Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Розділ І 3 страница



Масавая барацьба супраць фашысцкiх захопнiкаў. На акупiраванай тэрыторыi БССР фашысты ўводзiлi "новы парадак" - сiстэму мер, накiраваных на лiквiдацыю савецкага ладу, эксплуатацыю нацыянальных багаццяў, знiшчэнне людзей. У аснове ляжала "расавая тэорыя", якая сцвярджала перавагу арыйскай расы над iнш. народамi, "права" немцаў на сусветнае панаванне. БССР была падзелена на ўчасткi. Напр., Мiнская вобл., паўночныя рэгiёны Брэсцкай, Пiнскай, Палесскай абласцей (1/3 тэрыторыi БССР) склалi генеральную акругу БССР. Намеснiкам Гiтлера ў Бел. стаў гаўляйтэр В. Кубэ, а потым - фон Готберг. Свой новы парадак фашысты ўводзiлi пры дапамозе палiцаяў i калабарацыянiстаў (сяродiх Бел. нацыянал-сацыялiстычная партыя на чале з Ф. Акiнчыцам, Бел. народная самапомач (I. Ермачэнка), Саюз бел. моладзi (М. Ганько i Н. Абрамава). Згодна плану “Оst" фашысты распачалi каланiзацыю БССР, германiзацыю, высяленне i знiшчэнне народу. Фашысты планавалi знiшчыць цi выселiць 75% беларусаў, а астатнiх анямечыць. У Бел. створана 260 лагераў смерцi. Адзiн з iх - Трасцянец (недалёка ад Мiнска). У Мiнскiм гета i Трасцянцы знiшчаны 100 тыс. яўрэяў. За час акупацыi праводзiлiся карныя экспедыцыi. 22. 03. 43г. спалена вёска Хатынь (загiнула 149 чалавек). Усяго ў Бел. знiшчана 2 млн. 200 тыс. чалавек, вывезена - 380 тыс. Вялiкі ўрон быў нанесены с/г, прамысловасці ў сувязi з вывазам у Германiю прамысловага абсталявання, сыравiны, лесу, помнiкаў культуры. Станаўленне "новага парадку" прывяло да барацьбы народа супраць захопнiкаў. Ужо ў пачатку вайны стваралася сетка падпольных цэнтраў i груп. Iнiцыятыву ў iх стварэннi бралi на сябе камунiсты, беспартыйныя патрыёты, прадстаўнiкі ўсiх слаёў насельнiцтва. Да жніўня1941г. было створана 378 атрадаў i дыверсiйных груп. Першыя групы з'явiлiся на тэрыторыi Мiнска, Гомеля, Пiнска, дзе дзейнiчалi падпольныя партыйныя i камсамольскiя камiтэты. 28 чэрвеня даў першы бой партызанскi атрад пад кiраўнiцтвам В. З. Каржа. У гэты ж час у Кастрычнiцкiм раёне Гомельскай вобласцi змагаецца атрад пад кiраўнiцтвам Ц. П. Бумажкова i Ф. I. Паўлоўскага "Чырвоны Кастрычнiк". Iм першым з партызан 6 жніўня 1941г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Усяго ў 1941г. у Бел. было арганiзавана i дзейнiчала 247 партызанскiх атрадаў i падпольных груп, 200 падпольных абкомаў, гаркомаў, райкомаў КП(б)Б i камсамолу. Усе яны аб'ядноўвалi за 135 тыс. чалавек. Актыўна дзейнiчала падполле ў Мiнску, Магiлёве, Вiцебску. Мiнскае падполле налiчвала 2 тыс. чалавек. Яго ўдзельнiкi правялi рад дыверсiй, ажыццявiлi аперацыю па забойству В. Кубэ (А. Мазанiк, Н. Дрозд, М. Осiпава, Н. Траян атрымалi званне Героя Савецкага Саюза). Вялiкі ўрон ворагу нанесла камсамольская падпольная арганiзацыя "Юныя мсціўцы", якая дзейнiчала на станцыi Обаль Вiцебскай вобласцi. Я. Зянькова i З. Партнова таксама былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Перамога савецкiх войск пад Масквой спрыяла развiццю партызанскага руху. У канцы 1941г. непасрэдны ўдзел у вызваленнi тракта Усвяты-Сураж адыгралi атрады М. Шмырова, Я. Захарава. Тут быў ўтвораны 40м праход у лiнii нямецкага фронту ("Суражскiя вароты"). З вясны 1942г. пачынаюць з'яўляцца партызанскiя брыгады i злучэннi. 1-й Беларускай брыгадай камандаваў М. Шмыроў. У Бел. i за яе межамi праславiлася партызанская брыгада К. Заслонава (раён г. Оршы). I. М. Шмыроў i К. Заслонаў сталi Героямi Вялiкай Айчыннай вайны. Партызанскi рух пачынае ўзмацняцца пасля стварэння 30 мая 1942г. Цэнтральнага штаба партызанскага руху пад кiраўнiцтвам Панамарэнкi П. К. Штаб партызанскага руху на Беларусі ўзначальваў П. Калiнiн. У ходзе барацьбы з ворагам у канцы 1943г. партызанам удалося вызвалiць значную частку Беларусi - 60%. З мэтай разгрому партызан фашысты праводзiлi карныя экспедыцыi. Адной з iх была аперацыя "Котбус" (май-чэрвень 1943г.) супраць партызан Барысаўска-Бягомльскай i Полацка-Лепельскай зон. Аднак гэта экспедыцыя не дала жаданых вынiкаў ворагу. Вышэйшым уздымам барацьбы партызан была дэзарганiзацыя ваенных перавозак -"рэйкавая вайна". На Беларусi яна прайшла ў 3 этапы: 1) жнiвень 1943г. Удзельнiчала 100 тыс. партызан. Паралiзаваны рух на Заходняй Дзвiне, Дняпры, Сожы. На 40% скарацiлiся перавозкi для групы армiй "Цэнтр"; 2) 2-ая палова верасня-кастрычнiк 1943г. (аперацыя "Канцэрт"). Фашысты вымушаны былi падвоiць колькасць дывiзiй для аховы сваiх камунiкацый; 3) з 20 чэрвеня 1944г. партызанскi рух ахапіў усю тэрыторыю Беларусi. Супраць захопнiкаў вялi барацьбу не толькi партызаны i падпольшчыкi, але i насельнiцтва. Мiрныя жыхары аказвалi дапамогу партызанам i падпольшчыкам: забяспечвалi адзеннем, прадуктамi, медыкаментамi, збiралi зброю. У падполлi змагалася70 тыс. чалавек, у складзе 1255 партызаннскiх атрадаў - 374 тыс. За 3 гады барацьбы патрыёты Беларусi разам з армiяй забiлi прыкладна 500 тыс. фашыстаў. За мужнасць i гераiзм 140 тыс. партызан i падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамi i медалямi, 88 атрымалi званне Героя Савецкага Саюза.

Дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Дзейнасць польскага падполля і Арміі Краёвай. У заходніх раёнах Беларусі і Украіны барацьбу супраць фашыстаў разгарнулі польскае падполле і Армія Краёва (АК). Яны падпарадкоўваліся польскаму ўраду, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане і ўзначальваўся генералам У. Сікорскім. Мэтай іх барацьбы было вызваленне Польшчы і яе аднаўленне ў межах да верасня 1939 г. У адкрытым пісьме да камандавання польскіх легіянераў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Вілейскай вобласці, камандзір партызанскай брыгады імя М. Ф. Гастэлы В. А. Манохін адзначаў: «Сапраўдныя польскія патрыёты разумеюць, што неабходны агульныя намаганні ў барацьбе супраць гітлераўскіх полчышчаў, што Польшча здабудзе сваю самастойнасць толькі ў выніку разгрому фашысцкай Германіі». Аднак разрыў дыпламатычных адносін паміж савецкім урадам і польскім кіраўніцтвам у Лондане ў красавіку 1943 г. прывёў да ўзмацнення напружання паміж АК і партызанскім рухам у Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. ЦК КП(б)Б разаслаў падпольным партыйным цэнтрам закрытае пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», у якім былі сфармуляваны прынцыповыя ўстаноўкі ў дачыненні да польскіх нацыяналістычных атрадаў і груп. Савецкі ўрад прапаноўваў узмацніць барацьбу з фарміраваннямі АК і адначасова рэкамендаваў ствараць савецкія партызанскія атрады і групы з удзелам палякаў. «Падпольныя партыйныя цэнтры, партызанскія атрады, — адзначалася ў закрытым пісьме, — ўзначальваючы барацьбу народа, павінны развіваць яе на той падставе, што заходнія вобласці Савецкай Беларусі з'яўляюцца неад'емнай часткай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Дзяржавы, неад'емнай тэрыторыяй Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. На гэты асноўны, карэнны элемент нашай палітыкі, які мае дзяржаўны характар, ЦК звяртае асаблівую ўвагу ў сувязі з тым, што польскі ўрад і нацыяналістычныя польскія рэакцыйныя колы, стаўшы на пазіцыю варожага стаўлення да Савецкага Саюза і не прызнаючы гістарычных правоў беларускага і ўкраінскага народаў быць аб'яднанымі ў сваіх нацыянальных дзяржавах, выступілі з захопніцкім, імперыялістычным планам падзелу спрадвечных беларускіх і ўкраінскіх зямель. Польскі ўрад разглядае заходнія вобласці Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны як частку тэрыторыі Польшчы, ігнаруе ўсім вядомы факт таго, што адбылося ўз'яднанне беларусаў і ўкраінцаў у сваіх нацыянальных дзяржавах, і выступае за працяг палітыкі раздраблення беларускага і ўкраінскага народаў». Хаця польскае кіраўніцтва ў Лондане не спяшалася ствараць шырокую сетку партызанскіх атрадаў для барацьбы з германскімі захопнікамі, першыя польскія фарміраванні АК пачалі ўзнікаць ужо ў 1942 г. У 1944 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 20 тыс. байцоў Арміі Краёвай. У час набліжэння лініі фронту да былой польска-савецкай граніцы атрады АК павінны былі распачаць рэалізацыю плана «Бура», зацверджанага камандаваннем АК 20 лістапада 1943 г. Гэты план прадугледжваў захоп тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі польскім падполлем і атрадамі Арміі Краёвай у момант адступлення нямецкіх войскаў. Гітлераўцы шукалі любыя сродкі для актывізацыі мясцовых сіл супраць партызанскага руху. Таму яны выкарысталі абвастрэнне зносін паміж савецкімі партызанскімі атрадамі і Арміяй Краёвай. Некаторыя злучэнні АК заключылі пагадненні з нямецкім камандаваннем аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Гітлераўцы абавязаліся пастаўляць палякам зброю, амуніцыю і боепрыпасы. Такі дагавор акупанты заключылі з камандаваннем батальёна «Стоўбцы», крыху пазней — з «Наднёманскім» злучэннем АК. Аналагічныя дамоўленасці існавалі таксама з тымі атрадамі Арміі Краёвай, што падпарадкоўваліся каменданту Віленскай акругі АК. Армія Краёва была афіцыйна распушчана 19 студзеня 1945 г. Аднак яе фарміраванні на тэрыторыі Беларусі працягвалі барацьбу з чырвонаармейцамі, партыйнымі савецкімі актывістамі і мясцовымі жыхарамі амаль да сярэдзіны 1950-х гг. Тэрарыстычная дзейнасць акаўцаў вымусіла савецкія органы ўлады і дзяржаўнай бяспекі прымаць меры па папярэджанні бандыцкіх акцый. Згодна з апублікаванымі звесткамі, з 1 чэрвеня па 1 сакавіка 1947 г. было разгромлена 767 бандыцкіх фарміраванняў АК і арыштавана 13 329 чалавек. Дзейнасць польскіх акаўскіх банд канчаткова прыпынілася да сярэдзіны 1950-х гг., калі нармалізаваліся зносіны паміж Польскай Народнай Рэспублікайі СССР.

