Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Афармленне цытат. Даведачна-бібліяграфічны апарат навуковай літаратуры



Змест рэферата-даклада звычайна перадаецца сваімі словамі, аднак асноўныя палажэнні тэмы можна падмацоўваць цытатамі.

Цытата (ням. zitat ад лац. cito – выклікаю, прыводжу) – даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы; выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

Цытаты часта ўжываюцца ў навуковых працах, лекцыях, дакладах, рэфератах, сачыненнях, у розных творах як эпіграф.

Цытата афармляецца як простая і як ускосная мова. Калі цытата ўключаецца ў тэкст як частка сказа, яна пачынаецца з малой літары і бярэцца ў двукоссе: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» (ЛіМ). Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Адрозненне цытат ад канструкцый з простай мовай заключаецца ў тым, што цытаты бяруцца толькі ў двукоссе і маюць дакладную спасылку на крыніцу цытавання. Спасылкі на цытату афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТу. Напрыклад: «Выхаванне сваім краем, – пісаў Янка Сіпакоў, – выхаванне роднаю зямлёю, выхаванне дарагімі краявідамі, выхаванне традыцыямі і добрымі (працоўнымі і ратнымі) справамі продкаў – ці не гэта з’яўляецца самым важным ва ўсёй сістэме выхавання?» (Мой родны кут: вершы беларускіх паэтаў аб роднай прыродзе / Склад. У.А.Начэўны. – Мінск: Маст. літаратура, 1987. – С. 7.).

Цытаты-эпіграфы звычайна не бяруцца ў двукоссе:

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў...

Якуб Колас

Словы і словазлучэнні, якія ўключаюцца ў аўтарскі тэкст без спецыяльных спасылак, бяруцца ў двукоссе: Вялікае дзіва – Купалава песня! Усю гэтую работу прарабіла яна разам з народам на нашых вачах. І паказала ў новым абліччы чалавека, што горда і горка некалі назваў сябе «пан сахі і касы», а потым непахісна абвясціў адзіна справядлівую дыктатуру, дыктатуру працы (Луж.).

Бібліяграфічны спіс (бібліяграфічныя апісанні выкарыстаных крыніц) звычайна будуецца ў славянскім алфавітным парадку на мове арыгінала (замежныя крыніцы размяшчаюцца адпаведна лацінскаму алфавіту пасля крыніц, размешчаных адпаведна славянскаму алфавіту; пасля замежных крыніц ідуць адрасы сайтаў у лацінскім алфавітным парадку).

Схема бібліяграфічнага апісання:

1. 3агаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне і інш.).

2. Звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і пад.).

3. Звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і г.д.).

4. Месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).

5. Аб’ём (колькасць старонак, можна ўказаць колькасць табліц).

Напрыклад: Маршэўская, В.В. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах: вучэб. дапам. / В.В.Маршэўская. – Гродна: ГрДУ, 2002. – 116 с.

Такім чынам, напісанне рэфератаў, анатацый і іншых жанраў навуковай літаратуры садзейнічае развіццю навыкаў і ўменняў у галіне пісьмовай літаратурнай мовы і развівае навыкі самастойнага падбору, аналізу, правільнага тлумачэння і абагульнення навуковай інфармацыі.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 2019 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...