Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Культурнае жыццё Беларусі ў часы ваеннага ліхалецця (1914-1921)



Першая сусветная вайнай вогненным катком пракацілася па Беларусі, прынёсшы з сабой незлічоныя беды і пакуты для яе жыхароў. У 1915 г. каля 2 млн. беларусаў – пераважна з Віленскай і Гродзенскай губерняў – вымушаны былі пакінуць родныя хаты і выехаць у бежанства на ўсход. На некалькі гадоў беларускую зямлю падзяліла лінія фронту. Вільня і Гародня апынуліся пад нямецкай акупацыяй, а Мінск, Віцебск і Магілёў – у прыфрантавой паласе расійскай арміі.

Натуральна, што ў ваенным часе праблемы культуры адступаюць на другі план. Але і ў гэтых неверагодна складаных умовах беларускія дзеячы спрабавалі рабіць справу на карысць нацыянальнага адраджэння. Тыя з іх, якія апынуліся ў акупаванай у 1915 г. немцамі Вільні, імкнуліся выкарыстаць той момант, што немцы гатовы былі ў пэўнай ступені падтрымаць беларускую культуру (гэтай падтрымкай, якую нельга таксама перабольшваць, немцы спрабавалі стварыць працівагу вельмі агрэсіўнаму польскаму руху). Беларускія дзеячы атрымалі магчымасць займацца культурна-асветнымі справамі, не закранаючы палітыкі. У выніку першая беларуская школка ў зоне нямецкай акупацыі паўстала ўжо ў 1915 г. Восенню 1916 г. была ўтворана Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, у якой да 1918 г. прайшлі перападрыхтоўку 144 настаўнікі. Вясной 1918 г. налічвалася ўжо паводле розных звестак некалькі соцен школак з беларускай мовай навучання. Беларускія дзеячы, у першую чаргу Вацлаў Ластоўскі, наладзілі ў Вільні выданне беларускамоўных падручнікаў. За 1915-1918 гг. тут убачылі свет 9 такіх падручнікаў. Прычым большасць з іх падрыхтаваў да выдання сам Вацлаў Ластоўскі, які выконваў проста каласальны аб’ём работы. У 1916 г. у Вільні быў створаны беларускі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Гэты тэатр ставіў творы Э.Ажэшка, перакладзеныя на беларускую мову, а таксама драматычныя творы самаго Ф.Аляхновіча. Тэатральныя пастаноўкі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. пачало актыўна развівацца беларускае культурнае жыццё, у тым ліку і школьніцтва на беларускай мове, таксама ва Ўсходняй Беларусі. У верасні 1917 г. Радаслаў Астроўскі арганізаваў першую ў гісторыі беларускую гімназію ў Слуцку. Асабліва актыўна пачало развівацца беларускае нацыянальна-культурнае жыццё пасля абвяшчэння ў Мінску ў сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта ў сферы культурна-асветніцкай дзейнасці ўрад БНР дасягнуў найбольшых поспехаў за кароткі часовы адрэзак свайго існавання. Беларускія культурна-асветныя арганізацыі паўсталі таксама ў Пецярбурзе, Маскве і многіх іншых гарадах Расіі і Украіны, дзе былі значныя асяродкі бежанцаў з Беларусі.

У Вільні, Мінску, Гародні і інш. гарадах выходзілі ў той час дзесяткі беларускіх кніг і перыядычных выданняў. Толькі за 1918 г. убачылі свет 35 кніжак на беларускай мове, з іх 28 у Вільні і 4 у Мінску. Сярод гэтых кніг можна вылучыць “Граматыку“ Браніслава Тарашкевіча, якая стала падставай для развіцця беларускага правапісу. У 1919-1920 гг. былі выдадзены такія падручнікі на беларускай мове, як “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі“ Усевалада Ігнатоўскага, “Геаграфія Беларусі“ Аркадзя Смоліча, “Гісторыя беларускай літаратуры“ Максіма Гарэцкага“. Гэтыя кнігі прызначаліся найперш для беларускага школьніцтва. У 1918 г. у часе дзейнасці ў Мінску ўрада БНР была зроблена спроба ўтварэння першага ў гісторыі Беларускага Народнага Універсітэта. Тады ж у Мінску былі заснаваны курсы беларусазнаўства для настаўнікаў.

