Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Фарміраванне беларускай народнасці. Этнічныя меншасці ў Беларусі



Сваю адметнасць на нашых землях у сярэднявеччы мелі этнічныя працэсы. Так, у XVI ст. завяршаецца перыяд фарміравання беларускай народнасці, якая згодна з існуючым у гістарычным падыходзе фарміруецца ў феадальны перыяд. Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. На фарміраванне беларускай народнасці ўплываў шэраг фактараў.

1) Фарміраванне адзінай этнічнай тэрыторыі (землі, якія заселены і абжыты пэўным народам). Паміж Літвой і Беларуссю мяжа прайшла па лініі Мерач-Трабы-возера Свір. Паўночная мяжа праходзіла на поўнач ад Браслава, Езярышча, Нешчарды – па граніцы ВКЛ з Лівонскім Ордэнам, Псковам і Ноўгарадам. Мяжа з Польшчай праходзіла па Заходняму Падляшшу, а з Украінай – па Палессю. Самымі рухомымі былі ўсходнія межы. У перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у працэс фарміравання беларускай народнасці былі ўцягнуты землі Браншчыны і Смаленшчыны.

2) Грамадска-палітычныя ўмовы. Землі Беларусі знаходзіліся ў складзе адзінай цэнтралізаванай дзяржавы – ВКЛ. Гэтая магутная па тым часе еўрапейская дзяржава магла забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця беларускай народнасці. Да таго ж удзел беларусаў у абароне Айчыны ад знешняй пагрозы кансалідаваў народ.

3) Сацыяльна-эканамічныя ўмовы. Прагрэс у сельскай гаспадарцы і рамястве прывёў да паглыблення грамадскага падзелу працы паміж горадам і вёскай, наладжвання цесных сувязей паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі, разбурэння натуральнага характару гаспадаркі, уцягвання беларускіх зямель у таварна-грашовыя адносіны. Такім чынам, у межах ВКЛ фарміраваўся агульны рынак, складваліся агульныя рысы гаспадарчай дзейнасці беларускага насельніцтва. Разам з гэтым адбылося складванне структуры беларускага грамадства праз юрыдычнае афармленне ўсіх станаў-саслоўяў.

У выніку дзеяння дадзеных фактараў сфарміраваліся наступныя прыкметы беларускай народнасці:

1) Фарміраванне этнічнай самасвядомасці (усведамлення сваёй адметнасці ад іншых народаў). Працэс фарміравання самасвядомасці быў больш доўгім па часе, чым складванне агульных тэрытарыяльных, эканамічных, сацыяльных рыс. Да таго ж асаблівасцю фарміравання самасвядомасці беларусаў было тое, што сялянства, мяшчанства, дробная шляхта і чорнае духавенства трымалася сваіх каранёў, а феадальная знаць іх губляла. Асноўным эндаэтнонімам (саманазвай) насельніцтва Беларусі ў ХІІІ – XVIII стст. з’яўляўся “рускі люд” (“ русіны ”). Да таго ж для насельніцтва Беларусі была характэрна “зямляцкая” самасвядомасць: палачанін, віцяблянін, магілёвец, паляшук. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе “ ліцвінамі ” (жыхары Віленскага і Трокскага ваяводстваў, жыхары Беларусі, што па розных прычынах знаходзіліся за мяжой, а таксама шляхцічы). Этнонім “ беларусцы ” сустракаецца ў пісьмовых крыніцах з канца XVI ст. Так дзякі маскоўскага пасольскага прыказа называлі палонных ці збеглых жыхароў усходніх рэгіёнаў Беларусі. Часам у крыніцах сустакаецца назва “ліцвіны-беларусцы”.

2) Ментальнасцьхарактэрныя асаблівасці светаўспрымання і светаразумення, якія фарміруюцца гістарычна і залежаць ад складу розуму і спосабу мыслення. Беларусам заўсёды было характэрна: працавітасць, міралюбівасць, гасціннасць, талерантнасць.

3) Традыцыйная народная культура. Культура беларусаў была непаўторнай. У першую чаргу спецыфіка праяўлялася ў тыпах сялянскай сядзібы. Да сярэдзіны XVІ ст. пераважала замкнутая (вяночная) і рассеяная (з адасобленымі пабудовамі) планіроўка. А з сярэдзіны XVІ ст. на захадзе Беларусі (пад уплывам “валочнай памеры”) – пагонная. Цяпер памешчыкі перабудоўвалі вёску пад вулічную планіроўку. Сядзіба будавалася па стандартнаму плану: жылы дом размяшчаўся ў адзін або два рады насупраць адмераных валок зямлі.

