Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Дзяржаўная палітыка вялікіх князёў ВКЛ у перыяд другая палова XIV – першая трэць XV стст



З 1345 па 1377 гг. вялікім князем літоўскім быў сын Гедыміна Альгерд, але фактычна у ВКЛ існаваў дуумвірат (адначасовае праўленне двух правіцеляў) Альгерда і Кейстута. Яны размежавалі паміж сабой “сферы ўплыву”. Альгерду дасталася ўсходняя палова княства з цэнтрам у Вільні. Ён праводзіў актыўную знешнююю палітыку (у асноўным наступаў) на ўсходнім і паўднёвым накірунках, дзе кантактаваў з рускімі княствамі і татарамі. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Ён адказваў за адносіны з заходнімі суседзямі і пераважна абараняў дзяржаву ад крыжакоў, якія здзейснілі з 1345 па 1377 гг. каля 100 рэйдаў. Кейстут, у сваю чаргу, зрабіў каля 40 паходаў у адказ, тры разы трапляў у палон і тры разы збягаў з палону. У 1348 г. браты біліся з крыжакамі на р. Стрэве, аднак рашаючай перамогі не атрымалі.

Сам Альгерд далучаў да ВКЛ так званыя “рускія землі” (тэрыторыі былой Кіеўскай Русі). У 1350-я гг. былі далучаны Бранскае княства, Мсціслаўская зямля. Пасля перамогі над татарамі на Сініх Водах у 1362 г. у складзе княства замацаваліся ўкраінскія землі (Кіеўшчына, Падолле і Чарнігаўшчына). Адначасова Альгерд імкнуўся падтрымаць Цвярское княства (адкуль была яго другая жонка Ульяна) і недапусціць узвышэння Масквы, якая таксама стала прэтэндаваць на лідэрства ва ўсходнеславянскім рэгіёне. У выніку князь здзейсніў тры паходы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг., аднак не дасягнуў стратэгічных поспехаў (двойчы даходзіў да сцен крамля, але не прыступаў да аблогі). У маскоўскім летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён “ не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, употай рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем ”.

У час праўлення Альгерда у склад ВКЛ увайшлі практычна ўсе беларускія землі. Існавалі тры шляхі іх уваходжання ў склад дзяржавы: дагаварны, шлях дынастычнага шлюбу, шлях ваеннага захопу. Пры гэтым абсалютная большасць беларускіх земляў увайшла ў склад ВКЛ добраахвотна, кіруючыся ваенна-палітычнай мэтазгоднасцю. Княства склалася як федэрацыя асобных зямель і княстваў. Яно паўстала як балта-ўсходнеславянская дзяржава са значнай перавагай усходнеславянскай тэрыторыі і насельніцтва (90% тэрыторыі і 80% насельніцтва пры Гедыміне і Альгердзе).

Дуумвірат (сумеснае праўленне) Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем па жаданні Альгерда стаў Ягайла (13771392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пераход прастолу да Ягайлы выклікаў дынастычную барацьбу ў ВКЛ. Супраць Ягайлы выступілі яго брат Андрэй Полацкі – сын Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй, а таксама дзядзька Кейстут са сваім сынам Вітаўтам.

Першым у 1377 г. распачаў барацьбу Андрэй Полацкі, які лічыў, што мае больш правоў на княжацкі пасад як старэйшы сын Альгерда. Але ў выніку нападу Ягайлы Андрэй уцёк у Пскоў, дзе быў прыняты на княжанне. Тым часам Ягайла аддаў Полацк свайму брату Скіргайлу. Аднак палачане адмовіліся прыняць новага князя і з ганьбай прагналі таго з горада, пасадзіўшы на каня задам наперад. У 1380 г. Андрэй Альгердавіч разам са сваім родным братам Дзмітрыем (князь бранскі) удзельнічаў у Кулікоўскай бітве супраць татар на баку маскоўскага князя, дзе вызначыліся сваім военным талентам. Ягайла ж уступіў у саюз з татарскім ханам Мамаем, прывеў войска ВКЛ да месца бітвы, але, свядома ўхіліўся ад удзелу ў баявых дзеянняў.