Маскоўская бітва. Крах «бліцкрыга». Германскае кіраўніцтва разумела палітычную і стратэгічную важнасць Масквы і звязвала з яе захопам вырашальны поспех у вайне. З першых дзён праціўнік выкарыстоўваў авіяцыю, якая павінна была не толькі нанесці значны матэрыяльны ўрон, але і дэмаралізаваць жыхароў сталіцы. У налётах на Маскву немцы задзейнічалі каля 270 бамбардзіроўшчыкаў з найбольш падрыхтаванымі лётчыкамі. Многія экіпажы ўзначальвалі старшыя афіцэры ваенна-паветраных сіл Германіі. Першы налёт на горад быў здзейснены ў ноч з 21 на 22 чэрвеня 1941 г. Каля 220 бамбардзіроўшчыкаў чатырма калонамі набліжаліся да Масквы, але своечасова былі заўважаны пастамі супрацьпаветранай абароны. Амаль 5 гадзін цягнулася барацьба з самалётамі праціўніка. У першую ноч вайны былі знішчаны 22 варожыя самалёты і каля 15 — у наступную. 3 ліпеня 1941 па красавік 1942 г. фарміраванні германскіх ваенна-паветраных сіл ажыццявілі каля 8 тыс. самалёта-вылетаў на Маскву. Аднак толькі 234 бамбардзіроўшчыкі (3 % ад іх агульнай колькасці) змаглі прарвацца да горада і скінуць 1610 фугасных і каля 100 запальных бомбаў. За спробу знішчыць савецкую сталіцу вораг заплаціў сваю цану: 952 бамбардзіроўшчыкі былі збіты, а 130 атрымалі пашкоджанні. Тым не менш, у кастрычніку-лістападзе 1941 г. на Маскоўскім напрамку склалася вельмі напружанае становішча: група армій «Цэнтр» пачала буйнамаштабную аперацыю «Тайфун». Гітлер патрабаваў ад германскіх войскаў як мага хутчэй пачаць наступленне і любой цаной авалодаць Масквой. Праз тыдзень з пачатку аперацыі германскае вярхоўнае камандаванне паведамляла аб паспяховым развіцці наступлення. Але ў канцы кастрычніка ў аперацыі «Тайфун» адбыўся збой. Сярод прычын такога становішча, паводле слоў генерала вермахта Г. Блюментрыта, была «руская ваенная сіла». На працягу далейшых тыдняў супраціўленне савецкіх войскаў узмацнялася, напружанне баёў з кожным днём узрастала. 3 рэшткаў Заходняга і Рэзервовага франтоў 10 кастрычніка быў створаны новы Заходні фронт, задачай якога з'яўлялася абарона блізкіх подступаў да Масквы. Камандуючым фронту быў прызначаны генерал арміі Г. К. Жукаў. Калі ў другой палавіне кастрычніка праціўнік узнавіў наступленне на гэтым напрамку, яму зноў трэба было прарываць суцэльную лінію абароны. Немцы ўпарта рваліся да Масквы. 20 кастрычніка ў савецкай сталіцы быў уведзены стан аблогі. Горад быў умацаваны процітанкавымі «вожыкамі», надаўбнямі, барыкадамі. Сотні тысяч масквічоў бралі ўдзел ва ўзвядзенні ўмацаванняў. Большасць маскоўскіх заводаў не спынялі работу і перайшлі на выпуск ваеннай прадукцыі. Тэрмінова фарміраваліся новыя дывізіі апалчэнцаў, якія адразу ішлі ў бой. 7 лістапада 1941 г. на Краснай плошчы ў Маскве адбыўся парад часцей Чырвонай Арміі. Пасля яго воіны адразу накіроўваліся на фронт. 15 лістапада германскае камандаванне пачало другое наступленне на Маскву. Надзвычай жорсткае супраціўленне сустрэў вораг у раёне Валакаламска. 16 лістапада было адзначана подзвігам 28 герояў-панфілаўцаў 316-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра I. В. Панфілава. У час танкавай атакі праціўніка каля раз'езда Дубасекава (на ўсход ад Валакаламска) малодшы палітрук 4-й роты В. Г. Клачкоў-Дзіеў звярнуўся да байцоў са словамі: «Вялікая Расія, але адступаць няма куды. За намі — Масква!». Апошняя спроба захапіць Маскву была здзейснена войскамі вермахта ў пачатку снежня 1941 г. Але і гэта наступленне, як і два папярэднія, правалілася. Гітлераўская стратэгія бліцкрыгу пацярпела пад Масквой пойны крах. Толькі з 16 лістапада да 5 снежня 1941 г. германскі вермахт страціў пад Масквой звыш 155 тыс. чалавек забітымі і параненымі, каля 800 танкаў, 300 гармат і каля 1500 самалётаў. 