Сяляне жылі ў драўляных хатах на тры пакоі. На поўначы Беларусі хаты ставілі на падруб (фундамент), а на поўдні зруб ставілі на зямлю ці драўляныя плахі. Страха накрывалася саломай або дранкай, вокны закрываліся засаўкай ці бычым пузыром.

Традыцыйнымі заняткамі беларусаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Адбываўся пераход ад двухпольнага земляробства да трохпольнага (азімыя, яравыя, папар). Цяглавай сілай на поўдні быў вол, на поўначы – конь. Прыладамі працы былі: саха, матыка, серп, барана, цэп (для абмалоту збожжа). Асноўнай сельскагаспадарчай культурай было жыта, дадатковымі – авёс, пшаніца, проса, каноплі, хмель, лён.

Народны касцюм беларусаў меў шэраг непаўторных рыс. Сяляне насілі кашулі (сарочкі), нагавіцы (штаны, порты), зімой – суконныя світы, аўчынныя кажухі, валеныя шапкі-магеркі. Абутак – лапці, радзей – боты. Жанчыны насілі кашулі, андаракі (спадніцы з паласатай ці клетчатай тканіны), безрукаўкі (гарсеты). Галаву пакрывалі наміткамі, каптурамі (чапцамі), хусткамі. Верхняе адзенне і абутак быў тым жа, што і ў мужчын, толькі замест ботаў у святочныя дні жанчыны маглі насіць чаравікі.

У светапоглядзе беларусаў пераклікаліся язычніцкія і хрысціянскія ўяўленні. Язычніцкія па свайму паходжанню каляндарна-абрадавыя песні (зімнія – калядныя, вясеннія – валачобныя і г.д.) цяпер прымяркоўваліся да царкоўных свят (да прыкладу, валачобныя спявалі на Пасху). Найбольш пашыранымі фальклорнымі жанрамі ў беларусаў былі лірычныя балады, чарадзейныя казкі, ліра-эпічныя песні аб каханні і валачобныя песні. З ХVІІ ст. паступова распаўсюджваюцца сацыяльна-бытавыя і гістарычныя песні, а таксама сацыяльна-бытавыя казкі і легенды.

4) Мова. У XIV – XVІ стст. фарміруецца беларуская (“руская”, старабеларуская) мова. Ужо ў помніках пісьменнасці XIV – XV стст. выяўляюцца яе характэрныя прыкметы: дзеканне, цеканне, аканне, зацвярдзелыя зычныя р, ч, ш. Станаўленню беларускай мовы садзейнічала замацаванне яе ў якасці афіцыйнай мовы дзяржаўных дакументаў.

Вельмі важнай праблемай для сучасных даследчыкаў з’яўляецца вызначэнне паходжання назвы “ Белая Русь ”. Ёсць шмат поглядаў наконт паходжання назвы “Белая Русь”. Але і зараз гэта застаецца загадкай. Можна прывесці некалькі прыкладаў, як розныя даследчыкі тлумачылі сэнс назвы нашай краіны. Шэраг аўтараў (А. Кiркор, Я. Карскi) лічылі, што ў аснове назвы белы колер адзення, а таксама светла-русыя валасы і блакітныя вочы нашых продкаў. Таксама назва “Белая Русь” звязвалася з прыгажосцю зямлі, чысцінёй рэк і блакітам азёр (Макарый), вялікай колькасцю снега (С.Герберштэйн).

Частка даследчыкаў “белай”, г.зн. вольнай Руссю называлi землi ўсходняй Беларусi, якія не залежалі ў XIII ст. ад мангола-татараў (М. Любаўскi, М. Доўнаp-Запольскi). Некаторыя аўтары тлумачылі назву нашага края праз цюркскі эпітэт “белы”, які ў спалучэннi “белы цар”, азначаў “вялiкi, магутны”. Даволі пераканаўчым з’яўляецца меркаванне, што ўсходняя частка нашай краіны была названа Белай Руссю (значыць праваслаўнай) у процiвагу заходняй Чорнай, – доўгі час нехрышчонай (Я. Юхо, К. Тарасаў).

