лінгвакраіназнаўчым слоўнікам беларускай мовы. Дадзенае выданне з’яўляецца лексікаграфічным апісаннем уласнабеларускай моўнай афарыстыкі і ў гэтым сэнсе амаль нічым не адрозніваецца ад даведачных выданняў тлумачальнага характару, г.зн. можа выкарыстоўвацца ў якасці нарматыўнага тлумачальнага даведніка прыказак, прымавак і крылатых выразаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. З’яўляючыся лінгвакраіназнаўчым дапаможнікам, слоўнік, акрамя даведачнай, мае яшчэ і навучальную функцыю, якая рэалізуецца найперш у асаблівасцях пабудовы слоўнікавых артыкулаў, а таксама ў прызначэнні і структуры дадатку да слоўніка. Дзякуючы наяўнасці разнастайнай пазнавальнай інфармацыі, слоўнік можа быць скарыстаны ў пэўнай ступені і як энцыклапедычнае выданне. “Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў”, як і любы іншы лінгвакраіназнаўчы слоўнік, непасрэдна зарыентаваны на практыку вывучэння беларускай мовы як замежнай. Акрамя гэтага, ён разлічаны таксама і на выкарыстанне ў якасці тлумачальнага даведніка, вучэбнага дапаможніка і навукова-папулярнага выдання пры вывучэнні беларускай мовы ва ўмовах блізкароднаснага руска-беларускага двухмоўя.

Што да рэестравай часткі слоўніка, то, па-першае, у яго ўвайшлі толькі тыя прыказкі, прымаўкі і крылатыя выразы з этнакультурнай афарбоўкай, якія належаць да найбольш ужывальных у сучаснай беларускай мове, напрыклад: На лечаным кані далёка не паедзеш; Пра каго звоняць, таго і чэрці гоняць; Трапіў у вараны, крычы, як яны і інш. Па-другое, у слоўнік увайшлі толькі тыя афарыстычныя адзінкі, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі з лінгвакраіназнаўчага пункту гледжання. Гэта, найперш, прыказкі і прымаўкі ўласнабеларускага паходжання, у якіх адлюстраваны геаграфічныя, сацыяльна-гістарычныя і культурныя асаблівасці жыцця нашага народа, яго светапогляд і маральна-этычныя каштоўнасці, побыт і звычаі, напрыклад: Або грай, або скрыпку аддай; Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку.

Трэба адзначыць, што невялікую колькасць моўных адзінак у гэтым слоўніку складаюць афарызмы, ужыванне якіх па розных прычынах абмежаванае, але яны вядомыя амаль кожнаму, для каго беларуская мова з’яўляецца роднай. Гэта перш за ўсё ўстарэлыя прыказкі і прымаўкі, напрыклад: Рэчкі не пераплыў – няма чаго панчохі сушыць. Тое ж самае можна сказаць і пра некаторыя моўныя афарызмы, ужыванне якіх стылістычна абмежаванае, напрыклад: Кожны чалавек – гэта цэлы свет (К. Чорны). У лексікаграфічным даведніку змешчана таксама невялікая колькасць прыказак і прымавак, якія з’яўляюцца зараз агульнаўжывальнымі ў беларускай, рускай, украінскай ці польскай мовах. Уключэнне ў слоўнік такіх моўных адзінак тлумачыцца не толькі іх шырокай распаўсюджанасцю, але і тым фактам, што яны набылі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове статус яе нацыянальна-культурнага кампанента паводле свайго значэння або лексіка-граматычнага складу. Так, атрымала тлумачэнне безэквівалентная лексіка і фразеалогічныя адзінкі, усе ўласныя імёны, якія згадваюцца ў моўных афарызмах, стылістычна маркіраваная лексіка і фразеалогія (дыялектная, прастамоўная, размоўная, а таксама устарэлая, народна-паэтычная), стылістычна маркіраваныя граматычныя формы слоў і інш.

У дадатку да “Слоўніка беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” змяшчаюцца алфавітныя спісы моўных афарызмаў розных тэматычных груп, напрыклад, спіс моўных афарызмаў, у якіх адлюстраваны побыт і звычаі беларускага народа, ці пералік моўных афарызмаў, у якіх адлюстраваны маральныя каштоўнасці беларусаў, а таксама алфавітны паказальнік рускамоўных адпаведнікаў, які дазваляе карыстацца слоўнікам як перакладным. Матэрыял, змешчаны ў дадатках, дазваляе сістэматызаваць тую інфармацыю аб гісторыі Беларусі, побыце і звычаях беларусаў, іх маральных каштоўнасцях, асаблівасцях прыроды нашай краіны, нацыянальных онімах і інш., якая адлюстравана ў лінгвакраіназнаўчых каментарыях да моўных адзінак.

Усё сказанае вышэй дае падставы сцвярджаць, што сёння ў межах лексікаграфічнай традыцыі этналінгвістычная лексікаграфія аформілася ў самастойнае адгалінаванне, якое актыўна развіваецца, абагульняючы веды, накопленыя пакаленнямі. Збор, класіфікацыя і асэнсаванне этнакультурнай інфармацыі з мэтай яе лексікаграфічнай апрацоўкі і прэзентацыі з’яўляецца галоўнай задачай сучаснай этналінгвістычнай лексікаграфіі.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 1480 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...