Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Беларусь у гады Першай сусветнай вайны



Палітычныя і эканамічныя супярэчнасці вядучых дзяржаў свету, што асабліва абвастрыліся ў пачатку ХХ ст. прывялі да першага глабальнага ваеннага канфлікту, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Першая Сусветная вайна (1914 – 1918 гг.). У вайне прынялі ўдзел два ваенна-палітычныя блокі: Траісты Саюз (уключаў дзяржавы Цэнтральнай Еўропы: Германію, Аўстра-Венгрыю, Італію, Турцыя) і Антанта (Англія, Расійская імперыя, Францыя). Па сваім характары І Сусветная вайна была імперыялістычнай і захопніцкай, асноўнымі яе прычынамі сталі барацьба за калоніі, новыя рынкі сбыту і крыніцы сыравіны. Дзяржавы Траістага Саюза жадалі пашырыць свае каланіяльныя ўладанні і выйсці на вядучыя пазіцыі ў свеце. У сваю чаргу краіны Антанты былі супраць новага перадзелу свету і ўзвышэння ролі Германіі у Еўропе. У канфлікт паступова аказаліся ўцягнуты 33 дзяржавы з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек, што зрабіла гэтую вайну сапраўды агульнасусветнай.

Зачэпкай для пачатку вайны стала забойства сербскімі нацыяналістамі спадчанніка аўстрыйскага трона эрц-герцага Франца-Фердынанда. У адказ Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. У падтрымку апошняй выступіла яе саюзніца Расійская імперыя, якая аб’явіла агульную ваенную мабілізацыю. 1 жніўня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі, што і стала пачаткам І Сусветнай вайны. Але асноўныя баявыя дзеянні на пачатковым этапе вайны разгарнуліся на захадзе, дзе немцы распачалі буйнамаштабнае наступленне супраць Францыі.

У жніўні 1914 г. распачаліся баявыя дзеянні і на расійска-германскай мяжы ва Ўсходняй Прусіі (Расія арганізаваўшы наступленне адцягвала на сябе сілы немцаў, каб дапамагчы сваім саюзнікам на Захадзе). 2 жніўня 1914 г. у Баранавічах была размешчана стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеннымі сіламі Расіі вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. 5 жніўня 1914 г. у беларускіх губернях было ўведзена ваеннае становішча: пачалі працаваць ваенна-палявыя суды, без дазволу ваенных улад нельга было распаўсюджваць кнігі і часопісы, забаранялася правядзене маніфестацый, сходаў, забастовак, ваенныя ўлады і губернатары атрымалі неабмежаваную ўладу. Амаль усе населеныя пункты Беларусі былі запоўнены войскамі. Прадпрыемствы працавалі без святаў і выхадных, а праца на заводах, што выпускалі ваенную прадукцыю, прыраўнівалася да ваеннай службы.

У пачатку вайны большасць насельніцтва і розныя палітычныя партыі падтрымалі ўрад, так як вайна ўспрымалася імі як “справядлівая” і “абарончая”, ў якой Расійская імперыя супрацьстаяла нямецкай агрэсіі і абараняла праваслаўнае насельніцтва Сербіі. У гарадах праходзілі патрыятычныя маніфістацыі і мітынгі. Пад час праезду імператара Мікалая II праз Мінск гарадская дума па ініцыятыве дваранства перадала цару 30 тыс. рублёў на вядзенне вайны. У падтрымку вайны і ўрада выказаліся і некаторыя сацыялістычныя арганізацыі, якія спынілі палітычную барацьбу і ўтварылі так званае абароніцкае крыло. Да іх, у прыватнасці, адносіліся многія арганізацыі меньшавікоў, эсэраў, бундаўцаў.

Катэгарычна супраць вайны выказваліся толькі бальшавікі, якія сталі выступаць за паражэнне Рассійскай імперыі ў вайне і пераўтварэнні імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. Акрамя таго, у Беларусі антываенную пазіцыю заняла газета “Наша ніва” (яе выдаўцы выдатна разумелі, што Беларусь панясе вялікія страты ў выпадку пачатку баявых дзеянняў), з-за гэтага выданне газеты летам 1915 г. было спынена. Апошнім рэдактарам “Нашай нівы”, што працаваў у газеце ў перыяд вайны быў Я.Купала.