У 1381г. абвострыліся адносіны паміж Ягайлам і Кейстутам, якому па-ранейшаму належала заходняя частка ВКЛ з Трокамі. Кейстут раптоўна з’явіўся ў Вільні, захапіў Ягайлу і знайшоў дакменты, якія сведчылі пра змову таго з крыжакамі супраць дзядзькі. Ягайла быў пазбаўлены вялікага княжання, аднак, па просьбе Вітаўта, Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Але Ягайла не скарыўся. У 1382 г. па яго ініцыятыве ў Вільні адбылося паўстанне прыхільнікаў Ягайлы. Кейстут і Вітаўт былі вераломна захоплены. Першага з іх змясцілі ў вежу Крэўскага замка, дзе князь быў задушаны па загадзе Ягайлы. Вітаўт ацалеў, бо пры наведванні жонкай Ганнай пераапрануўся ў адзенне служанкі і ўцёк з затачэння, знайшоўшы прытулак у Тэўтонскім ордэне. Ягайла, які зноў стаў вялікім князем, уладкаваў Скіргайлу замест Кейстута ў Троках.

Тым часам у суседняй Польшчы памёр кароль польскі і венгерскі Людовік. Ва ўмовах адсутнасці ў Людовіка сыноў каралевай была аб’яўлена дачка Людовіка Ядзвіга. Сярод прэтэндэнтаў польская знаць аддала перавагу Ягайлу. На гэта былі прычыны. У Польшчы і Літвы быў агульны вораг – Тэўтонскі ордэн, які закрываў выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Польская шляхта хацела спыніць канфлікты з ВКЛ з-за Валыні і Падолля, атрымаць землю на гэтай тэрыторыі. Каталіцкая царква імкнулася мірным шляхам ахрысціць літоўцаў – апошні язычніцкі народ у Еўропе – і праваслаўных славян перавесці ў каталіцтва.

Ягайла імкнуўся ўмацаваць сваё становішча. Знаходжанне Вітаўта ў Ордэне дазваляла апошняму весці наступ на землі ВКЛ на законных падставах. Вітаўт у 1384 г. вымушаны быў падпісаць з крыжакамі вельмі нявыгаднае пагадненне, якім перадаў у залежнасць Ордэну ўсе свае вотчыны, якія трэба было яшчэ вярнуць. У выпадку смерці Вітаўта, крыжакі атрымлівалі апеку над яго малалетнімі сынамі, а калі памруць і яны – магістр меў права выдаць адзіную дачку Вітаўта замуж, застаючыся вярхоўным распараджальнікам яе спадчыны. У хуткім часе сыны Вітаўта памерлі (былі атручаны). Вітаўт даведаўся, што напярэдадні барацьбы за польскую карону Ягайла хоча з ім замірыцца. Князь зрабіў цяжкі выбар паміж забойцам бацькі і забойцамі дзяцей на карысць Ягайлы. Папаліўшы памежныя крыжацкія замкі, Вітаўт вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў частку бацькоўскіх земляў з Гродна, Ваўкавыскам і Камянцом.

Умовы дзяржаўна-прававога аб’яднання Літвы і Польшчы былі выпрацаваны ў Крэве (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай – Крэўская ўнія. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых, вызваліць палонных палякаў, “ назаўсёды далучыць свае Літоўскія і Рускія землі да Каралеўства Польскага ”.

У 1386г. пачалося ажыццяўленне ўмоў уніі. Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся з Ядзвігай і стаў польскім каралём пад імем Уладзіслаў ІІ. Яго намеснікам у ВКЛ стаў Скіргайла. Такім чынам, паміж ВКЛ і Польшчай была заключана персанальная (дынастычная) унія, у выніку якой утварыўся трывалы саюз дзяржаў. Гэты саюз у будучым дазволіў атрымаць перамогу над Тэўтонскім ордэнам. У выніку уніі пачалося паступовае збліжэнне дзяржаўных інстытутаў. Узмацніўся культурны ўплыў Захаду праз Польшчу. ВКЛ станавілася часткай заходнееўрапейскай цывілізаці.