У красавіку 1917 г. паўстала Першае таварыства Беларускай драмы і камедыі ў Мінску. У маі 1918 г. тут быў створаны Беларускі народны тэатр на чале з Фларыянам Ждановічам і Уладзіславам Галубком. У чэрвені 1918 г. у Мінск пераехаў з Вільні Ф.Аляхновіч і арганізаваў сваю тэатральную трупу.

Умовы для развіцця беларускай культуры ў ваенным часе былі вельмі няпростыя. На змену нямецкай акупацыі ў 1918 г. прыйшла ўлада бальшавікоў і палякаў, якія амаль няспынна ваявалі паміж сабой да 1921 г. І тыя, і другія часта разглядалі беларускіх дзеячоў як ворагаў і не ўспрымалі самую ідэю самабытнай беларускай нацыі. Беларускі ж рух не быў дастаткова моцным у палітычным і ваенным сэнсе, каб абараніць уласную дзяржаву. І ўсё ж разгляданы перыяд вельмі важны. Менавіта тады былі створаны інстытуцыалізаваныя формы для развіцця беларускай культуры, масавы характар набыло школьніцтва на беларускай мове, даволі шырока распаўсюдзіўся нацыянальны друк. У асяроддзі дзеячоў камуністычнай партыі беларускага паходжання сфармавалася дастаткова моцная плынь, прадстаўнікі якой былі прыхільнікамі адраджэння беларускай мовы і ўсебаковага развіцця беларускай культуры ва ўмовах пабудовы сацыялістычнага грамадства. Менавіта яны сталі галоўным рухавіком у правядзенні палітыкі беларусізацыі ў БССР у наступныя гады.

2. Культурнае жыццё ў БССР у часы беларусізацыі (1920-я гады)

Надзвычай цікавым перыядам у гісторыі беларускай культуры з’яўляюцца 1920-я гады. Гэты перыяд часта атаясамляецца з тэрмінам беларусізацыя, якім акрэсліваўся вельмі важны напрамак урадавай палітыкі ў БССР у галіне культуры. Б-ыя была накіравана на ўзвышэнне статусу беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў жыцці рэспублікі. Падобныя працэсы адбываліся тады і ў іншых рэспубліках СССР, але галоўнай падставай Б-ыі ўсё ж можна лічыць нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст., ідэі якога захапілі шырокія колы беларускай інтэлігенцыі. Афіцыйна пачаткам Б-цыі лічыцца 1924 г., хаця праявы яе адчуваліся ў палітыцы ўрада БССР ужо з 1920 г.

Галоўным кірункам беларусізацыі стаў перавод на беларускую мову сістэмы адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, у 1922 г. каля 20 % пачатковых школ працавалі на беларускай мове. У1925/26 навучальным годзе ўжо каля 80 % пачатковых школ перайшло на беларускую мову навучання, а таксама каля 40 % сямігодак (у 1924/25 гг. – усяго 1,6 %). У праграму навучання ўсіх школ на тэрыторыі БССР абавязкова ўводзіліся беларуская мова, гісторыя і геаграфія. Беларусізацыя датычыла таксама прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў (у 1925 г. ужо каля 60 % гэтых устаноў было пераведзена на беларускую мову). Значна складаней выглядала справа з вышэйшай школай. Трэба прызнаць, што ў 1920-я гады назіралася даволі бурнае развіццё вышэйшай адукацыі ў БССР. Так, у 1921 г. быў утвораны БДУ, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. Неўзабаве паўстала яшчэ некалькі ВНУ. Выкладчыцкі корпус фармаваўся з навуковых кадраў, выхаваных у царскія часы. Пры агульнай высокай навуковай культуры, яго прадстаўнікі слаба валодалі ў большасці сваёй беларускай мовай, а некаторыя ставіліся да яе проста недабразычліва. Так, у БДУ сярод выкладчыкаў-беларусаў толькі 29 % прызналі, што дастаткова добра валодаюць беларускай мовай. Усяго ж выкладчыкі-беларусы складалі 25 % выкладчыцкага корпусу ў двух ВНУ Мінска – БДУ і БСГА (сельска-гаспадарчая акадэмія), у той час як студэнты-беларусы – 45 %. У 1925/26 г. толькі 14 % лекцыйных гадзін у БДУ выкладалася на беларускай мове. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, справа беларусізацыі памалу пасоўвалася наперад. Асабліва папулярнай была беларуская мова і культура сярод навучэнцаў мінскага педагагічнага тэхнікума.

