Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Навука на беларускіх землях у 19 ст



Бліскучы росквіт сярэдняй і вышэйшай адукацыі на беларускіх землях стаў прычынай таксама бурнага развіцця навуковай думкі, галоўным цэнтрам якой з’яўляўся Віленскі універсітэт. У сценах гэтай навучальнай установы працавала шмат выдатных навукоўцаў: Геранім Страйноўскі, Ян і Анджэй Снядэцкія, Марцін Пачабут-Адляніцкі, Станіслаў Юндзіл, Яўхім Лелявель, Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Ігнат Анацэвіч і многія іншыя. Г.Страйноўскі быў аўтарам выдатнага падручніка па натуральнаму праву, напісанага ў асветніцкім духу і ў хуткім часе забароненым уладамі для выкарыстання ў навучальных установах. Анджэй Снядэцкі быў выдатным урачом і даследчыкам-хімікам. Ён стаў аўтарам аднаго з першых падручнікаў па хіміі на польскай мове. Галоўная навуковая праца А.Снядэцкага – “Тэорыя арганічных істот“. Яго брат Ян Снядэцкі – бліскучы матэматык, астраном і філосаф-асветнік. Загадваў пасля М.Пачабута-Адляніцкага Віленскай абсерваторыяй і адначасова быў рэктарам універсітэта. Станіслаў Юндзіл напісаў падручнікі “Заалогія“, “Прыкладная батаніка“, даследаванне “Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея“. Я.Лелявель з’яўляўся адным з лепшых навукоўца-гісторыкаў на землях былой Рэчы Паспалітай. Ён зрабіў вельмі вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі і культуры ВКЛ, таксама як І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Даніловіч.

У Віленскім універсітэце атрымаў філалагічную адукацыю І осіф Кавалеўскі (1800-1878), сын уніяцкага святара з Бераставіцы. У 1824 г. ён быў накіраваны ў Казанскі універсітэт для вывучэння ўсходніх моваў. Кавалеўскаму давялося вельмі шмат падарожнічаць па Бураціі, Манголіі, Кітаю. У 1835 г. ён выдаў першую “Кароткую граматыку мангольскай мовы“, затым “Мангольскую хрэстаматыю“ і “Мангола-руска-французскі слоўнік“. Кавалеўскі лічыўся адным з лепшых усходазнаўцаў у Расійскай імперыі, у 1856-1860 гг. ён быў рэктарам Казанскага універсітэта, які славіўся сваімі навуковымі традыцыямі.

У галіне вывучэння ўсходніх моваў вызначыўся яшчэ адзін ураджэнец Беларусі Іосіф Гашкевіч (1814-1872), які нарадзіўся ў сям’і святара ў Мінскай губерні. І.Гашкевіч скончыў Мінскую семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Ён шмат гадоў працаваў у Рускай духоўнай місіі ў Пекіне, браў удзел у дыпламатычнай місіі Пуцяціна ў Японію на фрэгаце “Палада“, пазней стаў першым расійскім консулам у краіне Узыходзячага сонца. Пасля выйшаў у адстаўку і жыў у вёсцы Малі на Астравеччыне. І.Гашкевіч склаў першы ў гісторыі “Япона-рускі слоўнік“ (1857). Ён таксама сабраў падчас сваіх падарожжаў багацейшую калекцыю ўзораў флоры і фауны Усходняй Азіі, якую перадаў у музей РАН у Санкт-Пецярбургу.

Адным з самых вядомых навукоўцаў беларускага паходжання ў 19 ст. стаў ураджэнец Наваградскага павета Ігнат Дамейка (1802-1889). Ён атрымаў адукацыю ў Шчучынскай піярскай калегіі і на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага універсітэта. Дамейка належаў да гуртка філаматаў і быў блізкім сябрам Адама Міцкевіча (ён нават паслужыў правобразам эканома Жэготы ў паэме Міцкевіча “Дзяды“). Высланы з Вільні за ўдзел у тайных студэнцкіх аб’яднаннях, Дамейка служыў эканомам у розных маёнтках на Лідчыне. Узяўшы актыўны ўдзел у паўстанні 1831 г., пасля яго паражэння Дамейка эміграваў у Францыю. А ў 1838 г. перабраўся ў далёкую Лацінскую Амерыку, каб выкладаць ў горнай школе ў горадзе Какімбо на поўначы Чылі. Менавіта ў Чылі ярка праявіўся навуковы талент Дамейкі. Ён дасягнуў вялікіх поспехаў у геалагічных даследаваннях, адкрыўшы багатыя залежы карысных выкапняў у Андах. У 1847 г. Д. атрымаў кафедру хіміі ва універсітэце Санцьяга. З 1867 г. ён стаў рэктарам гэтага універсітэта. У сталіцы Чылі Д. арганізаваў службу метэаралогіі, рэалізаваў праект новага вадаправоду, упершыню ў Лацінскай Амерыцы ўвёў метрычную сістэму мераў, стварыў хімічную і горную лабараторыі, тры музеі, у тым ліку мінералагічны і этнаграфічны, напісаў падручнікі па хіміі, мінералогіі і фізіцы. За заслугі для новай радзімы у сталіцы Чылі Санцьяга пастаўлены помнік з надпісам “Вялікаму Асветніку“. У яго гонар названы партовы горад Пуэрта-дэ-Дамейка, вулканічны ланцуг у Андах, мінерал Дамейкіт, горная кветка віёла дамейкона. І.Дамейка ніколі не забываў пра сваю радзіму і ў 1884 г. прыехаў у Беларусь і наведаў Нядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын.

