Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Слоўная пластыка



У літаратуры ёсць адна вельмі спецыфічная рыса, якая істотна ад­роз­ні­вае яе ад цэлага шэрагу іншых відаў мастацтва і, з аднаго бо­ку, з’яўля­ец­ца істотным недахопам, а з другога — надзвычай станоўчай якасцю.

Жывапісцы і скульп­та­ры, акцёры і рэжысёры ствараюць воб­ра­зы, якія валодаюць на­гляд­насцю. Лініі і фарбы ў жывапісе, брон­за­выя, драў­ля­ныя, мар­му­ро­выя фігуры скульптурных твораў, рухі ар­тыстаў у тэ­ат­раль­ных спек­таклях і кінафільмах непасрэдна ўздзей­нічаюць на нашы зро­­ка­выя рэцэптары.

Не тое ў мастацкай літаратуры. Словы ўсяго толькі асацыя­тыў­на звя­заны з тым, што яны абазначаюць. Чытаючы альбо слуха­ючы лі­та­ра­тур­ны твор, мы не бачым таго, што адлюстроў­ваецца, але з дапамогай уяў­лення як бы па-новаму ўзнаўляем прадметы і фак­ты, аб якіх рас­па­вя­да­ецца. Слоўныя вобразы пазбаўлены нагляд­нас­ці, яны ўмоўныя і «ня­рэ­чыў­ныя», як зазначыў у свой час Лесінг у «Лаакаоне». М. Чарнышэўскі сцвяр­джаў, што, паколькі вобразы фан­­та­зіі (г. зн. уяўлення) больш бляк­лыя і слабыя, у параўнанні з не­пас­рэдным пачуццёвым успрыманнем, паэ­зія па сіле і яснасці суб’ек­тыўнага ўражання істотна прайграе ас­тат­нім мастацтвам. Адзін з вядомых замежных тэарэтыкаў мастацтва Р. Ін­гар­дэн га­ва­рыў аб непаўнаце і некаторай схематычнасці слоўных воб­ра­заў.

Адсутнасць прамой нагляднасці ў літаратурна-мастацкіх воб­ра­­зах кам­пенсуецца іх асаблівымі, спецыфічнымі магчымасцямі. У ад­розненне ад жывапісца і скульптара, пісьменнік узнаўляе не толь­кі тыя бакі рэ­ча­іс­на­сці, якія могуць быць успрыняты зрокава, але і ўсё тое, што ад­кры­ва­ец­ца слыху і пачуццю.

Галоўнае ж, што аўтар літаратурнага твора непасрэдна арыен­ту­ецца на «пазаадчувальнае» ўспрыманне чытача, а менавіта на яго ўяўленне.

Такім чынам, слоўна-мастацкія вобразы ўзнаўляюць не столь­кі самі па сабе прадметы ў іх пачуццёва ўспрымальных уласці­вас­цях, колькі рэ­ак­цыі на рэчаіснасць чалавечай свядомасці, цэласныя суб’ек­­тыўныя ўспры­манні.

Літаратуры супрацьпаказана шматстайная «рэгістрацыя» зро­ка­ва ўспры­мальных частак прадметаў і мноства «дапаможных» пад­ра­бяз­на­сцей. Разам з тым для пісьменніка непажаданы і сумар­ныя, тэ­зісна-схе­ма­тычныя абазначэнні пры адсутнасці дэталей, штрыхоў, пры­ватнасцей. Слоў­ны тэкст поўнасцю ад­па­вя­дае патрабаванням мастацтва, калі пісь­мен­нікам знойдзены не­шмат­лікія яркія дэталі і падрабязнасці, якія ўзнаў­ляюць прадмет у цэ­ласнасці яго выгляду.

У асацыяцыях чытача, якія выклікаюцца слоўна-мастацкімі воб­ра­за­мі, шмат індывідуальнага і адвольнага. І гэта адна з істотных рыс лі­та­ра­ту­ры як мастацтва. Уяўленні аб знешнасці герояў, іх ру­хах, жэстах, мі­мі­цы, аб абставінах дзеяння ў чытача больш суб’ек­тыў­ныя ў параўнанні з успры­маючым жывапіс, скульптуру, тэат­раль­нае дзеянне, кінакарціну. У кож­нага з нас свой Фауст, Таццяна Ла­рына, дзядзька Антось, Ганна Чар­нуш­ка. Такім чынам, чытач ста­но­віцца свайго роду саўдзельнікам ства­рэн­ня мастацкіх вобразаў.

Зносіны чалавека з «нярэчыўнымі» вобразамі літаратурнага тво­ра ажыц­цяўляюцца ў любых абставінах і «ўпісваюцца» ў яго паў­сядзённае жыц­цё намнога лягчэй, чым успрыманне жывапісу, скульп­туры, тэ­ат­раль­най пастаноўкі, кінафільма. Чытач сам выбірае тэмп успрымання тво­ра. Па ходу знаёмства з раманам, драмай альбо паэ­май ён можа пры­пы­ніцца, вярнуцца да ўжо пройдзенага тэксту, каб нешта ўспомніць дзе­ля лепшага разумення прачытанага, можа так­сама ў любы момант пе­ра­пы­ніць успры­манне, каб засяродзіцца на чымсь­ці іншым. Слоўны воб­раз — гэта свай­го роду трамплін для са­творчасці чытача, штуршок для дзей­насці яго ўяўлення.

Пры ўсіх адзначаных нюансах слоўнае мастацтва ўсё-такі за­хоў­вае свае сувязі са сферай бачнага. Літаратурны твор уяўляе са­бой свое­асаб­лі­вы сінтэз вобразаў, якія адлюстроўваюць і «ня­бач­нае», і «бачнае». Таму мас­так слова часта бывае занепакоены тым, каб у чытачоў фарміраваліся яр­кія зрокавыя ўяўленні. Дадзеная якасць літаратурна-мастацкага твора імя­нуецца слоўнай пластыкай.

Слоўная пластыка была асабліва важнай у антычнай лі­та­ра­ту­ры. Не вы­падкова старажытнымі філосафамі паэзія нярэдка ха­рак­та­ры­завалася як «жывапісанне словам». Пластыка захавала сваё зна­чэн­не і ў літа­ра­ту­ры наступных эпох. Так, напрыклад, аб арыен­та­цыі на «жывапісанне сло­вам» у сваёй творчасці зазначалі Гётэ, Гор­кі і некат. інш. славутыя пісь­меннікі. Разам з тым, пры ўсёй важнасці перадачы мастакамі слова рэ­­ча­існасці ў яе бачных зрокам праявах, сфера слоўнай пластыкі ад эпо­хі да эпохі паступова звужалася. Гэта вымушалася грунтоўным і ўсе­ба­ко­вым аналізам жыццёвых з’яў, а таксама імкненнем пісь­мен­ні­каў даць глы­бокія псіхалагічныя характарыстыкі сваім пер­са­на­жам.





Дата публикования: 2014-10-20; Прочитано: 682 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...