У рэчышчы палітыкі беларусізацыі былі пераведзены на беларускую мову выдавецкая справа і друк БССР. Так, у 1921 г. у рэспубліцы была выдадзена 141 кніга на расійскай мове і 22 на беларускай. У 1925/26 г. убачылі свет 107 беларускіх кніг і 7 расійскіх. У 1927 г. у БССР выходзілі 10 газет на беларускай мове, 3 – на ідзіш, 3 – на расійскай мове, 2 – на польскай мове, 1 – на літоўскай. З 16 рэспубліканскіх часопісаў на беларускай мове выходзілі 10, у тым ліку і орган ЦК КПБ(б) “Бальшавік Беларусі“.

У 1920-я гады назіраецца бурнае развіццё навукі ў БССР. У 1922 г. быў створаны Інстытут Беларускай Культуры, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. У 1929 г. на яго аснове паўстала Акадэмія Навук БССР. Асабліва актыўна развівалася беларусазнаўства. Вельмі шмат было зроблена ў кірунку вывучэння і ўнармавання беларускай мовы. Спецыяльна створаная тэрміналагічная камісія (1921) падрыхтавала 24 тамы беларускай тэрміналогіі. Быў выдадзены расійска-беларускі слоўнік М.Байкова і С.Некрашэвіча, які налічваў 60 тыс. слоў. У лістападзе 1926 г. у Мінску была праведзена канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу, для ўдзелу у якой сабралася 69 навукоўцаў з розных краін. У тым жа 1926 г. у Мінску прайшлі з’езды археолагаў і краязнаўцаў. Можна адзначыць высокі ўзровень гістарычнай навукі. Першым рэктарам БДУ быў бліскучы гісторык Уладзімір Пічэта. Вывучэннем гісторыі Беларусі ў тыя гады займаліся такія выдатныя даследчыкі, як Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Дзмітры Даўгяла. Гісторыю мастацтва Беларусі даследаваў Мікола Шчакаціхін. Савецкая ўлада аднак імкнулася кантраляваць адну з самых “ідэалагічных” навук. У 1926 г. было забаронена выданне “Гісторыі Беларусі“ Доўнара-Запольскага. Гэтая кніга дайшла да чытача ўжо толькі пасля “гарбачоўскай” перабудовы. Апроч гуманітарных навук актыўна развіваліся і прыродазнаўчыя. Асабліва бурна адбывалася геаграфічнае вывучэнне Беларусі такімі даследчыкамі як Смоліч, Гарэцкі, Грамыка, Азбукін. Навуковыя працы друкаваліся ў спецыяльных выданнях – “Запісы Інстытута Беларускай Культуры“, “Працы БДУ“, “ Наш край“ і інш.