На развіццё навуковых ведаў на беларускіх землях у другой палове 19 ст. вельмі адмоўна ўплываў фактар адсутнасці вышэйшых навучальных устаноў, а таксама зніжэнне ўзроўню выкладання ў сярэдніх навучальных установах пасля паўстання 1863 г. Таленавітая моладзь з Беларусі, для таго каб заняцца навуковымі даследаваннямі, мусіла абавязкова выязджаць за межы радзімы. І многія нашыя землякі дасягнулі вельмі яркіх поспехаў у розных галінах навуковых ведаў і ў розных краінах. Ураджэнцамі Гарадзеншчыны былі браты Зыгмунд і Эдвард Урублеўскія. Зыгмунд Урублеўскі (1845-1888) пасля Гарадзенскай гімназіі вывучаў фізіку ў Кракаўскім універсітэце. За ўдзел у паўстанні 1863 г. быў сасланы ў Сібір, дзе ледзь не страціў зрок ад цяжкай хваробы. Пасля вяртання з ссылкі займаўся навуковымі даследаваннямі ў Германіі і Францыі. З 1882 г. працаваў у Кракаўскім універсітэце. Дасягнуў вельмі вялікіх поспехаў у вывучэнні пытанняў звадкавання газаў. Загінуў у лабараторыі ў выніку нешчаслівага выпадку. Эдвард Урублеўскі (1848-1892) скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе і працаваў выкладчыкам хіміі. Быў аўтарам шэрагу вядомых навуковых прац, адным з заснавальнікаў Расійскага фізіка-хімічнага таварыства.

Вельмі цікавай асобай быў Уладзімір Кавалеўскі (1842-1883). Ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Захапляўся рэвалюцыйнымі ідэямі і нават прыняў удзел у славутым паходзе Гарыбальдзі. Ажаніўся з Соф’яй Корвін-Крукоўскай, якая стала пазней сусветна вядомым матэматыкам. Пад уплывам жонкі У.Кавалеўскі таксама пачаў займацца навукай – яго зацікавілі праблемы палеанталогіі. У 1881 г. У.Кавалеўскі стаў прафесарам Маскоўскага універсітэта. Праз два гады скончыў жыццё самагубствам у выніку несправядлівага абвінавачання ў махлярстве.

Рэвалюцыянерам і авантурыстам быў ураджэнец Мсціслаўскага павета Мікалай Судзілоўскі (1850-1930). Ён скончыў медычны факультэт Кіеўскага універсітэта. Захапіўся ідэямі народнікаў, ратуючыся ад паліцыі, выехаў за межы Расійскай імперыі. У Жэневе выдаў навуковую працу “Пра антысептычныя метады лячэння ў хірургіі“. Затым выехаў у США, дзе займаўся лячэбнай практыкай, а пазней апынуўся на Гаваях. У гэтым пратэктараце Злучаных Штатаў ён быў абраны ў мясцовы сенат, а пазней нават на кароткі час стаў прэзідэнтам. Пасля жыў у Японіі і Кітаі.

Яшчэ вельмі шмат ураджэнцаў Беларусі праявілі сябе ў розных краінах таленавітымі даследчыкамі. Іван Чэрскі (1845-1892) за ўдзел у паўстанні 1863 г. быў высланы ў Омск, дзе пачаў займацца навуковымі даследаваннямі. Ён вывучаў будову берагоў Байкала, склаў першую геалагічную карту яго ўзбярэжжа, даследаваў басейны рэк Селенга, Ніжняя Тунгуска, Калыма і Індзігірка. Памёр у экспедыцыі. Іменем І.Чэрскага названыя горныя ланцугі ў Забайкаллі, Якуціі і на Магадане. Выпускнік Свіслацкай гімназіі Тамаш Аўгусціновіч (1809-1891) даследаваў флору Сібіры і Далёкага Усходу. Зрабіў цікавае апісанне умоў жыцця насельнікаў Сахаліну.

Такім чынам, неспрыяльныя палітычныя ўмовы вельмі істотна стрымлівалі ў другой палове 19 – пачатку 20 ст. развіццё навуковых ведаў на белрускіх землях. Але, нягледзячы на гэты, шмат ураджэнцаў Беларусі праявілі сябе вельмі здольнымі навукоўцамі. На жаль, свае здольнасці яны мусілі рэалізаваць часта вельмі далёка ад бацькаўшчыны.





Дата публикования: 2015-01-10; Прочитано: 778 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...