Італьянец А.Гваньіні ў сваёй кнізе “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” пісаў: “ А ёсць Русь траякая: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая – каля Мазыра, Мсціслаўля, Віцебска… Чорная ў Маскоўскай зямлі, а Чырвоная – дзе паветы Галіцкі, Перамышльскі і горад Львоў ”. Такое геаграфічнае становішча асобных частак Русі адпавядае еўрапейскай традыцыі, калі зямля, што размешчана на захадзе, называецца “Белай”, на поўначы – “Чорнай”, а на поўдні – “Чырвонай”. Дадзены пералiк варыянтаў паходжання назвы “Белая Русь” наўрад цi можна лiчыць вычарпальным. Версii паходжання назвы працягваюць множыцца. Але апроч таго, што няма згоды наконт паходжання, дакладна не вызначаныя i межы тэрыторый, да якіх яна ў розныя гістарычныя эпохi дастасоўвалася.

Упершыню назва “Белая Русь” была зафіксавана ў лацінскай форме “Alba Rusсia” каля 1255 – 1260 гг. у геаграфічным трактаце “ Апісанне земляў ” (верагодна, у дачыненні да Наўгародскай рэспублікі). У канцы XIV ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белай Русі, аднак да канца XVI ст. за землямі нашай краіны этнонім “Белая Русь” не ўжываўся больш ні ў аднаго аўтара. У 1413 г. магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У другой палове XV ст. М.Кузанскі на геаграфічнай карце зрабіў надпіс “ Белая Русь або Масковія ”.

Да часткi тэрыторыi сучаснай Беларусi, перш за ўсё да Полаччыны, назву Белая Русь пачалі трывала прымяняць у сярэдзіне XVI ст. (“Гісторыя…” Марціна Кромера, 1555 г.). У значэннi “ Русь Лiтоўская ” тэрмiн Белая Русь спачатку ўжывалi або iншаземцы (М.Кромер, А.Гваньiнi) або ўраджэнцы ВКЛ – прадстаўнiкi адукаваных пластоў грамадства – у тым ліку С. Рысiнскi, які ўпершыню ўжыў тэрмін “ leucorussus ” (па-грэчаску “беларус”) як этнічную саманазву. У канцы XVI – на пачатку XVII ст. назва Белая Русь трапіла з твораў польскiх гiсторыкаў i публiцыстаў у «Хpонiку Лiтоўскую i Жамойцкую».

3 пачатку XVII ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней у ВКЛ называліся Руссю. Гэтая традыцыя ў XVIII ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята расійскім урадам, які лічыў “беларускімі” Магілёўскую і Віцебскую губерні. Толькі на працягу ХІХ ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэрыторыю нашай краіны і дала пачатак сучаснай назве Беларусь.

Акрамя беларусаў на тэрыторыі нашай зямлі ў часы ВКЛ пражывалі літоўцы, рускія, татары, яўрэі, палякі і іншыя этнічныя супольнасці. Літоўцы разам з беларусамі з’яўляліся тытульным насельніцтвам княства. Перасяленцы з Польшчы з’явіліся ў ВКЛ у другой палове XIV ст. у якасці палонных, захопленых у час паходаў вялікіх князёў літоўскіх. Росту польскага насельніцтва ў Беларусі садзейнічалі дзяржаўныя уніі ВКЛ з Польшчай. На тэрыторыі Беларусі сялілі ўзятых у палон маскоўскіх ратнікаў. Даволі значныя групы перасяленцаў з Маскоўскай дзяржавы з’явілася ў ВКЛ у XVІ – XVІІ стст. Гэта былі пераважна прадстаўнікі рэлігійнай (ерэтыкі Феадосій Касы, старац Арцемій) і палітычнай (князь Андрэй Курбскі) апазіцыі. З сярэдзіны XVІІ ст. на поўначы Беларусі пасяліліся стараверы (ці як іх называлі на Беларусі – “маскалі”).