Вельмі бурна развіваецца ў 1920-я гады літаратурнае жыццё. Актыўна працуюць у гэты час паэты- нашаніўцы Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля. Але ў літаратуру прыходзіць шмат маладых аўтараў, якія вылучаюцца надзвычай радыкальным стаўленнем да паэзіі і мастацтва ўвогуле. Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч закладаюць новую плынь, якую акрэслілі словам бурапенная. Гэты тэрмін выдатна адлюстроўваў сутнасць з’явы. Твор М.Чарота “Босыя на вогнішчы“ (1921 г.) прызналі першым па-сапраўднаму пралетарскім творам у беларускай літаратуры. Такая паэзія атрымала афіцыйную падтрымку партыйнай улады, якая бачыла ў літаратуры найперш сродак класавай барацьбы з буржуазіяй. У 1922 г. пачаў выходзіць часопіс “Полымя“. Гэты часопіс павінен быў служыць прапагандзе твораў новай пралетарскай літаратуры. У 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк“, вакол якога паўстала арганізацыя маладых пісьменнікаў пад такой жа назвай. У хуткім часе гэтая арганізацыя налічвала ўжо каля 500 сяброў і мела філіі ў розных гарадах БССР. Пісьменнікі- нашаніўцы (Купала, Колас і інш.) сустрэліся з вострай крытыкай маладых. Гэтую крытыку падтрымалі і партыйныя органы. Пасля выхаду першага ж нумару быў забаронены часопіс “Адраджэнне“, у якім сярод іншых твораў былі надрукаваны фрагменты “Новай Зямлі“ Я.Коласа. Гэты твор, які стаў пазней гонарам беларускай літаратуры, абвінавачвалі ў “дзікім нацыянальна-інтэлігенцкім патрыятызме і сялянскіх звычаях“. У 1926 г. адбыўся раскол “Маладняка“. Частка выступіўшых з яго літаратараў утварыла арганізацыю “Узвышша“. Гэтыя літаратары не маглі пагадзіцца з “пралеткультаўскім“ прымітывізмам, поўным адмаўленнем літаратурнай спадчыны. “Узвышша“ зграмадзіла наймацнейшых маладых аўтараў – Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву, Язэпа Пушчу, Уладзіміра Дубоўку і інш. У 1927 г. старэйшыя пісьменнікі і частка былых “маладнякоўцаў“ утварылі літаратурнае аб’яднанне “Полымя“. У гэтае аб’яднанне ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот і інш. Але плюралізму літаратурнага жыцця ў БССР паступова прыходзіў канец. У маі 1928 г. ЦК КПБ(б) прыняў пастанову “Аб беларускай мастацкай і літаратурнай крытыцы“. З гэтага часу партыйныя органы пачалі манапольна кіраваць літаратурай, адвольна вызначаць грамадскую актуальнасць ці шкоднасць тых ці іншых твораў. За верш “Пасеклі край наш папалам“ быў высланы ў 1929 г. за межы БССР паэт Алесь Дудар. Былі прызнаны шкоднымі сатырычны твор “Запіскі Самсона Самасуя“ Андрэя Мрыя і паэма “Лісты да сабакі“ Язэпа Пушчы. Узмацнілася крытыка творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Актыўна развіваецца ў БССР у 1920-я гады тэатральнае жыццё. У 1920 г. у Мінску быў урачыста адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр. У гэтым тэатры дзейнічалі беларуская, расійская і яўрэйская трупы. Беларуская трупа ставіла “Паўлінку“ і “Раскіданае гняздо“ Я.Купалы, “Машэку“, “Кастуся Каліноўскага“, “Каваля-ваяводу“ Я.Міровіча. Апошні з 1921 па 1931 г. быў мастацкім кіраўніком тэатра. У 1920 г. у Мінску таксама быў заснаваны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка, які ў 1926 г. быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. У. Галубок стаў першым народным артыстам БССР. У 1926 г. у Віцебску быў утвораны Другі Беларускі Дзяржаўны Тэатр (БДТ-ІІ). У рэпертуары беларускіх тэатральных калектываў вялікую ролю адыгрывалі беларускамоўныя творы, прысвечаныя праблемам нацыянальнай гісторыі. Але такая сітуацыя не задавальняла савецкую ўладу. Партыйныя органы настойвалі на тым, каб у рэпертуары пераважалі бальшавіцкія творы, такія як “Мяцеж“ Дз.Фурманава, “Разлом“ Лаўранёва і т.п. У 1928 г. па гэтай праблеме адбылася дыскусія ў друку, у выніку якой прыхільнікі самабытнасці беларускага тэатру былі жорстка раскрытыкаваны партыйнымі ўладамі. Афіцыйная палітыка партыі ўсё больш накіроўвалася на выцясненне п’ес, прысвечаных нацыянальнаму жыццю беларускага народа. Былі, напрыклад, забаронены п’есы “Апраметная“ Шашалевіча і “Тутэйшыя“ Купалы.