5-6 снежня 1941 г. пачалося контрнаступленне савецкіх войскаў пад Масквой. Да пачатку студзеня 1942 г. савецкія войскі прасунуліся на захад на 100-250 км. Яны вызвалілі ад захопнікаў Маскоўскую і Тульскую вобласці. У баях за Маскву і Тулу вызначыліся стралковыя дывізіі, якімі камандавалі нашы землякі — генералы У. Р. Вашкевіч і М. М. Макаўчук, а таксама камандзіры часцей і злучэнняў А. А. Барэйка, Е. У. Дабравольскі, М. М. Мультан, I. Л. Рагуля, А. Дз. Церашкоў П. М. Чарнышоў. Контрнаступленне савецкіх войскаў, пачатак якому быў пакладзены пад Масквой у снежні 1941 г., перайшло ў агульнае наступленне і працягвалася да красавіка 1942 г. па ўсім фронце. За гэты час вораг быў адкінуты на захад ад Масквы на 350-400 км, было вызвалена 11 тыс. населеных пунктаў, у тым ліку звыш 60 гарадоў разгромлена да 50 дывізій ворага. Гэта было адно з самых буйных паражэнняў германскага вермахта. Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой азначаў поўны крах гітлераўскай стратэгіі «маланкавай вайны» і плана «Барбароса». Міф аб непераможнасці германскай арміі быў развеяны.

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у Вялікай Айчыннай вайне. Сталінградская бітва мела вырашальнае значэнне ў ходзе падзей на савецка-германскім фронце. У ёй удзельнічалі войскі Сталінградскага, Паўднёва-Заходняга, Паўднёва-Усходняга, Данскога і левага крыла Варонежскага франтоў, Волжская ваенная флатылія. Для наступлення на Сталінградскім напрамку нямецка-фашысцкае камандаванне спачатку накіравала 6-ю, а з 31 ліпеня — 4-ю танкавыя арміі. Бітва пачалася 17 ліпеня 1942г. у неспрыяльных для савецкіх войскаў умовах. Сілы праціўніка на Сталінградскім напрамку пераўзыходзілі сілы Чырвонай Арміі ў асабовым складзе — у 1,7 раза, у артылерыі і танках — у 1,3 раза, у самалётах — больш як у 2 разы. У час ліпеньскіх і жнівеньскіх баёў на далёкіх подступах да Сталінграда быў выйграны час, неабходны для арганізацыі надзейнай абароны горада. 14 ліпеня ў Сталінградскай вобласці было абвешчана ваеннае становішча, а 25 жніўня ў Сталінградзе — стан аблогі. Умацаванню баявога духу савецкіх войскаў садзейнічаў загад народнага камісара абароны СССР I. В. Сталіна № 227 ад 28 ліпеня 1942 г., болыш вядомы як загад «Ні кроку назад!». У ім давалася ацэнка становішчу, якое склалася ў краіне, указвалася на неабходнасць любымі сродкамі прыпыніць нямецкія войскі, рэкамендаваліся практычныя мерапрыемствы па ўмацаванні дысцыпліны воінаў. У другой палавіне жніўня гітлераўцам удалося фарсіраваць Дон, а 23 жніўня — прарвацца да Волгі на поўначы ад Сталінграда і адрэзаць войскі, якія абаранялі горад, ад астатніх сіл фронту. 13 верасня пачаліся ўпартыя баі ў горадзе. Яны вяліся за кожную вуліцу, кожны дом. Месцам кровапралітных сутыкненняў сталі заводы «Барыкады», «Чырвоны Кастрычнік», чыгуначны вакзал. Некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі Мамаеў курган. 11 лістапада германскія войскі зрабілі апошнюю спробу авалодаць горадам, але яна, як і ўсе папярэднія, не прынесла ім поспеху. У чатырохмесячнай бітве на подступах да Сталінграда і ў самім горадзе групоўка ворага панесла вялізныя страты, але сваёй мэты не дасягнула. Войскі агрэсара былі прыпынены. Яшчэ ў час цяжкіх абарончых баёў Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання і Генеральны штаб пачалі распрацоўку наступальнай аперацыі, якая атрымала кодавую назву «Уран». Яе мэтай было акружэнне і знішчэнне праціўніка пад Сталінградам. 19 лістапада 1942 г. савецкія войскі перайшлі ў наступленне. У гэты дзень раніцай пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі групоўкі Паўднёва-Заходняга і Данскога франтоў пад камандаваннем генералаў М. Ф. Ватуціна і К. К. Ракасоўскага на паўночным захадзе ад Сталінграда, а на наступны дзень і арміі Сталінградскага фронту пад кіраўніцтвам генерала А. I. Яроменкі на поўдні ад горада нанеслі магутныя сустрэчныя ўдары. Іх падтрымлівалі 17-я паветраная армія, якой камандаваў наш зямляк генерал С. А. Красоўскі, і 2-я паветраная армія генерала К. М. Смірнова. На пяты дзень, пераадолеўшы з баямі 100-150 км, яны злучыліся ў раёне хутара Савецкага і горада Калача. У акружэнні апынуліся германскія войскі 6-й і частка сіл 4-й танкавай арміі — 22 дывізіі і