Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх зямель у першай палове ХІХ ст. Рэформы П.Кісялёва



У першай палове ХІХ ст. аснову эканомікі беларускіх губерняў складала сельская гаспадарка. Адной з асаблівасцяў яе развіцця на Беларусі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання (латыфундыі). У сярэдзіне 1830-х гг. 3,6% памешчыкаў валодалі паловай прыгонных сялян. Землеўладальнікі ўсё больш прыстасоўваліся да патрабаванняў рынку. Вызначалася гаспадарчая спецыялізацыя беларускіх земляў па вырабе пэўнай прадукцыі. Асновай заставалася вытворчасць збожжа. Разам з тым пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну на Віцебшчыне, канапель на Магілёўшчыне), бульбы і цукровых буракоў, пачала развівацца танкарунная авечкагадоўля (на Гродзеншчыне).

Некаторыя памешчыкі, каб павялічыць таварнасць гаспадаркі, уводзілі шматпольны севазварот, выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, паляпшалі пароды жывёлы, стваралі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, на якіх працавалі прыгонныя сяляне, выкарыстоўвалі наёмную працу. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, якое існавала ў Віцебску з 1826 па 1841 г.

Нягледзячы на пранікненне капіталістычных рыс у сельскую гаспадарку, на Беларусі па-ранейшаму пераважала фальваркава-паншчынная сістэма гаспадарання. Акрамя асноўных павіннасцей (паншчына, аброк і згоны), сяляне выконвалі дадатковыя: будаўнічыя і рамонтныя работы на панскіх будоўлях, падтрыманне ў належным стане дарог, мастоў, начная варта і перавозка грузаў. Нормы павіннасцей залежалі ад велічыні і якасці зямельных надзелаў. У сярэдзіне ХІХ ст. сялянам, якія мелі надзел у 1 валоку, вызначаліся 12 дзён паншчыны ў тыдзень (па 6 дзён мужчынскай і жаночай працы). Павіннасці выконваліся сялянамі пераважна ў самы напружаны час палявых работ – пасеваў, уборкі ўраджая, нарыхтоўкі кармоў. І пакуль гэтыя работы не завяршаліся ў панскай гаспадарцы, сяляне не маглі працаваць на сваіх надзелах.

Становішча сялян было цяжкім. Памеры сялянскіх надзелаў пры нізкай культуры земляробства і вялікіх сям’ях былі недастатковымі. Сяляне выкарыстоўвалі традыцыйныя прылады працы: саху, драўляную барану. Угнаенне ўносілася ў абмежаванай колькасці з-за недахопу жывёлы. Зерне давала невялікі ўраджай, а часам земляроб толькі вяртаў пасеянае. Частымі былі неўраджаі. Недахоп збожжа часткова кампенсаваўся бульбай. Сяляне імкнуліся палепшыць сваё становішча за кошт адыходніцтва і сезонных (зімовых) промыслаў. Сярод іх паглыблялася маёмаснае расслаенне: вылучаліся заможныя і збяднелыя сяляне.

З 1840-х гг. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы перарос у крызіс. Прыкметамі крызісу ў сельскагаспадарчай сферы былі:

1) рэзкае зніжэнне прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі;

2) збядненне і абеззямельванне сялянства;

3) рост сацыяльных канфліктаў.

Вяліся пошукі выхаду з крызісу. У прыватнасці, граф П.Дз. Кісялёў, кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прапанаваў праекты рэформ для дзяржаўнай і памешчыцкай вёскі. Становішча дзяржаўных сялян (“ вольных сельскіх абывацелей ”) на Беларусі мела шэраг асаблівасцяў. Па-першае, у Расіі, дзяржаўныя маёнткі кіраваліся чыноўнікамі (інстытут дзяржаўнага феадалізму), а на Беларусі перадаваліся ў арэнду (сістэма часовага валодання). Па-другое, прававое становішча дзяржаўных сялян у Беларусі не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх (у расійскіх губернях дзяржаўныя сяляне мелі пэўныя саслоўныя правы). Па-трэцяе, у Беларусі асноўнай формай рэнты з’яўлялася паншчына, а ў Расіі – грашовы аброк.

Мэтай рэформы было павышэнне прыбытковасці дзяржаўнай вёскі. У яе ажыццяўленні вылучаецца тры напрамкі:

1) рэформа сістэмы кіравання дзяржаўнай вёскай. З 1 студзеня 1836 г. функцыі кіравання перадаваліся Міністэрству дзяржаўных маёмасцяў (раней іх ажыццяўляў дэпартамент Міністэрства фінансаў). У Расіі ўводзілася чатырох’ярусная сістэма мясцовага кіравання, на Беларусі – трох’ярусная: губерня – акруга – сельская управа.

2) палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Яна ўключала ў сябе арганізацыю дапамогі сялянам на выпадак неўраджаю і голаду (стварэнне збожжазапасных “магазінаў” – складоў); правядзенне агранамічных мерапрыемстваў; арганізацыю медыцынскай дапамогі, пачатковага навучання сялян; барацьбу з п’янствам.

3) люстрацыя дзяржаўных маёмасцей (падрабязнае іх апісанне), якая мела на мэце: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей; выраўноўванне гаспадарчага ўзроўня сялян шляхам прырэзкаў да іх надзелаў былых фальваркавых зямель (пры гэтым агароднікам і бабылям-кутнікам давалі зямлю), дакладная рэгламентацыя павіннаснага прыгнёту; павышэнне плацёжаздольнасці дзяржаўных сялян.

Люстрацыя пачалася ў 1839 г. У працэсе люстрацыі на Беларусі знішчалася фальваркова-паншчынная сістэма і сістэма часовага валодання. Дзяржаўныя сяляне пераводзіліся з паншчыны на чынш. З фальваркавых земляў ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў.

Такім чынам, рэформа мела буржуазны характар. Яна знізіла павіннасны прыгнёт і крыху палепшыла забяспечанасць сялян зямлёй. Асабліва значнымі былі змены ў прававым становішчы дзяржаўных сялян, за якімі прызнавалася грамадзянская свабода, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі, права ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы.

У 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў займацца падрыхтоўкай інвентарнай рэформы, скіраванай на змяншэнне прыгнёту ў памешчыцкай вёсцы. З 1844 г. інвентарная рэформа пачала ажыццяўляцца. Сутнасць яе заключалася ва ўвядзенні абавязковых інвентароў, у якіх замацоўваліся памеры надзелаў і павіннасці памешчыцкіх сялян. Абавязковыя інвентары былі ўведзены ва ўсіх памешчыцкіх маёнтках Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, у частцы маёнткаў Усходняй Беларусі. Рэформа выклікала супраціўленне памешчыкаў, а часам і незадаволенасць сялян (там, дзе павіннасці аказаліся завышанымі). Перагляд і выпраўленне інвентароў цягнуліся да 1857 г., калі была распачата падрыхтоўка да адмены прыгону.

Такім чынам, ў першай палове ХІХ ст. прыгонніцкая гаспадарка выявіла сваю неэфектыўнасць. Асобныя землеўладальнікі пачыналі выкарыстоўваць капіталістычныя элементы гаспадарання, памешчыцкая гаспадарка ўсё больш прыстасоўвалася да ўмоў рынку. У 1840-х гг. феадалізм уступіў у стадыю крызісу. Сяляне знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Дзяржава рабіла спробы палепшыць становішча сялянства. Рэформы стварылі лепшыя ўмовы для гаспадарання сялян, аднак захоўвалася аснова феадальных парадкаў – прыгоннае права.

Рост таварнасці сельскагаспадарчай вытворчасці станоўча ўплываў на развіццё прамысловасці і гандлю. Прамысловасць беларускіх губерняў знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай стадыях развіцця. Пачаўся пераход ад ручной да машыннай, фабрычна-заводскай вытворчасці. Фабрыка – гэта прадпрыемства з паравымі рухавікамі і рабочымі машынамі. Больш развітой была вотчынная прамысловасць (прадпрыемствы, што належалі памешчыкам). Памешчыкі валодалі зямлёй, мелі сыравіну і рабочую сілу – прыгонных сялян. Імкненне да павышэння даходаў падштурхоўвала іх да стварэння ў сваіх маёнтках прамысловых прадпрыемстваў. Паколькі памешчыкі выкарыстоўвалі танную сыравіну і бясплатную рабочую сілу, то яны былі здольны засноўваць буйныя мануфактуры і фабрыкі.

Сярод найбольш буйных вотчынных мануфактур трэба прыгадаць канатную ў Крычаве, суконную ў Шклове, шкляную ва Урэччы Слуцкага павета і інш. Першымі прадпрыемствамі фабрычнага тыпу, якія ўзніклі ў 20-я гады ХІХ ст. былі суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны належалі памешчыку В. Пуслоўскаму. Сярод буйных прадпрыемстваў трэба прыгадаць таксама жалезаапрацоўчы завод ў маёнтку Старынцы на Магілёўшчыне графа Бенкендорфа і цукровы завод у маёнтку Моладава Кобрынскага павета, які належаў А. Скірмунту.