Важнай з’явай разгляданага перыяду стала нараджэнне беларускага кіно. Ужо ў 1922 г. было створана Упраўленне па справах кінематаграфіі “Кінорэсбел“, якая, аднак, праз год была распушчана. У 1924 г. паўстала новая арганізацыя – Белдзяржкіно. Была таксама створана кінастудыя “Савецкая Беларусь“. Вытворчасць фільмаў у Беларусі пачалася з дакументальнай хронікі, якая павінна была ўслаўляць будаўніцтва новага грамадства. Першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль“ стварыў у 1926 г. рэжысёр Юры Тарыч па сцэнару Міхася Чарота. У фільме распавядалася пра беларускіх партызанаў. Другі фільм Ю.Тарыча “Да заўтра“ (1929 г.) быў прысвечаны жыццю беларусаў у польскай дзяржаве. У 1929 г. рэжысёр У. Гордзін стварыў фільм “Кастусь Каліноўскі“. Такім чынам, першыя беларускія мастацкія фільмы вылучаліся нацыянальным кірункам сваёй тэматыкі.

Цэнтрам выяўленчага мастацтва ў Беларусі напачатку 1920-х гадоў быў Віцебск, дзе працавалі такія выдатныя мастакі, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мсціслаў Дабужынскі, Юдаль Пэн. Заснавальнік стылю супрэматызм К.Малевіч утварыў аб’яднанне мастакоў “УНОВІС“ (ад рускага слова уновись). Яго сябры лічылі, што паколькі стары свет разбураны, дык мастацтва таксама павінна выпрацаваць новыя формы. Аднак у 1922 г. гэтае аб’яднанне было зачынена. Многія мастакі (у тым ліку М.Шагал і К.Малевіч) пакінулі Віцебск.

У канцы 1920-х гадоў у грамадскім жыцці БССР усё болей пачынаюць выяўляцца рысы надыходзячага таталітарызму, які грунтаваўся на ўсхваленні і абагаўленні асобы Сталіна. Гэтая тэндэнцыя мела агульны характар для ўсіх рэспублік вялізнага Савецкага Саюза. Тэорыя аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму апраўдвала фізічнае вынішчэнне ўсіх нязгодных з новым курсам. У 1930 г. органы ДПУ “выкрылі“ антысавецкі “Саюз Вызвалення Беларусі“, які складаўся з выдатных дзеячоў беларускай культуры. У выніку сфабрыкаванага судовага працэсу было выслана за межы БССР звыш 80 дзеячоў культуры і навукі. У 1933 г. зноў быў выкрыты міфічны Беларускі Нацыянальны Цэнтр. У выніку новага судовага працэсу было рэпрэсавана каля 160 чалавек. І махавік жорсткіх і бессэнсоўных рэпрэсій з кожным годам набіраў абароты. На працягу 1930-х гадоў быў фактычна знішчаны ўвесь цвет беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і многія з тых, хто самааддана служыў савецкай уладзе. А тыя ж, хто захаваў жыццё, як, напрыклад, Я.Купала і Я.Колас, павінны былі ўслаўляць “вялікага Сталіна“ і адракацца ад сваіх загінуўшых сяброў. У літаратурным жыцці і мастацтве адбываюцца працэсы прымітывізацыі, грубай сацыялагізацыі, катастрафічна падае ўзровень навукі, асабліва гуманітарнай. Усё гэта мела страшэнныя наступствы для развіцця беларускай культуры, у якой толькі пачалі ў 1920-я гады па-сапраўднаму фармавацца многія высокія кірункі. Гэтыя наступствы наклалі адбітак на працэс развіцця беларускай культуры на працягу ўсяго 20-га стагоддзя.