больш за 160 асобных часцей агульнай колькасцю 330 тыс. салдат і афіцэраў. Задача ліквідацыі акружанай групоўкі была ўскладзена на войскі Данскога фронту. Каб пазбегнуць дарэмнага кровапраліцця, савецкае камандаванне прапанавала германскаму боку капітуляваць. Аднак гэта прапанова была адхілена. А. Гітлер катэгарычна забараняў капітуляцыю і патрабаваў змагацца да апошняга салдата. Гэтым самым ён асудзіў тысячы сваіх салдат на верную пагібель. Каб дэблакіраваць акружаныя сілы, нямецкае камандаванне стварыла групу армій «Дон», якая налічвала каля 30 дывізій. Але ўсе яе намаганні прабіцца ў Сталінград аказаліся дарэмнымі. Да канца снежня 1942 г. савецкія войскі адкінулі ворага на 200-250 км ад горада. 16 снежня 1942 г. разгарнулася наступленне войскаў Паўднёва-Заходняга і левага крыла Варонежскага франтоў на Сярэднім Доне. Да канца месяца яны прасунуліся на 150-200 км і тым самым стварылі спрыяльныя ўмовы для ліквідацыі акружаных пад Сталінградам войскаў ворага. 10 студзеня 1943 г. войскі Данскога фронту распачалі ажыццяўленне аперацыі «Кальцо». Скончылася яна 2лютага 1943 г. поўным разгромам праціўніка. Перамога ў Сталінградскай бітве была вынікам упартасці, мужнасці і масавага гераізму савецкіх воінаў. Дзесяткі тысяч салдат і афіцэраў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 112 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Медалём «За абарону Сталінграда» ўзнагароджана больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы. Вялікія страты панеслі і Савецкія Узброеныя Сілы. За час Сталінградскай бітвы агульныя страты Чырвонай Арміі склалі 1 129 619 салдат і афіцэраў, з іх забіты і памерлі ад ран 478 741 чалавек. Контрнаступленне трох савецкіх фронтаў пад Сталінградам стала зыходным пунктам для нанясення далейшых удараў па ворагу, якія перараслі ў пачатку 1943 г. у стратэгічнае наступленне Чырвонай Арміі амаль на ўсім савецка-германскім фронце.

Каб аднавіць міжнародны прэстыж сваіх войскаў, кіраўніцтва нацысцкай Германіі летам 1943 г. вырашыла пачаць наступленне на Курск — аперацыю «Цытадэль». Паспяховае ажыццяўленне гэтай аперацыі, на думку германскага камандавання, павінна было змяніць становішча на фронце на карысць Германіі, узняць маральны дух вермахта, утрымаць ад развалу фашысцкі блок. На адносна невялікім участку фронту гітлераўцы сканцэнтравалі свае лепшыя 50 дывізій, якія налічвалі болып за 900 тыс. салдат і афіцэраў, каля 2700 танкаў і штурмавых гармат, 2700 самалётаў і каля 10 тыс. гармат і мінамётаў. Вялікія надзеі А. Гітлер ускладаў на новыя цяжкія танкі «Тыгр» і сярэднія «Пантэра», штурмавыя гарматы «Фердынанд», самалёты «Фоке-Вульф-190А» і «Хейнкель-129». Аперацыя старанна рыхтавалася. Германскае камандаванне было ўпэўнена ў поспеху і таму запрасіла турэцкую ваенную місію і групу вышэйшых румынскіх афіцэраў стаць сведкамі трыумфу нямецкай зброі. У спецыяльным пасланні да войскаў вермахта А. Гітлер заявіў, што перамога пад Курскам уразіць увесь свет і ад яе будзе залежаць будучыня вайны і яе вынік. Фюрэр выказаў упэўненасць у тым, што Курская бітва дакажа дарэмнасць супраціўлення Германіі. План ворага быў своечасова разгаданы. Савецкае камандаванне вырашыла шляхам абарончай аперацыі знясіліць ударныя групоўкі ворага, а потым перайсці ў наступленне на ўсім паўднёвым участку фронту. Абарону Курскага выступу трымалі войскі Цэнтральнага і Варонежскага франтоў (камандуючыя — генералы арміі К. К. Ракасоўскі і М. Ф. Ватуцін). Былі задзейнічаны звыш 1 млн 337 тыс. чалавек, 19 300 гармат і мінамётаў, больш за 3300 танкаў і самаходных гармат, 2500 самалётаў. У тыле Цэнтральнага і Варонежскага франтоў знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (камандуючы — генерал-палкоўнік I. С. Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Заходні і Бранскі франты (камандуючыя — генерал-палкоўнік, з 27.08.1943 г. генерал арміі В. Д. Сакалоўскі і генерал-палкоўнік, з 26.08.1943 г. генерал арміі М. М. Папоў). Да пачатку бітвы на Курскім выступе была пабудавана глыбока эшаланіраваная абарона глыбінёй да 300 км. Было выкапана 9240 км акопаў і траншэй. Разам з воінамі ў абарончых работах удзельнічалі жыхары прыфрантавых раёнаў. У чэрвені 1943 г. на будаўніцтве абарончых рубяжоў у паласе Цэнтральнага і Варонежскага франтоў працавала 300 тыс. чалавек мясцовага насельніцтва. Для каардынацыі дзеянняў франтоў Стаўка накіравала ў раён Курскай дугі сваіх прадстаўнікоў: маршалаў Г. К. Жукава і А. М. Васілеўскага. Да пачатку ліпеня савецкія войскі былі поўнасцю падрыхтаваны да адпору гітлераўскаму націску. 5 ліпеня 1943 г. войскі праціўніка перайшлі ў наступленне. Разгарнулася надзвычайная па сваіх маштабах і жорсткасці бітва — супрацьстаянне сталі, агню і чалавечай вытрымкі. Былі задзейнічаны асноўныя танкавыя сілы абодвух бакоў: не менш за 4 тыс. савецкіх і 3 тыс. нямецкіх танкаў. Толькі ў першы дзень бітвы ў баявых дзеяннях удзельнічала каля 700 танкаў. Панёсшы вялізныя страты, вораг да 11 ліпеня паглыбіўся на асобных участках фронту на 30-40 км, але галоўнай мэты не дасягнуў. Войскі Варонежскага фронту 12 ліпеня перайшлі ў контрнаступленне. У раёне Прохараўкі адбылася буйная танкавая бітва, у якой удзельнічала звыш 1100 танкаў і самаходных гармат. 18 гадзін працягваліся жорсткія баі. Абодва бакі неслі цяжкія страты. У гэты дзень гітлераўцы страцілі каля 400 танкаў. Больш за палавіну танкаў страціла Савецкая 5-я гвардзейская танкавая армія. У Курскай бітве настаў пералом. Цэнтральны фронт перайшоў у контрнаступленне 15 ліпеня. Войскі Варонежскага і ўведзеныя 18 ліпеня ў бітву арміі Сцяпнога франтоў перайшлі да праследавання праціўніка. Наступленне немцаў на Курскай дузе поўнасцю правалілася. Гітлераўскае камандаванне імкнулася ўтрымліваць свае пазіцыі да апошняга салдата. Аднак стабілізаваць фронт не ўдалося. 5 жніўня 1943 г. савецкія войскі вызвалілі Арол і Белгарад. У азнаменаванне гэтай перамогі ў Маскве адбыўся першы за час вайны салют. Рашэнне адзначыць такім чынам перамогу пад Курскам было прынята невыпадкова. Савецкае кіраўніцтваразумела, што з перамогай у Курскай бітве СССР фактычна выйграў вайну. 23 жніўня 1943 г. войскі Сцяпнога фронту вызвалілі Харкаў. Завяршыўся другі перыяд Курскай бітвы — контрнаступленне Чырвонай Арміі. Па сваіх ваенна-палітычных выніках і маштабах Курская бітва была адной з найбуйнейшых за ўвесь час Другой сусветнай вайны. Абодва бакі ў час яе задзейнічалі вялізныя сілы: больш за 4 млн чалавек,. звыш 69 тыс. гармат і мінамётаў болын за 13 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 12 тыс. баявых самалётаў. Савецкія войскі разграмілі 30 лепшых дывізій праціўніка, ў тым ліку 7 танкавых. Вермахт страціў каля 500 тыс. чалавек, 1,5 тыс. танкаў і штурмавых гармат, больш за 3,7 тыс. самалётаў, 3 тыс. гармат і мінамётаў. Звыш 100 тыс. савецкіх воінаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, больш за 180 чалавек удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх беларусы: старшы лейтэнант А. К.Даравец — адзіны ў свеце лётчык, які ў адной паветранай бітве збіў 9 варожых самалётаў, лётчыкі I. М. Ерашоў, С. А. Карнач, К. А. Шабан, М. I. Альхоўскі, М. К. Шут, танкісты С. I. Чубукоў, В. М. Гінтаўт, пехацінцы Ф. П. Бруй, П. I. Шпетны, М. Л. Співак і інш. У баях на Курскай дузе вызначыліся нашы землякі: генералы С. А. Красоўскі — камандуючы 2-й паветранай арміяй, П. П. Корзун — камандуючы 47-й арміяй, камандзіры авіякарпусоў 3. А. Каравацкі, А. С. Благавешчанскі, С. Г. Кароль, начальнікі штабоў армій В. А. Пянькоўскі, А. Р. Бацюня, М. Р. Брылёў А. В. Петрушэўскі і іншыя, камандзіры дывізій I. А. Даніловіч, Д. В. Казакевіч, М. М. Макаўчук, Ф. I. Перхаровіч, I. Я. Малашыцкі, камандзіры танкавых брыгад 1.1. Гусакоўскі, П. М. Рудкін, 1.1. Якубоўскі, М. Л. Ермачок і інш. Перамога савецкіх войскаў пад Курскам і выхад іх да ракі Дняпро азнаменавалі завяршэнне карэннага пералому ў ходзе Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў.