Калі ў 1914 г. асноўныя баявыя дзеянні Германія разгортвала ў заходнім накірунку, дык у пачатку 1915 г. яна сканцэнтравала свае асноўныя сілы на усходнім фронце. Пад націскам немцаў у маі – чэрвені 1915 г. расійскія войскі пакінулі Галіцыю, а ў ліпені – жніўні 1915 г. – Польшчу і частку Літвы. У жніўні 1915 г. ваенныя дзеянні пачаліся на тэрыторыі Беларусі. Немцы арганізавалі наступленне на стыку Паўночнага і Заходняга франтоў расійскай арміі, прарвалі абарону і ўступілі на тэрыторыю Беларусі, захапіўшы г. Вілейку. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Свянцянскага прарыву. У верасні пад пагрозай абкружэння расійскія войскі пакінулі многія гарады на захадзе Беларусі, стаўка Вярхоўна галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў і яе замествялікага князя Мікалая Мікалаевіча ўзначаліў сам імператар Мікалай ІІ. Па выніках нямецкага наступлення у кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Прыкладам адчайнага супраціўлення расійскай арміі стала абарона беларскага горада Смаргонь, якая доўжылася 810 дзён. У баях пад Смаргонню ў 1916 г.немцы нават выкарысталі хімічную зброю – атрутны газ іпрыт, але і гэта не дапамогло ўскрыць абарону горада.

У 1916 г. у сакавіку, а затым у чэрвені – ліпені, на тэрыторыі Беларусі былі праведзены Нарачанская і Баранавіцкая ваенныя аперацыі расійскіх войскаў. Аперацыі ажыццяўляліся ў сувязі з цяжкім становішчам саюзнікаў Расіі пад Вердэнам. У выніку руская армія панесла вялікія страты, і, нягледзячы, нават, на сваю колькасную перавагу, не здолела прарваць абарону праціўніка. Паражэнне на фронце было абумоўлена шэрагам прычын: тэхніка-эканамічная адсталасць, адсутнасць моцнага тылу, руская армія была дрэнна забяспечана артылерыяй і снарадамі, нават не хапала вінтовак.

У такіх умовах недавер да расійкага ваеннага камандавання і царызму нарастаў. Абвастрэнне эканамічнай сітуацыі, бежанства, пагаршэнне становішча шырокіх мас насельніцтва, праблемы з харчам стваралі добрую глебу для дзейнасці рэвалюцыйных сіл. У выніку назіраўся рост пратэстных настроеў, што часам пераходзіў у адкрытыя антыўрадавыя акцыі. Так, у кастрычніку 1916 г. адбылося выступленне Гомельскага размеркавальнага пункта – найбольшае на Беларусі і Заходнім фронце антываеннае выступленне салдат у час вайны. Падобнага роду хваляванні сведчылі пра абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў Расіі і набліжэнне рэвалюцыі.

Баявыя дзеянні на беларускіх землях прывялі да значных страт, знішчэння народнагаспадарчых аб’ектаў і масавай міграцыі на ўсход. Эвакуіраваць асноўную масу прадпрыемстваў ад набліжэння фронту ўлады не папелі, бо гэтага не дазваляла зрабіць прапускная здольнасць чыгунак, што і так былі задзейнічаны ў перамяшчэнні вайсковых сіл, і адсутнасць дэталёва распрацаваных планаў эвакуацыі. Адначасова кіраўніцтвам Расіі было прынята рашэнне арганізаваць перасяленне насельніцтва ад лініі фронта. Гэта прывяло да з’яўлення вялікай хвалі бежанства з заходніх рэгіёнаў Беларусі. Але правесці эвакуацыю людзей арганізавана не атрымалася, таму часцей за ўсё бежанцы рухаліся стыхійна, канцэнтруючыся ўздоўж асноўных населеных пунктаў на шляхах зносін. Адсутнасць належнага харчавання і медыцынскага абслугоўвання бежанцаў прыводзіла да лакальных усплескаў эпідэмій і масавай гібелі людзей.