3.Культура Заходняй Беларусі (1921-1939)

У выніку Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай і Савецкай Расіяй заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе польскай дзяржавы – ІІ Рэчы Паспалітай. Беларускае насельніцтва пражывала пераважна ў складзе чатырох ваяводстваў – Беластоцкага, Віленскага, Наваградскага і Палескага. Умовы для развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай польскай дзяржаве былі вельмі неспрыяльнымі. Польскі ўрад праводзіў палітыку моўнай асіміляцыі беларускага сялянскага насельніцтва. Напрыклад, у 1928 г. налічвалася ўсяго 21 дзяржаўная школа, у якой выкладанне вялося па-беларуску, і яшчэ 44 т. зв. утраквістычныя школы, дзе беларуская мова суіснавала з польскай. Але ў рэчаіснасці асноўныя прадметы ў такіх школах выкладаліся па-польску. Змаганне за права беларускага насельніцтва вучыць дзяцей на роднай мове вяло Таварыства Беларускай Школы (1921-1937). У 1928 г. гадоў гэтае таварыства налічвала каля 10 тыс. сяброў. Яго актывісты сабралі ў 1924-1925 гг. каля 16 тыс. дэкларацый на адкрыццё 412 беларускіх школ. Але патрабаванні беларускага насельніцтва ігнараваліся ўладамі, а актывісты ТБШ жорстка пераследаваліся паліцыяй. Гэтаму садзейнічала і тое, што КПЗБ (Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі), якая мела вельмі моцныя ўплывы ў ТБШ, штурхала гэтую арганізацыю на палітычныя крокі і тым самым аблягчала заданне польскай паліцыі і аслабляла беларускую культурна-асветніцкую працу. Яшчэ адной беларускай культурна-асветнай арганізацыяй быў Інстытут Беларускай Гаспадаркі і Культуры. Гэтую арганізацыю па-сутнасці ўзначальвалі каталіцкія ксяндзы, якія мелі беларускую нацыянальную свядомасць і змагаліся за тое, каб каталіцкі касцёл на беларускіх землях адпавядаў нацыянальнаму характару насельніцтва. Гурткі ТБШ і БІГіКу ўтваралі ў мястэчках і вёсках беларускія бібліятэкі і хаты-чытальні, драматычныя гурткі. Асаблівай папулярнасцю сярод сялянскага насельніцтва карысталіся пастаноўкі беларускіх п’ес, наладжаныя гэтымі драматычнымі гурткамі. Актывісты вясковых гурткоў працавалі ў неверагодна цяжкіх умовах, рэдка каму з іх удавалася пазбягаць арыштаў і жорсткіх фізічных катаванняў у паліцэйскіх пастарунках.

Вельмі важнымі асяродкамі нацыянальнай культуры з’яўляліся беларускія гімназіі ў Вільні, Наваградку, Клецку і Радашковічах. Гэтыя гімназіі не толькі давалі магчымасць беларускай вясковай моладзі атрымаць добрую адукацыю на роднай мове, але і рабілі іх свядомымі патрыётамі свайго краю. Таму беларускія гімназіі адчувалі моцны ціск з боку ўладаў, якія ўвесь час абвінавачвалі іх у антыдзяржаўнай дзейнасці. Так, у 1929 г. была зачынена Радашковіцкая гімназія, якая налічвала на той час 240 вучняў. Услед за ёй зачынілі і Клецкую гімназію, а гімназіі ў Вільні і Наваградку былі пераўтвораны ў філіі польскіх дзяржаўных гімназій. Так мэтанакіравана праводзілася палітыка на поўнае знішчэнне беларускага школьніцтва. У выніку напачатку 1930-х гадоў сярод студэнтаў Віленскага універсітэта беларусаў налічвалася ўсяго каля 2 %. У 1937 г. захавалася толькі 5 утраквістычных дзяржаўных школаў, а яшчэ ў 44 польскіх школах беларуская мова выкладалася як прадмет. Аднак, нягледзячы на катастрафічны стан беларускамоўнай адукацыі, дзяржаўная палітыка паланізацыі беларусаў так і не дасягнула поспеху. Наадварот, часта яна выклікала нянавісць да польскай дзяржавы сярод шырокіх пластоў насельніцтва, што ў будучым мела вельмі адмоўныя наступствы для польска-беларускіх нацыянальных стасункаў.