Вызваленне Беларусi. Пасля перамогі ў Курскай бiтве, Чырвоная Армiя пачала наступленне ад Невеля да Чорнага мора. Восенню 1943г. яна ўступiла на тэрыторыю Беларусi, 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР - г. Камарын. За восень-зiму былi вызвалены 36 раёнаў i 2 абласных цэнтра - Гомель i Мазыр. Важнае значэнне ў гэтым мела фарсiраванне Дняпра ў раёне Львова. 183 воiны за гэту аперацыю былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У наступальных баях удзельнiчалi войскi 1-й польскай дывiзii iмя Тадэўша Касцюшкi, якiя пачалi свой гераiчны шлях 12-13 кастрычнiка 1943г. пад Ленiна (Магiлёуская вобл., недалёка ад Горак). Камандаваў дывiзiяй палкоўнiк Э. Берлiнг. Вялiкую дапамогу наступаючым часцям Чырвонай Армii аказалi падпольшчыкi i партызаны. У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялiкай Айчыннай вайны - поўнае выгнанне ворагаў з савецкай зямлi, вызваленне народаў Еўропы. Значную ролю у рашэннi задач на гэтым этапе адыграла Беларуская наступальная аперацыя (кодавая назва"Баграцiён"). Гiтлераўскае камандаванне надавала вялiкае значэнне ўтрыманню Беларусi, бо яна была важным плацдармам, якi прыкрываў усходне-прусскi i варшаўска-берлiнскi стратэгiчныя напрамкi. Былi падрыхтаваны абарончыя рубяжы на рэках Днепр, Бярэзiна, Свiслач, Нёман i iнш. Рад гарадоў аб'яўлены крэпасцямi (Мiнск, Вiцебск, Орша, Магiлёу i iнш.), якiя не належалi здачы. У Беларусi была моцная групiроўка нямецкiх войск, якая ўключала 63 дывiзii i 3 брыгады (1млн. 200 тыс. чалавек), 9500 гармат i мiнамётаў, 900 танкаў, САЎ, каля 1350 самалётаў. У красавiку-маi генштаб Чырвонай Армii распрацаваў план аперацыi "Баграцiён". Яго ажыццяўлялi войскi наступных франтоў: 1-ы Беларускi (камандуючы генерал армii К. К. Ракасоўскi), 2-i Беларускi (генерал-палкоўнiк Г. Ф. Захараў), 3-i Беларускi (генерал-лейтэнант I. Д. Чарняхоўскi), 1-ы Прыбалтыйскi (генерал армii I. Х. Баграмян) пры падтрымцы Дняпроўскай флатылii, авiяцыi далёкага дзеяння i ПВА. Удзельнiчалі ў аперацыi партызанскiя злучэннi. Савецкiя войскi пераўзышлi ворага ў 2 разы па жывой сiле, у 2, 2 разы - па гарматах i мiнамётах, у 4 разы - па танках i САЎ, у 3 разы - па самалётах. Задума Вярхоўнага Глаўнакамандавання была наступнай - франты адначасова пераходзяць у наступленне на Вiцебскiм, Багушэўскiм, Аршанскiм i Бабруйскiм напрамках, разбураюць фронт абароны ворага, акружаюць i знiшчаюць яго групоўкі ў раёне Вiцебска i Бабруйска i выходзяць на Мiнск з мэтай знiшчэння i акружэння асноўных сiл групы армiй "Цэнтр" на ўсходзе Мiнска. Вясной праводзіўся рад мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да наступлення: канцэнтравалiся сiлы, праводзiлася баявая вучоба, у баявую гатоўнасць прыводзiлiся партызаны i падпольшчыкi. Наступленне пачалося 23 чэрвеня 1944 г. Спачатку быў нанесены бомбавы ўдар авiяцыяй, потым праведзена артылерыйская падрыхтоўка. У бой уступiлi войскi 1-га Прыбалтыйскага i 3-га Беларускага франтоў. Ужо на 3-цi дзень была акружана Вiцебская групiроўка праціўнiка i вызвалены Вiцебск. Да канца чэрвеня 1944 г. былi вызвалены Орша, Магiлёу, Бабруйск. Развярнулiся баi за Мiнск. Гiтлераўцы добра ўмацавалi горад (былi перакiнуты дадатковыя войскi, збудавана драўляная сцяна, за якой размяшчалiся танкi i гарматы). Аднак i гэта не астанавiла савецкiх воiнаў. Танкавы корпус генерала А. С. Бурдзейнага завязаў баi на ўсходняй акраiне горада. З паўднёвага боку вялi баi гвардзейцы 1 танкавага корпуса генерала М. Ф. Панова. З поўначы наступалi танкiсты маршала П. А. Ротмiстрава. У баях за Мiнск вызначылiся многiя савецкiя воiны. Першым уварваўся ў горад танк Д. Г. Фролiкава. У баях на вулiцах Мiнска вызначыўся камандзiр танкавага ўзвода М. Колычаў. Iм, а таксама А. С. Бурдзейнаму, было прысвоена званне "Ганаровы грамадзянiн г. Мiнска". Мiнск быў вызвалены 3 лiпеня. У раёне Мiнска была акружана 100 тыс. групоўка ворага. 7 дзен спрабавалi вырвацца фашысты з "Мiнскага катла". 70 тыс. гiтлераўцаў было забiта, 35 тыс. узята ў палон. У ходзе далейшага наступлення савецкiя войскi 16 лiпеня вызвалiлi г. Гродна, а 28 лiпеня – г. Брэст. Фашысты былi выгнаны з беларускай зямлi.