Набліжэнне лініі фронту да Беларусі, бежанства і перадыслакацыя вайсковых сіл правяло да змяненне структуры насельніцтва прыфрантавой паласы. У прыватнасці, карэннае насельніцтва Мінска за 1915 - 1916 гг. зменшылася са 110 тас. да 50 тыс. чалавек. У той жа час колькасць прыезжых (салдат, афіцэраў, службоўцаў лазарэтаў і штабоў) у горадзе дасягнула 150 тыс. чалавек. Мясцовыя эканамічныя і людскія рэсурсы былі па максімуму скіраваны на патрэбы фронту, гэта вылілася ў рэквізіцыях, паборах, размяшчэннях на пастой вайскоўцаў, прыцягненні мясцовых жыхароў да будаўніцтва ваенных аб’ектаў.

На акупаваных немцамі землях Беларусі сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча мела свае адметнасці. Захопленыя тэрыторыі аказаліся пад кантролем нямецкага ваеннага і цывільнага кіраўніцтва. Эканамічныя рэсурсы краю выкарыстоўваліся па максімуму. Насельніцтва цярпела ад рэквізіцый, бо нямецкія ўлады не проста спадзяваліся забяспечыць патрэбы войска ў правіянце за кошт мясцовых рэсурсаў, але і спрабавалі забяспечыць вываз здабытага ў Германію. Найбольшы ўрон быў нанесены лясным багаццям Беларусі. Так, толькі ў Белаведскай пушчы было пабудавана сем лесапільных і шпалапрапільных заводы. Часта для іх забеспячэння нямецкія ўлады ў прымусовым парадку выкарыстоўвалі мясцовае насельніцтва.

У той жа час, максімальна эксплуатуючы эканамічны патэнцыял заваяваных зямель, у асобных сферах немцы стваралі спрыяльныя ўмовы. Так, у пачатку 1916 г., у адпаведнасці з загадам аб школах акупіраванага краю камандуючага Усходнім фронтам германскага фельдмаршала П.Гіндэнбурга, беларуская мова была абвешчана раўнапраўнай мовай выкладання разам з польскай, літоўскай і яўрэйскай. Права на функцыянаванне атрымалі камітэты дапамогі ахвярам вайны, якія ўзніклі яшчэ да акупацыі па ўсёй прыфрантавой паласе расійскіх войскаў. Яны былі ўпаўнаважаны выказваць уладам прапановы ад кожнай нацыі ў сацыяльнай, асветніцкай і культурнай галінах.

Такі падыход нямецкай адміністрацыі садзейнічаў актывізацыі дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Ужо ў 1915 г. братамі І. і А. Луцкевічамі, і В.Ластоўскім у Вільні было створана Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны. У гэтым жа годзе быў створаны Беларускі народны камітэт (БНК). Пад яго патранатам працавалі “Беларускі клуб”, “Беларускі вучыцельскі саюз”, згуртаванні “Золак”, “Навуковае таварыства”. Сярод дзеячаў БНК атрымала распаўсюджанне ідэя аднаўлення ВКЛ ў форме канфедэрацыі на тэрыторыі акупаванай немцамі. Але пасля таго, як у 1916 г. літоўская Тарыба вырашыла будаваць уласную дзяржаву, пра гэтую ідэю кіраўнікам беларускага нацыянальнага руху прыйшлося забыць. Разам з тым, на фоне ўзятага курсу на незалежнасць Літвы ў асяроддзі літоўскіх нацыянальных дзеячаў, такога кшталту ідэя пачынае фарміравацца і сярод дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. У 1916 г. В.Ластоўскі заснаваў тайны “Саюз незалежнасці і непадзельнасці Беларусі ” і першым з нацыянальных палітычных лідараў заклікаў да поўнай самастойнасці Беларусі (раней гаворка вялася толькі пра нацыянальную аўтаномію).

У цэлым першая сусветная вайна прынесла значныя страты ўсім удзельнікам гэтага глабальнага канфлікта і прывяла да значных грамадска-палітычных зменаў у розных дзяржавах. У прыватнасці Расія з-за вайны атрымала ў 1917 г. дзве рэвалюцыі.





Дата публикования: 2014-10-25; Прочитано: 1081 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...