Цэнтрам беларускага культурнага жыцця ў міжваеннай польскай дзяржаве была Вільня.Так, за гэты час у ІІ Рэчы Паспалітай убачылі свет 233 выданні на беларускай мове, а з іх 221 выйшла ў Вільні. У Вільні актыўна працавалі на беларускай культурніцкай ніве такія дзеячы як ксёндз Адам Станкевіч (лідэр беларускага каталіцкага руху), Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі і мн. інш. Палітычныя лідары беларускага руху ў польскай дзяржаве таксама былі творчымі людзмі, якія пакінулі свой след у нашай культуры – Браніслаў Тарашкевіч (у польскай турме перакладаў на беларускую мову літаратурную класіку), Ігнат Дварчанін (даследаваў жыццё і творчасць Ф.Скарыны), Сымон Рак-Міхайлоўскі (пісаў музыку на вершы беларускіх паэтаў) і інш.

Палітыка аказвала вельмі моцны ўплыў на творчасць пісьменнікаў Заходняй Беларусі, якая прасякнута матывам нацыянальнага адраджэння, вызваленчай барацьбы супраць нацыянальнага ўціску. У гэты час прыйшлі ў беларускую літаратуру Максім Танк, Піліп Пястрак, Алесь Салагуб, Міхась Васілёк, Міхась Машара, Ніна Тарас, Валянцін Таўлай, Пятрусь Граніт, Пётра Сяўрук і інш. Вышэйназваныя аўтары былі бліжэй да грамадоўскага лагеру (ад назвы Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады – самай масавай беларускай палітычнай арганізацыі ў ІІ Рэчы Паспалітай), паходзілі з сялянства, вялікую ўвагу надавалі сацыяльна-класавым праблемам. Многія з іх прытрымліваліся левых поглядаў, сімпатызавалі КПЗБ. Другая плынь беларускіх літаратараў адмоўна ставілася да камунізму, бачыла выратаванне Беларусі толькі ў нацыянальным адраджэнні і хрысціянскіх ідэях. Да іх ліку належыць аднесці Макара Краўцова, Наталлю Арсеньеву, Андрэя Зязюлю, Казіміра Сваяка, Вінцука Адважнага.

Беларуская высокая культура ў польскай дзяржаве не зводзілася толькі да літаратуры. Вельмі вялікай папулярнасцю цешыўся Беларускі народны хор пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. На опернай сцэне блістаў спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, які быў шчырым беларускім патрыётам. У Вільні зграмадзілася колка выдатных беларускіх мастакоў – Язэп Драздовіч, Пётра Сергіевіч, Язэп Горыд, Міхал Сеўрук, Павел Южык і інш. Многія з іх прайшлі школу выдатнага майстра пейзажнага жанру Фердынанда Рушчыца, які выкладаў жывапіс у Віленскім універсітэце. Хоць Рушчыц лічыў сябе палякам, але шчыра любіў свой край і бескарысліва дапамагаў таленавітым беларускім хлопцам. Асабліва цікавай асобай быў Язэп Драздовіч. Яго творчасць вылучаецца арыгінальнасцю, сваёй касмічнай тэматыкай. Драздовіч быў адданым патрыётам Беларусі, чалавекам, абсалютна абыякавым да матэрыяльных дабротаў. Значную частку свайго жыцця ён прысвяціў таму, што блукаў па беларускіх вёсках сваёй роднай Дзісненшчыны і пісаў за невялікую плату карціны для сялян.

Большасць дзеячоў беларускай культуры, якія жылі і тварылі ў міжваеннай польскай дзяржаве, напаткаў вельмі трагічны лёс. Напачатку іх пераследавалі польскія ўлады, а пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР многія аказаліся ў кіпцюрах савецкіх карных органаў, паколькі іх светапогляд не адпавядаў патрабаванням таталітарнага рэжыму.





Дата публикования: 2015-01-10; Прочитано: 1246 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...