Купцы і мяшчане павінны былі аплочваць і зямельныя ўчасткі, і сыравіну, і рабочую сілу. У выніку гарадская купецка-мяшчанская прамысловасць была прадстаўлена ручной вытворчасцю ў форме рамяства і дробнакапіталістычных прадпрыемстваў, у тым ліку адзінкавых мануфактур. Прадпрыемствы рамеснага тыпу ўяўлялі сабой невялікія майстэрні, дзе адзін гаспадар-майстар выкарыстоўваў працу не больш чым пяці работнікаў. Гаспадары майстэрняў да пачатку 1850-х гг. уваходзілі ў цэхі. Да дробнакапіталістычных адносіліся рамесныя прадпрыемствы з колькасцю рабочых ад 6-і да 15-і, а таксама мануфактуры.

Прамысловасць Беларусі у першай палове ХІХ ст. спецыялізавалася ў асноўным на перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і мясцовай сыравіны. Вядучай яе галіной была першапачаткова суконная. Таксама важную ролю адыгрывалі вінакурная, мукамольная, цукровая, сыраварная, маслабойная, гарбарная, мылаварная, шкляная, дрэваапрацоўчая і металаапрацоўчая галіны. Найбольш развітай у прамысловых адносінах была Гродзенская губерня, другое месца займала Магілёўская, трэцяе – Мінская. Найменш развітай у прамысловых адносінах была Віцебская губерня.

Пасля вайны 1812 г. на Беларусі адбываліся працэсы урбанізацыі. На Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст. налічвалася 40 гарадоў і больш за 380 мястэчак. За перыяд з 1825 г. да 1861 г. гарадское насельніцтва павялічылася са 151 да 320 тыс. чалавек. Праўда, тлумачыўся гэты рост не столькі эканамічнымі фактарамі, колькі існаваннем мяжы яўрэйскай аселасці і прымусовым ссяленнем у гарады і мястэчкі яўрэяў, а таксама павелічэннем вайсковых гарнізонаў. Адбыліся змены і ў сацыяльнай структуры горада – пачаўся працэс фарміравання новых класаў прамысловай буржуазіі і вольнанаёмных рабочых (у большасці – прыгонных сялян, адпушчаных панамі на зарабаткі).

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі праводзіліся работы па паляпшэнні шляхоў зносін, што спрыяла ўключэнню гаспадаркі Беларусі ў агульнарасійскі рынак. Важную ролю адыгрывалі водныя шляхі. Эфектыўнасць іх выкарыстання была павышана за кошт пабудовы і рэканструкцыі каналаў, што злучылі рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў: Аўгустоўскага (Нёмана і Віслы), Агінскага (Дняпра і Нёмана), Бярэзінскага (Дняпра і Заходняй Дзвіны), Днепра-Бугскага (Дняпра і Віслы). Шырокія шляхі-гасцінцы звязалі беларускія гарады з іншымі рэгіёнамі імперыі і Еўропы. Найбуйнейшай была Маскоўска-Варшаўская шаша, якая праходзіла праз тры беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую і Гродзенскую.

Паляпшэнне шляхоў зносін і рост гарадскога насельніцтва спрыялі развіццю знешняга і ўнутранага гандлю. Арганізатарамі гандлю выступалі купцы. Прадметамі экспарту былі збожжа, лён, пянька, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і інш. На Беларусь завозілі пераважна прамысловыя вырабы, прарвыя рухавікі і машыны, а таксама металы, соль, тытунь, каву і г.д.

Традыцыйнай формай мясцовага гандлю былі кірмашы, якія звычайна праводзіліся ў дзень царкоўных святаў. Да сярэдзіны ХІХ ст. яны адыгравалі істотную ролю. Усяго на Беларусі налічвалася каля 270 кірмашоў. Найбуйнейшым кірмашом быў Зэльвінскі (гадавы абарот перавышаў 1 млн. руб.). Акрамя гэтага, трэба назваць Свіслацкі кірмаш у Гродзенскай губерні, Асвейскі і Бешанковіцкі – у Віцебскай губерні, Любавіцкі – у Магілёўскай губерні, Кантрактавы – у Мінску, Троіцкі – у Гомелі. У гарадах і мястэчках паступова распаўсюджваўся пастаянны крамны гандаль.





Дата публикования: 2014-10-25; Прочитано: 2371 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...