Татары пачалі сяліцца на Беларусі верагодна ў першай палове XІV ст. Ужо Гедымін выкарыстоўваў татарскае войска у барацьбе з крыжакамі. Шырокае рассяленне татар пачалося ў канцы XІV – першай трэці XV ст. Сярод іх вылучаліся прывілеяваныя і непрывілеяваныя групы. Да першай групы адносіліся князі – прамыя нашчадкі залатаардынскіх ханаў (іх вярхоўная ўлада выкарыстоўвала ў дыпламатычных адносінах з Крымскім ханствам і Турцыяй), а таксама нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, неслі ваенную службу, а таксама выконвалі на карысць князя каравульную, кур’ерскую, падводную павіннасці. “Простыя людзі” – гэта самая шматлікая група татар. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе тыя займаліся агародніцтвам, гарбарствам, возніцтвам.

Даволі вялікія пасяленні татар былі на захадзе Беларусі: у Гародні, Берасці, Лідзе, Наваградку, Менску. Прыхільнае стаўленне да татарскага насельніцтва з боку вярхоўнай улады было абумоўлена рэлігійнай талерантнасцю, ваеннымі і дыпламатычнымі інтарэсамі. Разам з існавалі абмежаванні ў палітычнай сферы, якія накладаліся на татар. Так, татары не маглі выбірацца ў прадстаўнічыя органы ўлады – сойм і соймікі. Таму татары змаглі вызначыцца толькі на такіх дзяржаўных пасадах як пісар у канцылярыі ВКЛ або дыпламат. Пасля Люблінскай уніі становішча татар пагоршылася. Ва ўмовах наступлення Контррэфармацыі татарам забаранялася будаваць мячэці, татарскай знаці забаранялася мець прыгонных-хрысціян, набываць шляхецкія ўладанні, займаць афіцэрскія пасады ў войску. У выніку многія татары з’ехалі ў Крым і Турцыю. Татары спавядалі іслам, іх галоўнай свяшчэннай кнігай быў Каран. Большасць татар у XVI – XVII стст. забыла сваю спрадвечную мову і ў паўсядзённым жыцці карысталася польскай і беларускай мовамі. Нават іх свяшчэнныя кнігі (Аль Кітабы) былі напісаны па-беларуску, але арабскімі літарамі.

Яўрэі пачалі сяліцца на Беларусі яшчэ ў VІІІ ст. Масава засяляць Беларусь яўрэі сталі ў XІV-XV стст. Іх праследвалі у Заходняй Еўропе, а ў ВКЛ прытрымліваліся палітыкі талерантнасці. Ужо ў часы Вітаўта існавалі 5 яўрэйскіх абшчын, у тым ліку ў Гродна і Берасці. У цэнтральных і ўсходніх землях Беларусі яўрэі з’явіліся ў XVІ ст. На яўрэяў накладаліся абмежаванні. Так, яны не маглі набываць зямельную ўласнасць, служыць у войску, хаця ў некаторых прыватных гарадах яўрэі маглі мець свае палкі і ўдзельнічаць у абароне населенага пункта. Каб пазбегнуць абмежаванняў трэба было прыняць хрысціянства. Такім чынам, прававое становішча яўрэяў вызначаў рэлігійны фактар. Яўрэі заўсёды жылі ізалявана – асобнымі кварталамі і абшчынамі – кагаламі, і спавядалі іўдаізм. Яўрэйскае насельніцтва жыло пераважна ў гарадах. Гэта тлумачылася эканамічнымі прычынамі. Яны былі добрымі прадпрымальнікамі і плацілі добрыя падаткі. Да таго ж яны лепш усяго арганізоўвалі функцыянаванне такіх важных галін, як збор падаткаў, гандлёвых пошлін (мытная справа), крэдытарскую дзейнасць. Яўрэі былі таксама добрымі рамеснікамі (праўда, у гарадскія цэхі яны не ўваходзілі, а стваралі свае “брацтвы”).

Яшчэ адным этнасам, які з’явіўся ў ВКЛ у XV ст., сталі цыганы. Паходжанне гэтага народа звязваюць з Індыяй, адкуль яны пачалі рассяляцца ў пачатку нашай эры. У 1501 г. вялікі князь Аляксандр афіцыйна дазволіў цыганам сяліцца на тэрыторыі Княства і даў ім пэўныя прывілеі. Цыганы вялі вандроўны лад жыцця (вандравалі табарамі з трох-пяці сем’яў), захоўвалі побытавую спецыфіку і племянную арганізацыю. Актыўна займаліся конегадоўляй, кавальствам і гандлем коньмі, не грэбавалі канакрадствам. Жанчыны клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахараствам, спевамі і танцамі.





Дата публикования: 2014-10-25; Прочитано: 3184 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...