У 1387 г. Ягайла пачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Былі выдадзены прывілеі (граматы), якімі феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы (права перадаваць свае ўладанні ў спадчыну) і стваралася каталіцкае Віленскае біскупства. У выніку правядзення падобнай палітыкі ў ВКЛ узнікла “ рускае пытанне ” – незадаволенасць праваслаўных феадалаў нераўнапраўным становішчам з феадаламі-католікамі. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй Андрэй пачаў баявыя дзеянні. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да зімы 1388/89 г., калі Скіргайла падманам захапіў яго ў палон. У канцы 1380-х гг. супраць Скіргайлы выступіў Вітаўт. Ён стаў выразнікам інтарэсаў як той часткі літоўскага баярства, якая не жадала развітвацца з паганствам, так і той, што выступала супраць узмацнення польскага ўплыву ў Княстве. Вітаўт паспрабаваў захапіць Вільню, аднак, пацярпеўшы няўдачу, другі раз вымушаны быў збегчы да крыжакоў.

З крыжацкім войскам Вітаўт рабіў напады на землі ВКЛ. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам. Падтрымку Вітаўт чакаў і з боку Маскоўскага княства. У 1391 г. адбыўся шлюб яго дачкі Соф’і з маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам. Аднак рэальна Вітаўта падтрымаў толькі Ордэн. У 1392 г. Вітаўт нанёс Скіргайлу рашаючае паражэнне. Ягайла, каб прадухіліць разрыў ВКЛ з Польшчай прызнаў перамогу Вітаўта. У 1392 г. паміж Ягайлам і Вітаўтам было падпісана Востраўскае пагадненне, згодна якому Вітаўт быў абвешчаны князем ВКЛ (1392 – 1430 гг.), але на правах васала Ягайлы. Перамога Вітаўта паспрыяла замацаванню самастойнасці ВКЛ у цесным саюзе з Польшчай.

Важнейшым мерапрыемствам Вітаўта на першым этапе яго праўлення была адміністрацыйная рэформа 1393-1395 гг. Каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ, Вітаўт вырашыў ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Там, дзе Вітаўту былыя ўдзельныя князі супраціўленне не аказвалі, мясцовыя валадары надзяляліся іншымі княствамі. Хто ж супраціўленне аказваў, атрымліваў турэмнае зняволенне. Намеснікамі былі давераныя асобы Вітаўта. Да прыкладу, у Кіеве ім стаў Іван Гальшанскі, а ў Віцебску, па волі Ягайлы, – Фёдар Весна.

Умацаваўшы свае пазіцыі ў дзяржаве, Вітаўт распачаў актыўную міжнародную дзейнасць. Палітычнай праграмай князя стала далучэнне да ВКЛ усіх “рускіх зямель”. Саюзнікам Вітаўта стаў беглы залатаардынскі хан Тахтамыш, які знайшоў прытулак у ВКЛ. Вітаўт абяцаў вярнуць Тахтамышу трон, а той – выдаць князю ярлык (дакумент, які даваў права на кіраванне) на Ноўгарад, Пскоў і Маскоўскае вялікае княства. Дзеля рэалізацыі сваіх планаў, Вітаўт таксама імкнуўся заручыцца падтрымкай Тэўтонскага ордэна. У 1398 г. ён заключыў на востраве Салін (на Нёмане) пагадненне з крыжакамі, паводле якога прадугледжвалася дапамога ВКЛ Ордэну ў заваяванні Пскова і ордэнская падтрымка Княству для авалодання Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. За гэта Вітаўт саступаў Ордэну частку Жамойці. На святкаванні падпісання Салінскага дагавора баярства ВКЛ абвясціла Вітаўта “ каралём Літвы і Русі ”.

Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У паходзе Вітаўта і Тахтамыша супраць Арды ўдзельнічалі атрады з Польшчы і Тэўтонскага ордэна. Рашаючая бітва з залатаардынскім войскам адбылася 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле (левы прыток Дняпра, сучасная Украіна). Войска Вітаўта было амаль цалкам знішчана, тысячы воінаў загінулі (у тым ліку героі Кулікоўскай бітвы Андрэй і Дзімітрый Альгердавічы) ці трапілі ў палон (“попусти бог татаром”). Сам князь Вітаўт ледзве выратаваўся ўцекамі. Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска-Радамскую унію ВКЛ з Польшчай 1401 г., падпісаную на ўмовах Ягайлы. У адпаведнасці з гэтай уніяй саюзніцкія адносіны паміж Польшчай і ВКЛ пацвярджаліся. Вітаўт атрымаў пажыццёвы тытул вялікага князя літоўскага і поўную свабоду ў вырашэнні унутраных спраў. Пасля яго смерці ўлада над ВКЛ павінна была перайсці да Ягайлы і яго нашчадкаў. Польскі бок абяцаў, што ў выпадку смерці Ягайлы баяры ВКЛ будуць удзельнічаць у выбарах караля.

Нягледзячы на паражэнне на Ворскле Вітаўт працягнуў палітыку, накіраваную на падпарадкаванне ВКЛ рускіх княстваў. У 1403 г. было захоплена Вяземскае княства, а ў 1404 г. – далучаны Смаленск. З маскоўскім князем Васілём І Вітаўт заключыў пагадненне. Межы паміж дзяржавамі былі вызначаны па рацэ Угры – прытоку Акі. Пасля смерці Васіля І, у 1427 г. часова ў васальную залежнасць да ВКЛ трапіла Маскоўскае княства, дзе рэгентшай пры новым князі Васілі ІІ была Соф’я Вітаўтаўна. Выкарыстаўшы гэта, Вітаўт заключыў выгадныя дагаворы з Псковам і Ноўгарадам, падпарадкаваў Цвярское і Разанскае княствы. Акрамя таго, Вітаўт актыўна ўмешваўся ў справы Залатой Арды і Крыма. Скарыстаўшы усобіцы паміж ардынскімі ханамі, Вітаўт уключыў у склад ВКЛ землі Паўднёвага Падолля і выйшаў да Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэта называецца “ братаннем Вітаўта з Чорным морам ”. Дзякуючы ўсяму гэтамі ВКЛ дасягнула свайго найбольшага тэрытарыяльнага пашырэння (каля 687 тысяч км² без уліку прычарнаморскіх стэпаў), стала адной з самых вялікіх еўрапейскіх дзяржаў, што працягнулася ад мора да мора.

У пачатку XV ст. абвострыліся адносіны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам – з другога. У 1409 г. Жамойць паўстала супраць крыжакоў. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне. У выніку Жамойць уз’ядналася з ВКЛ. Ваенны канфлікт выліўся ў “ Вялікую вайну1409 – 1411 гг. Вітаўт і Ягайла вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб нанесці рашаючае паражэнне крыжакам. Вітаўт збіраў палкі ў Літве і ў рускіх землях. Таксама ў войска Вітаўта ўваходзілі татары хана Джэлал-ад-Дзіна (сына Тахтамыша) і атрад наёмнікаў-чэхаў пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Ягайла арганізоўваў атрады палякаў. У выніку Вітаўт назбіраў 40 харугваў, Ягайла – 50. Крыжацкае войска, у якое ўваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Чэхіі і іншых краін складалася з 51 харугвы і мела гарматы. Кіраваў крыжацкім войскам вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. У выніку ў рашаючай бітве з абодвух бакоў прымала ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

