Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Тэкст як асноўная камунікатыўная адзінка



«Тэкст (лац. textus ‘тканіна, спалучэнне, спляценне’) – гэта маўленчае камунікацыйнае ўтварэнне, функцыянальна скіраванае на рэалізацыю пазамоўных задач» [2, с. 337].

Тэрмін тэкст у мовазнаўчай літаратуры тлумачыцца неадназначна: яго ўспрымаюць як сінонім да тэрмінаў выказванне, звязная мова, звязваюць з паняццем складанае сінтаксічнае цэлае, лічаць тэкстам любое па форме выказванне (вуснае і пісьмовае) і г.д. Тым не менш, большасць даследчыкаў надае тэксту статус асноўнай камунікацыйнай адзінкі, якой уласціва звязнасць і цэласнасць. Паняцце звязнасці арыентуецца на структурную арганізацыю тэксту, а паняцце цэласнасці – на яго зместавую арганізацыю (фактуальную, канцэптуальную, падтэкставую).

Звязнасць тэксту выяўляецца праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў і інш. Напрыклад: Горы ды каменне, вузкія палоскі: гэта наша поле, поле нашай вёскі. Курныя аконцы – каб святла хоць трошкі: гэта нашы хаты, хаты нашай вёскі (Куп.).

Цэласнасць тэксту дасягаецца тэматычным і мадальным адзінствам. Тэматычнае адзінства выяўляецца ў паўторнай намінацыі ключавых слоў, якія могуць ствараць вакол сябе сэнсавы кантэкст, куды ўваходзяць іншыя словы, звязаныя з ключавымі пэўнымі сітуацыйнымі сувязямі. Напрыклад: Як брыльянты, рассявае ночка летняя расіцу, туманамі спавівае луг зялёны над крыніцай. А як раніца настане, бліскі сонца загуляюць, – рос прыходзіць адцвітанне, туманы у рэчцы таюць (Куп.).

Мадальнасць тэксту ствараецца шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў, неабходных для рэалізацыі сваёй канцэпцыі, асабістага пункту гледжання. Напрыклад, у паэтычнай спадчыне С.Грахоўскага значнае месца займаюць кантэкставыя антонімы, якія паказваюць на жаданне аўтара перайсці да новага жыцця, зрабіць у сваім жыцці нейкія перамены: Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, без спрэчак калючых, нібыта асцё, без спёкі, без хмар і густых снегападаў – расклад ці інструкцыя, а не жыццё.

Па форме рэалізацыі тэксты бываюць вусныя і пісьмовыя, спантанныя і падрыхтаваныя; па колькасці моўцаў – маналог (маўленне, звернутае да самога сябе ці да іншых і не разлічанае на слоўную рэакцыю другіх асоб); дыялог (маўленне, у час якога адбываецца непасрэдны абмен выказваннямі паміж дзвюма асобамі); палілог (абмен выказваннямі паміж больш чым дзвюма асобамі).





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 2426 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...