Гаспадарчае і грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і райцэнтраў, 9200 сёл і вёсак. Загінула больш за 3 млн. чалавек. Былі разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, абсталяванне вывезена ў Германію альбо знішчана. Гітлераўцы разрабавалі маёмасць калгасаў і саўгасаў. Моцна пацярпелі транспартныя магістралі, было разбурана амаль тры чвэрці жылога фонду гарадоў, поўнасцю знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульнаму ўзроўню развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., а па некатарых галінах - да 1913 г. З вялікім аптымізмам грамадзяне Беларусі ва ўмовах нястачы пачалі аднаўленне сваёй рэспублікі. У забеспячэнні аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі Беларусі фінансавымі і крэдытнамі рэсурсамі рашаючую ролю адыгралі агульнасаюзныя фонды. З саюзных рэспублік ішлі эшалоны з абсталяваннем, інструментамі, машынамі, будаўнічамі матэрыяламі, сельскагаспадарчым інвентаром, насеннем, жывёлай, прадметамі хатняга ўжытку і г. д. За гады чацвёртай пяцігодкі (1946-1950) былі пабудаваны і выдалі першую прадукцыю мінскія трактарны, аўтамабільны заводы, мотовелазавод, Мінскі тонкасуконны камбінат, Віцебскі дывановы камбінат. Аднак адставала энергетыка, марудна развівалася вытворчасць тавараў народнага спажывання. Складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. Пасяўныя плошчы да пачатку пяцігодкі ў калгасах складалі толькі 59% даваеннага ўзроўню. У аднаўленні сельскай гаспадаркі дамінавалі метады адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Калгасам было вернута звыш 200 тыс. га зямлі, а таксама жывёла, якія з часоў вайны знаходзіліся ў карыстанні грамадзян. У пасляваенныя гады карэнныя сацыяльна-эканамічныя перамены адбыліся ў сельскай гаспадарцы заходніх абласцей БССР. Масавая калектывізацыя і тут не абышлася без "ліквідацыі кулацтва як класа". У 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў спецыяльную пастанову "Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР", у выніку чаго за межы рэспублікі былі высланы тысячы "кулацкіх" сям'яў. Толькі пасля смерці Сталіна большасць з іх была рэабілітавана і вярнулася на Бацькаўшчыну. У снежні 1947 г. у краіне была адменена карткавая сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку свабоднага гандлю без картак па адзіных дзяржаўных цэнах. Разам з адменай карткавай сістэмы была праведзена грашовая рэформа. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваеннага перыяду, цэны на тавары шырокага спажывання па-ранейшаму былі значна вышэй даваенных. Да таго ж адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з заработнай платы. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы грамадзян клаліся штогадовыя дзяржаўныя пазыкі, якія праводзіліся пад ціскам партыйных і адміністрацыйных органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму не менш месячнага акладу ў год. Пасля смерці Сталіна ўзнікла магчымасць ажыццявіць некаторую пераарыентацыю эканомікі на паляпшэнне жыцця людзей. Адначасова былі спробы ўключыцца ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю. У Беларусі аднаўляліся і мадэрнізаваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. За 1955-1958 гг. на прадпрыемствах рэспублікі было ўстаноўлена каля 200 паточных ліній, больш за 1000 адзінак новага і мадэрнізаванага абсталявання. Савецкая навука ў 50-я гг. атрымала важныя вынікі, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, ЭВМ. Сведкамі дастатковага навуковага і тэхнічнага ўзроўню сталі запускі першых штучных спадарожнікаў Зямлі, будаўніцтва першых у свеце АЭС, атамнага ледакола і г. д. Аднак навукова-тэхнічны прагрэс служыў перш за ўсё ваенным мэтам. Сістэма адміністрацыйнага кіравання да таго ж не давала развівацца ініцыятыве, прадпрымальнасці, станавілася перашкодай на шляху інтэграцыі навукі і вытворчасці. Палепшыць узровень жыцця людзей немагчыма было без пераадолення крызіснага стану сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з рашэннямі вераснёўскага Пленума ЦК КПСС (1953 г.) у краіне былі ў 2-5 разоў павышаны нарыхтоўчыя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Акрамя таго, былі спісаны нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сельгаспадатку за папярэднія гады, падатак з калгаснікаў быў зніжаны ў 2,5 раза, а з 1958 г. ён быў наогул адменены. Былі таксама зніжаны абавязковыя дзяржпастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з калгасаў, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі, толькі за 1954 г. на Беларусі яны ўзраслі на 52%. У выніку - за некалькі год сялянства пераадолела галечу, выйшла з прыгнечанага стану, аднак заможным не стала. Не стала багатай і ўся краіна, у ёй не хапала нават хлеба для гараджан. Камуністычнае кіраўніцтва СССР не бачыла іншага выйсця з сітуацыі, як толькі далей узмацняць камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай. На гэты раз было вырашана асвоіць цалінныя і закінутыя землі на Усходзе і за гэты кошт вырашыць збожжавую праблему. На працягу 1954-1956 гг. у Казахстане, Сібіры, Паволжы і на Алтаі было вырашана асвоіць не менш 13 млн. га цалінных зямель. На цаліну была накіравана вялікая колькасць тэхнікі, сотні тысяч навасельцаў. БССР пастаўляла цаліне машыны, абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. За 1954-1960 гг. на цаліну з Беларусі выехала 60 тыс. чалавек. Перасяленцы з Беларусі стварылі там 24 саўгасы. Усяго за 1954-1956 гг. было ўзнята каля 36 млн. га цалінных зямель, што склала 30% усіх пасяўных плошчаў СССР таго часу. Гэта дазволіла краіне хутка атрымаць дадаткова сотні мільёнаў пудоў хлеба. У рэкордным ураджаі 1956 г. - 12 млн. тон - доля хлеба з цаліны склала 50%. Між тым, па некаторых сучасных ацэнках, прырост вытворчасці збожжа, аналагічны атрыманаму на цаліне, можна было б забяспечыць на даўно асвоеных землях і меншым коштам. Асваенне цаліны азначала зварот да экстэнсіўных метадаў.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 288 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...