У ліпені 1410 г. войскі саюзнікаў злучыліся і рушылі на сталіцу Ордэна Мальбарк (Марыенбург). Варожыя войскісустрэліся 15 ліпеня 1410 г. на тэрыторыі Ордэна каля вёсак Грунвальд, Таненберг, Людвігсдорф (сучасная Польшча). Літоўскія і польскія войскі занялі ўчастак, які зарос лесам і хмызняком. Супраць правага фланга крыжакоў стаялі польскія палкі, супраць левага – літоўскія. Камандуючым саюзнымі войскамі быў Ягайла. Непасрэдна войскамі ВКЛ кіраваў князь Вітаўт. Бітва пачалася ў другой палове дня з атакі конніцы ВКЛ і татараў, якія панеслі значныя страты ад гармат і ўдару войска крыжакоў. Татары, а усед за імі і літоўскія харугвы пачалі прытворныя ўцёкі. Была выкарыстана выпрабаваная тактыка, якая заключалася ў тым, каб прымусіць рыцараў пачаць праследаванне і тым самым расстроіць іх рады і ўдарыць зноў. Гэта ўдалося. Рыцары падумалі, што яны ўжо блізкія да перамогі. Але Вітаўт у ходзе імітаванага “адступлення” перагрупаваў войскі і ўдарыў па рассеяных па полю крыжаках. Поспех быў на баку Вітаўта. Гэта натхніла і польскія войскі, якія вялі цяжкі бой з правым флангам рыцараў. Мужна змагаліся ў цэнтры тры смаленскія палкі пад кіраўніцтвам Сямёна Лінгвена. Ян Длугаш адзначаў: “ Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і людзі біліся, і коні давілі людзей ”. Бітва завяршылася поўным разгромам крыжакоў. Перамога пад Грунвальдам была адной з важнейшых падзей гісторыі ВКЛ, Польшчы і тых славянскіх народаў, якім пагражала нямецкая агрэсія. Па Торуньскаму мірнаму дагавору 1411 г. Ордэн адмовіўся ад прэтэнзій на Жамойць і павінен быў выкупіць усе занятыя саюзнікамі замкі.

Па выніках вайны ў 1413 г. паміж Вітаўтам і Ягайлам была заключана новая Гарадзельская унія. У адпаведнасці з гэтым дакументам ВКЛ ужо разглядалася не як васал Польшчы, а як раўнапраўны палітычны партнёр. Тым самым вялікі князь Вітаўт здолеў дабіцца поўнай самастойнасці княства. Але партнёрства ВКЛ і Польшчы павінна было працягвацца і пасля смерці Вітаўта і Ягайлы. Палякі абавязваліся не выбіраць новага караля без згоды ВКЛ, і наадварот, на абранне вялікага князя патрабавалася згода Польшчы. На польскі ўзор ў ВКЛ ствараліся два ваяводствы – Віленскае і Трокскае. Прадугледжваліся агульныя з’езды паноў і шляхты.

У сярэдзіне 1420-х гг. адносіны паміж Ягайлам і Вітаўтам сапсаваліся. На гэта паўплывала нараджэнне ў сямідзесяцігадовага польскага караля двух сыноў ад маладой жонкі Соф’і Гальшанскай, што пазбаўляла Вітаўта ўсялякіх шанцаў атрымаць польскую карону пасля смерці Ягайлы. Каб набыць роўны статус з Ягайлам, Вітаўт задумаў пераўтварыць ВКЛ па ўзору Польшчы ў каралеўства. Задума каранацыі Вітаўта выклікала шырокі міжнародны рэзананс, аднак яна не здзейснілася – палякі арганізавалі блакаду межаў ВКЛ і затрымалі пасольства ад Папы Рымскага з каронай. Каранацыя была перанесена, але князь памёр так яе і не дачакаўшыся. Нягледзячы на гэта, час праўлення Вітаўта (1392 – 1430 гг.) прынята лічыць залатым векам гісторыі ВКЛ,калі княства дасягнула найвялікшай магутнасці.





Дата публикования: 2014-10-25; Прочитано: 1704 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...